Чыстае паветра і цішыня, садавіна і гародніна з уласнага падворка, свой дом, дзе сам сабе гаспадар. Гэтыя плюсы сельскага жыцця ацаніла сям’я Аляксандра і Анастасіі БУРШТЭЙН з Язна. Калісьці думалі адпрацаваць тэрмін размеркавання і паехаць у горад, цяпер планы на будучае звязаны з вёскай. І на сяле цывілізацыяСям’і Бурштэйн ідзе адзінаццаты год. Пазнаёміліся Аляксандр і Анастасія ў Полацкім педагагічным каледжы. Насцю прывяло туды жаданне быць настаўніцай і любоў да музыкі, што жылі ў душы з дзяцінства. А яшчэ мара стварыць уласны рок-гурт. З гуртом не атрымалася, затое сустрэла каханне. Тое, што здараецца аднойчы і назаўжды.
– Саша ў Полацку вырас і зусім не меў уяўлення, як людзі на сяле жывуць. Вёску ўяўляў пасяленнем з нізкімі домікамі, у якіх земляная падлога і лампадкі замест электрычнасці, – смяецца Насця, расказваючы пра думкі мужа, з якімі ўпершыню ехаў да яе ў госці. – Вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што і ў вёсцы ёсць цывілізацыя.
Пасля каледжа Анастасія прыехала працаваць у роднае Язна. Вучыла іграць на баяне выхаванцаў мясцовага філіяла дзіцячай школы мастацтваў. Аляксандра размеркавалі ў лагер «Зубраня». Адлегласць і адсутнасць магчымасці часта бачыцца не задавальнялі маладых людзей. У 2011 годзе яны ўзялі шлюб і Аляксандра, хоць і не без складанасцей, адпусцілі да жонкі.
Выбралі ЯзнаЖыць маладая сям’я стала асобна ў доме, які застаўся ад Насцінай прабабулі. Хоць пасля адпрацоўкі думалі ў горад пераязджаць, жыллё паціху абуладкоўвалі.
– Мужу няпроста было да вёскі прызвычаіцца. Вечарам не хапала святла, якім заліты гарадскія вуліцы. Здзіўляла цішыня. Нават заснуць не мог, настолькі прывык да фонавага шуму і чыгункі, побач з якой жыў у горадзе, – расказвае Насця. – Затое вельмі падабаліся мясцовая прырода і чыстае паветра. Ацаніў зручнасці сельскага дома перад гарадской кватэрай: ні над табой, ні з бакоў няма суседзяў, у двары – прастор, і ты сам сабе гаспадар.
З задавальненнем ішлі Аляксандр і Анастасія на працу ў філіял школы мастацтваў. Абодвум была па душы работа з дзецьмі. Насця да гэтага часу падтрымлівае адносіны са сваімі першымі выпускніцамі. Сям’ёй удзельнічалі ў мясцовых канцэртах, раённым аглядзе-конкурсе мастацкай творчасці. Усё больш прывабным здавалася жыццё на сяле, і на другі план адыходзілі думкі пра горад.
У 2015-м нарадзілася дачушка Агнія. Праз два з паловай гады з’явілася Ева. Маладыя бацькі вырашылі, што дзецям лепш дыхаць чыстым паветрам і свабодна забаўляцца на прасторным падворку. Агульнае рашэнне: заставацца ў вёсцы.
Акцэнты на плюсахАляксандр з часам змяніў работу – уладкаваўся на металапракатны завод у Міёры. Да райцэнтра дабіраецца на ўласным аўтамабілі. Анастасія з водпуску па доглядзе дзіцяці вярнулася да заняткаў з юнымі музыкамі. Яшчэ вядзе гурток выяўленчага мастацтва ў мясцовым СДК. Вышэйшую адукацыю атрымала завочна на мастацка-графічным факультэце ВДУ імя П. М. Машэрава. Па-ранейшаму актыўнічае ў культурным жыцці роднай вёскі, прымае ўдзел у раённых мерапрыемствах. Прыгожы моцны голас спявачкі ўражвае гледачоў.
Любяць спяваць дачушкі. Агнія ўжо першакласніца, Ева наведвае дзіцячы садок. Дома часта ладзяць канцэрты для бацькоў.
– Напэўна, калі б у вёсцы я жыла адна, то было б сумна. З сям’ёй ўсё па-іншаму. Кожны дзень цікавы і насычаны, – гаворыць Насця. – І дачушкам тут падабаецца. І ў адной, і ў другой ёсць сябры. Што да забаў, іх у двары хапае. За новымі ўражаннямі можна з’ездзіць у той жа Полацк: у кіно схадзіць, у кафэ пасядзець. Летам у Браслаў на возера адпачываць едзем.
Аўтамабіль маладой сям’і ў вёсцы неабходны, упэўнена Анастасія, без яго складана абысціся. Акрамя адпачынку, два разы на месяц едуць у горад прадукты закупіць. Так зручней: выбар больш, зніжкі, акцыі. Між тым і ў вясковым магазіне неабходныя тавары знойдуцца. І праз інтэрнэт можна заказаць.
– Плюсаў у вёсцы для нас больш, чым мінусаў, – заўважае суразмоўніца. – Чыстае паветра, свае агародніна і садавіна. Жывём па-суседству з маімі маці і бабуляй, разам садзім і даглядаем агарод. Пастаянна добраўпарадкоўваем наш дом. Гэта доўга і дорага, але таго варта. Ёсць школа, і ўзровень ведаў, які атрымліваюць вучні, не горшы, чым у гарадскіх. Да прыкладу, я ў сваёй групе была другой па паспяховасці і атрымала дыплом з адзнакай. Яшчэ ў вёсцы асаблівая атмасфера, тут усе адзін аднаго ведаюць, таму ў зносінах – нязмушанасць і простасць. Кагосьці гэта раздражняе, а мне вельмі імпануе.
Зразумела, без цяжкасцяў не абыходзіцца нідзе. Ні ў шумным горадзе, ні ў ціхай вёсцы. Дзе жыць – уласны выбар кожнага. Сям’я Бурштэйн аддае перавагу сельскай мясцовасці, дзе адчуваюць сябе ўтульна і хораша. Адным словам, дома.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА
і з асабістага альбома сям’і БУРШТЭЙН.