Чаму вучаць у Міёрскай школе мастацтваў?

Чаму вучаць у школе мастацтваў? Адказ на пытанне знайшлі для сябе вучні-пачаткоўцы з СШ № 2, якіх запрасілі сюды на канцэрт. Выхаванцы ўстановы – і маленькія, і старэйшага ўзросту – паказвалі, як валодаюць тым ці іншым музычным інструментам. Аднак у школе вучаць не толькі музыцы.

– Што такое мастацтва? – пытае ў маленькіх гасцей педагог Антоній Блажэвіч.
– Гэта тое, што каштоўна!
– Мастакі карціны малююць!
– А кампазітары музыку пішуць!
Наперабой прапаноўвала дзіцячая аўдыторыя свае адказы і кожны быў правільным. Спевы, танцы, ігра на музычных інструментах, маляванне – усё гэта віды мастацтва. І кожны з іх можна адкрыць для сябе ў Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў. Выбраць найбольш прывабны і развівацца ў ім. 

Даволі шырокі выбар музычных інструментаў. Некаторыя з іх дзецям знаёмы. Падчас віктарыны гітару і балалайку пазналі адразу. А вось домру, цымбалы і ксілафон хтосьці бачыў упершыню. 
Розныя па танальнасці і насычанасці гукі запаўнялі глядзельную залу. Лёгка і нязмушана звінелі балалайкі, звонка і напеўна – цымбалы, пяшчотна і ўзвышана – фартэпіяна, тонка і меладычна – скрыпка, бадзёра і ўпэўнена – баян. Хвалявання за выступоўцамі не заўважалася, ці, можа быць, яны навучыліся з ім спраўляцца. Некаторыя нумары доўжыліся не больш за хвіліну, між тым гэты кароткі час для юных артыстаў – важны і адметны. Яшчэ адзін зорны момант, чарговы крок у напрамку да самаразвіцця. 
Асобны нумар канцэртнай праграмы – выступленне выпускніцы Наваполацкага музычнага каледжа Марыны Гайфулінай. Яна грае на флейце і ў наступным навучальным годзе плануе вучыць гэтаму дзяцей. Пасля мерапрыемства некаторыя паспяшаліся запісацца ў вучні да маладога педагога. 

Кожны нумар удзячныя гледачы суправаджалі дружнымі апладысментамі. Дарэчы, юным гасцям таксама прадаставілі магчымасць адчуць сябе артыстамі. Дырэктар установы Ігар Лавец раздаў інструменты, і дзеці заўзята акампаніравалі яму пад баян. Гэтае музычнае хуліганства выглядала міла і весела. Як і гульня з паветранымі шарыкамі, якой захапілі публіку на развітанне. На памяць пра сустрэчу дзецям раздалі буклеты з інфармацыяй пра школу мастацтваў, дзе чакаюць сустрэчы з цікавым светам гукаў, фарбаў, рухаў, які для кожнага можа стаць блізкім і знаёмым.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.