Авторизация
 

З 75-годдзем ветэрана працы Уладзіміра ЛУКАШОНКА віншавалі калегі

1
З 75-годдзем ветэрана працы Уладзіміра ЛУКАШОНКА віншавалі калегі з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, раённай ветэранскай арганізацыі. Адзначылі значны ўнёсак у развіццё Міёршчыны. Каштоўны вопыт перадае маладым спецыялістам. Падзякавалі за адданасць прафесіі і ўручылі Ганаровую грамату райсельгасхарчу і падарункі. Юбіляр у сваю чаргу пажадаў былым калегам поспехаў на ніве раслінаводства, каб заўсёды былі з хлебам.

За тыдзень да юбілею знайшоў Уладзіміра Васільевіча на дачы ў садоўніцкім таварыстве «Вяснянка». Ладны будыначак, калісь узведзены ўласнымі рукамі на беразе Асінаўскага возера, зімой зрэдку выкарыстоўваўся ў якасці базы для падлёднай рыбалкі і цяпер патрабаваў гаспадарскай увагі. Як і сад, з часам загусцелы. Вось і распачыналася добраўпарадкаванне, а не падрыхтоўка да пасяўных работ, як чакалася ад былога агранома.

ары лех цыбулі і агуркоў, ды і тыя раздаваў летась суседзям, – патлумачыў дачнік-гаспадар.
Успомнілі яго прыгажуню-жонку і цудоўнага медыка Галіну Піліпаўну. Званне найлепшай медсястры райпаліклінікі ёй было прысвоена афіцыйна. Шэсць гадоў таму яе забрала цяжкая хвароба. Памаўчалі.
Уладзімір Лукашонак працоўную кар’еру пачынаў у 1970-м пасля службы ў арміі аграномам калгаса «Праўда» з цэнтрам у Камянполлі амаль адначасова са старшынёй гэтай гаспадаркі Мечыславам Фурсам.

– Сельгасарцель запоўнілася працавітымі і адказнымі людзьмі, – узгадвае Уладзімір Васільевіч. – Землі на ўскрайку балота былі малаўрадлівыя. Для іх не хапала ўгнаенняў: уласных арганічных і мінеральных, якія выдзялялі. Вырошчвалі вялікія плошчы лёну і спецыялізаваліся на агародніне. Участкі памідораў і агуркоў размяшчаліся ля Дварка і давалі нядрэнныя ўраджаі. Штодзень на службовым матацыкле «Мінск» кантраляваў справы на палях усіх чатырох брыгад.
Неўзабаве маладому спецыялісту прапанавалі пасаду інспектара інспекцыі па закупках і якасці сельгаспрадукцыі райсельгасхарчу. Адным з першых у раёне паступіў у Вялікалуцкі сельгасінстытут, які папаўняў Міёршчыну студэнтамі-завочнікамі. Дыплом вучонага агранома атрымаў ужо старшынёй калгаса «За мір». Кіраўніком яго абраў агульны сход хлебаробаў 26 ліпеня 1976 года па рэкамендацыі райкама партыі. 

– Побач з райцэнтрам, да Дворнага Сяла нейкіх шэсць кіламетраў, але на службовым «каблучку» ў веснавое разводдзе і восеньскай слотай толькі да цэнтральнай сядзібы можна было даехаць (ужо разам з сям’ёй жыў у Міёрах). Шмат намаганняў і сродкаў запатрабавала аднаўленне дарог да Беларускай і Пестунаў, Вазаўнікоў і Сцефанова, Цілеўцаў. Сваёй тэхнікі не хапала, запрашаў на выхадныя скрэперы з аэрадрома, толькі іх трэба было дагрузіць, падсунуць бульдозерам.
Заняўся ўзвядзеннем майстэрні, а ля яе – павецяў для сельгасмашын і іншай тэхнікі. З’явіўся адзін з першых у раёне ворахаток. Пабудавалі кантору, клуб, жывёлагадоўчыя памяшканні, набывалі новую тэхніку.

