Медсястра Вера ТУРОНАК - у белым халаце 30 гадоў
gazeta 17-05-2022, 13:50 384 Грамадства

Сваё месца ў медыцыне Вера Туронак знайшла ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі раённай цэнтральнай бальніцы. У Міёры ўраджэнка Шаркаўшчынскага раёна прыехала па размеркаванні ў 1991 годзе. Старэйшыя калегі падтрымлівалі маладую медсястру, дзяліліся вопытам і парадамі.
– З калектывам мне пашанцавала. І тады, і цяпер пануе атмасфера сяброўства і падтрымкі. Многаму вучыліся ад урачоў. Вельмі ўдзячна загадчыку аддзялення Георгію Іванавічу Раманенку, які заўсёды быў прыкладам высокага прафесіяналізму. Нядаўна пайшоў на адпачынак, шкада з ім развітвацца, – гаворыць суразмоўніца. – Тут маё асноўнае месца працы. Непрацяглы перыяд працавала ў санаторыі «Расінка», затым у стаматалагічным кабінеце паліклінікі і зноў вярнулася ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Адказнасць тут вышэй. Маем справу з наркатычнымі і псіхатропнымі прэпаратамі. Трэба дасканала весці іх улік, ведаць, як правільна ўводзіць. Ратуючы чалавека, нярэдка час ідзе на хвіліны, а то і секунды. Трэба пастаянна быць гатовым да розных сітуацый.
Раніца медсястры-анестэзіста пачынаецца з інфармацыі пра справы ў аддзяленні. Як прайшла ноч? Ці паступілі новыя хворыя? Затым трэба праверыць спраўнасць апаратуры, наяўнасць неабходных інструментаў і медыкаментаў. Галоўнае правіла – усё павінна ляжаць на сваіх месцах. Яго пастаянна прытрымліваюцца супрацоўнікі аддзялення.
На працягу дня Вера Іосіфаўна дапамагае медсёстрам на пасту, сочыць за станам хворых. Бываюць дзяжурствы, якія праходзяць спакойна і размерана, падчас некаторых не адпускае эмацыянальнае напружанне.
– Калі паступаюць цяжкія хворыя, асабліва дзеці ці маладыя людзі, не перажы- ваць немагчыма. Аднак глыбока ў душу гэта пускаць нельга, бо не зможаш працаваць. Патрэбна псіхалагічная загартоўка, – заўважае медсястра.
Пасля няпростага рабочага дня яна яшчэ пэўны час пракручвае ў думках свае дзеянні, аналізуе, наколькі аператыўна і граматна ўсё зрабіла. Пасля дзяжурства без здарэнняў на хвалю адпачынку пераключыцца куды прасцей. Вольны час цёплай парой праходзіць на прысядзібным участку і кветкавых клумбах, халадамі – за кнігамі. Цікавіцца мастацкай літаратурай розных часоў і жанраў, найбольш захапляецца творчасцю Аляксандра Пушкіна. Займалася алмазнай мазаікай, цяпер спрабуе шыць.
У Алега і Веры Туронкаў дом на беразе возера. Свайго роду ўласны міні-курорт. Чакаюць у госці дачку Жанну. Яна працуе бібліятэкарам у Полацку. Час, праведзены дома з сям’ёй, дорыць энергію на новы дзень.
Яркія ўражанні застаюцца пасля паездак, якія ладзяць па прафсаюзнай лініі. Нядаўна разам з калегамі пабывала ў Мінску на балеце. Глядзела пастаноўку ўпершыню, вельмі спадабалася. Як і экскурсія па сталіцы. Наведваліся міёрскія медыкі ў музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», увачавідкі бачылі Лідскі замак. Плануецца экскурсія ў Брэст.
Па сваім звыклым маршруце з вуліцы Азёрнай да бальніцы Вера Іосіфаўна таксама едзе на гарадскім аўтобусе ці на сваім веласіпедзе з добрым настроем.
– Некаторыя мае калегі з часам змянялі прафесію, шукалі сябе ў іншых сферах. Напэўна, гэта правільна. Калі праца не падабаецца ці не падыходзіць, навошта займацца ёй праз сілу. Мне ў гэтым плане пашчасціла: адчуваю сябе на сваім месцы, – адзначае медсястра-анестэзіст.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.