Пасля давялося апраўдвацца на бюро РК КПБ за зніжэнне надояў, але свой старшынёўскі пачатак Уладзімір Васільевіч лічыць удалым. Асабліва парадаваў ураджай першага – 1976-га – атрымалі па 23,9 ц/га збожжавых, па 472 – караняплодаў, па 4,9 – ільновалакна. Нават пры крыху павышаным сабекошце прадукцыі раслінаводства забяспечыла прыбытак, развівалася мясная жывёлагадоўля, хаця малочная галіна пачала напружваць і калгас, і раён.

Эфектыўна гаспадарыць на зямлі Уладзімір Васільевіч вучыўся ў паспяховага суседа Іосіфа Майдзіна, ездзіў за вопытам у Слабаду да Пятра Кандрашова, звяртаўся да Івана Анісімава, Зінаіды Сініцынай, Алены Скрабатун – тагачасных калгасных аўтарытэтаў. Не ўсё з іх практыкі давялося рэалізаваць, бо пачаўся перыяд неспрыяльнага надвор’я: то засушвала, то залівала, камбайны цягалі гусенічнымі трактарамі ці перастаўлялі на гусеніцы. Тое пяцігоддзе тагачасныя кіраўнікі раёна У. І. Каліна і А. Ц. Украінец называлі суровым экзаменам для хлебаробаў. 

Старшыня ж на пачатку лістапада адзначаў зробленае па падрыхтоўцы да зімоўкі статка. Жывёлагадоўчыя памяшканні адрамантаваны. Запарваннем і абагачэннем саломы на МТФ «Вазаўнікі» і «Дворнае Сяло» займаюцца Канстанцін Арол і Іосіф Шокель. Абсталяваны пункты нарыхтоўкі галінкавага корму і хваёвай мукі. Прыклад у спаборніцтве паказваюць даяркі Клаў- дзія Даргель у Вазаўніках і Фаіна Пальчэх у Дворным Сяле, цялятніцы Яніна Пальчэх і Аўдоцця Захарава (у іх групах сярэднясутачныя прывагі амаль па 900 грамаў!).

Паўгадавы план продажу малака перавыкананы. Сярод гаспадарак чацвёртай групы ферма «Дворнае Сяло» прызнана найлепшай, у ліку перадавікоў цялятніца Яніна Пальчэх з сярэднясутачнай прывагай у 816 грамаў. Трактарыст Дзмітрый Тычко ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Неўзабаве «За мір» прымае раённую семінар-нараду льнаводаў. Наведалі палі, дзе чатыры камбайны церабілі даўгунец гатункаў «К-6» і «Аршанскі-2». Асноўная ўвага – падрыхтоўцы льнасемя з выкарыстаннем ворахасушыльнага пункта. «За мір» – насенняводчая гаспадарка. Але ж былі не толькі поспехі. 
Шмат сіл патрабавалі і дэпутацкія клопаты ў сельсавеце, арганізацыя закупу малака ў насельніцтва, правядзенне заняткаў у сістэме камсамольскай палітасветы. Рабочы дзень пачынаўся з візіту на фермы, каб на нарадзе ў сем раніцы прыняць меры па выпраўленні недахопаў. З дому ад’язджаў, калі сын і дачка яшчэ спалі, вяртаўся – ужо спалі. 
Больш спакойным стаў рытм, калі працаваў аграномам па насенняводстве райсельгасхарчу, але вярнулася канкрэтыка на пасадзе намесніка начальніка Міёрскай ПМС-23 меліярацыі. Зноў клопаты пра ўраджай у ролі намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве.

– У 1991 – 2000 гадах актуальным было ўмацаванне кармавой базы гаспадарак праз вырошчванне караняплодаў, – апавядае Уладзімір Васільевіч, – таму ўкараняў сеялкі дакладнага высеву. Добры ўраджай зялёнай масы кукурузы для сіласу немагчыма атрымаць без эфектыўнага выкарыстання гербіцыдаў. Пастаянны клопат – новыя высокаўра- джайныя гатункі збожжавых. Ва ўсіх гаспадарках аграномы стварылі асабістыя доследныя ўчасткі. Набываўся вопыт выкарыстання комплексных угнаенняў. Вазіў дэлегацыю ў расійскі Таржок, дзе ў інстытуце льнаводства знаёміліся з тэхналогіяй рулоннай уборкі даўгунцу. А потым спецыялісты райсельгастэхнікі пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера райсельгасхарчу Анатоля Мятлы пераабсталёўвалі для гэтага прэспадборшчыкі для сена. Раннюю падкормку азімых азотнымі ўгнаеннямі арганізоўваў з дапамогай верталёта.

Здавалася, настала спакойнае жыццё на пасадзе дырэктара вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарчу. Але рыхтавалі кадры для раёна ў класе райаб’яднання «Сельгастэхніка». Па ініцыятыве Уладзіміра Васільевіча для навучання арэндавалі двухпавярховы будынак «Сельгасхіміі». Уласнымі сіламі з выкладчыкамі ўзвялі гараж для аўтобуса і трактара, кацельню, зварылі сістэму вадзянога ацяплення, замянілі падлогу, адрамантавалі і абсталявалі класы.
***
Дзясяты год Уладзімір Лукашонак на заслужаным адпачынку. 
«Цяпер ён актывіст ветэранскай арганізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, – сведчыць яе кіраўнік Пётр Пятроў. – Не праходзяць без яго нашы мерапрыемствы. Заўсёды дасць параду па вырошчванні агародніны ці садавіны. Ведае грыбныя і рыбалоўныя мясціны ў наваколлі.
Уладзімір Васільевіч нарадзіўся за чатыры кіламетры ад Кургана Дружбы – у вёсцы Гаўрыліна, што была ў складзе саўгаса «Асвейскі» Верхнядзвінскага раёна. У 1961 годзе яшчэ падлеткам разам з дарослымі прасякаў алею на беларускім баку мемарыялу, садзіў першы дуб на кургане.

Бацькі вырашылі назваць сына Пятром. Калі немаўляці везлі рэгістраваць у сельсавет, дзевяцігадовая сястра два кіламетры бегла следам, каб пераканаць – імя павінна быць Уладзімір.
Уладзімірам звалі першынца ў сям’і. У 1943-ім, калі на Асвейшчыне прахо- дзіла жорсткая карная экспедыцыя, яму споўнілася 10 гадоў. Яго бацька на пачатку вайны быў мабілізаваны на фронт і прапаў без вестак. Хату ў Асвеі знішчыла першая бомба. Сям’я ратавалася пад каранямі паваленага бурай дрэва. Схованка аказалася ненадзейнай. Валодзя сядзеў на каленях у маці тварам да яе, калі ў спіну трапіла смяротная куля. Пры набліжэнні карнікаў наўцёкі кінулася 17-гадовая пляменніца. Куля прабіла ёй лёгкае, сіл хапіла толькі дапаўзці пад бліжэйшую елку. Да астатніх падышоў, мяркуючы па гаворцы, афіцэр-бандэравец. Стрэліў з пісталета ў дзядулю, затым у бабулю, двойчы – у маці. У бок хлопчыка і дзяўчынкі, што ляжалі ў саначках загарнутымі ў лахманы, кінуў: «Гэтыя здохнуць самі!» Так і здарылася б, бо быў марозны люты, ды маці ачуняла і амаль непрытомная пайшла прэч, пакуль яе не спынілі знаёмыя партызаны: «Дзе дзеці?»

Пасля вайны ў другі раз выйшла замуж і потым адна ставіла на ногі ўжо чацвярых дзяцей даяркай у саўгасе. Таму Уладзімір з дзяцінства вучыўся араць і касіць. Паля Ігналінскай сямігодкі паступіў у Себежскі сельгастэхнікум, адтуль за 35 кіламетраў прыязджаў на веласіпедзе дадому за кавалкам сала, а грошы зарабляў, разгружаючы вагоны на чыгуначнай станцыі, у час практыкі на трактары і камбайне.

Размеркаванне атрымаў на Пскоўшчыну, ды настаў час служыць. Пасля арміі ў пачатку 1970-га прыехаў да брата ў Міёры. Аказалася, назаўсёды.
Якімі прынцыпамі кіраваўся ў жыцці.
– Імкнуўся быць справядлівым, сумленным і не зайздросціць. Што зарабіў, тое і маю. Працаваў там, куды накіроўвалі.

Леанід МАТЭЛЕНАК
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 мая 2022
Адриан, Арсений, Иван

Именины 20 мая 2022
Антон, Давид, Иван, Иосиф, Михаил, Степан, Фаддей, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта