Папярэдзіць, каб засцерагчы

Наркотыкі – гэта страшна. Лепш не мець да іх ніякага дачынення. Такі вывад зрабілі дзевяцікласнікі СШ № 2 пасля сустрэчы ў ТЦСАН 1 сакавіка – у Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў. З дзецьмі правялі час папярэджання «Наркотыкі: рэальнасць ці свет ілюзій».

Згодна са статыстыкай, 275 мільёнаў чалавек у свеце ўжываюць наркотыкі. Бясшкодных доз не існуе, і з першага разу можа ўзнікнуць залежнасць, пазбавіцца ад якой без дапамогі спецыялістаў немагчыма. У стане ломкі нарказалежны гатовы нават на злачынства, каб толькі задаволіць нездаровую патрэбу. Наркотыкі атручваюць арганізм, а працягласць жыцця наркамана – не больш за дзесяць гадоў. Такія факты прывяла псіхолаг ТЦСАН Зінаіда Равецкая. Разам з аўдыторыяй паразважалі наконт прычын, па якіх падлеткі спрабуюць наркотыкі. Сярод іх цікаўнасць, імкненне не быць белай варонай у кампаніі, жаданне зняць стрэс ці бар’ер у зносінах. Расплата за непрацяглыя імгненні эйфарыі – парушаная псіхіка, букет хвароб, сапсаваныя адносіны з блізкімі і сябрамі. Міфы пра тое, што наркотыкі з’яўляюцца пропускам у асаблівы свет, у стане эйфарыі раскрываюцца творчыя здольнасці, а адмовіцца можна ў любы момант, заўсёды разбіваюцца аб суровую рэальнасць, калі аказваешся на сацыяльным дне з туманнай перспектывай вяртання да звычайнага жыцця.

Наркотыкі цягнуць за сабой праблемы з законам. Прычым узнікаюць яны не толькі ў тых, хто іх ужывае. Як расказала старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Святлана Хаданёнак, з пачатку года ў краіне затрымалі 125 падлеткаў, якія распаўсюджвалі і захоўвалі наркотыкі. Рабіць закладкі – хуткі і немалы заробак для моладзі. Як правіла, 30 долараў за адну паслугу. Аднак аматары лёгкіх грошай разлічваюцца гадамі свайго жыцця. Інспектар ІСН заўважыла, што з гэтага года знізілі з 16 да 14 гадоў узрост крымінальнай адказнасці за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркатычных рэчываў, і ўзмацнілі меры пакарання за іх. Цяпер максімальны тэрмін пазбаўлення волі – 25 гадоў. Да прыкладу, самае строгае пакаранне  за забойства – 12 гадоў. Наркотыкі яшчэ большае зло. Яны забіваюць не аднаго, а мільёны чалавек. На пяць гадоў могуць пазбавіць волі за прадастаўленне памяшкання для захавання наркотыкаў, нават калі сам гаспадар іх не ўжывае і не распаўсюджвае. 

Для нашага раёна праблема наркаманіі актуальная ў меншай ступені, чым для буйных гарадоў. Між тым, як заўважыла Святлана Хаданёнак, у мінулым годзе ўзбуджана адна крымінальная справа па факце захавання наркотыкаў. У стане наркатычнага ап’янення затрымалі вадзіцеля адной з арганізацый. Як вынік – штраф і пазбаўленне права садзіцца за руль на пяць гадоў.
Раіла інспектар быць асцярожнымі з таблеткамі. Вядомы выпадкі, калі падлеткі такім чынам імкнуліся спазнаваць новыя адчуванні. Папярэдзіла пра адміністрацыйную адказнасць за курэнне ў грамадскім месцы – штраф у чатыры базавыя велічыні. Папулярныя ў падлеткавым асяродку электронныя цыгарэты не выключэнне. 

Прыклады з жыцця, калі ўжыванне наркотыкаў мела негатыўныя і трагічныя наступствы, прывяла старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Ліскова. На свае вочы бачыла, як студэнт-першакурснік ляжаў на абочыне дарогі і нібы плыў у пыле. З вну хлопца выключылі. Яшчэ адзін 
студэнт паспрабаваў наркотык і «выйшаў» у акно. Займаць свой вольны час цікавымі справамі раіла дзевяцікласнікам першы сакратар райкама БРСМ Анжэла Маляўка. 

На развітанне ўдзельнікі сустрэчы атрымалі сувеніры ад райкама БРСМ і раённай арганізацыі «Белая Русь», якія таксама стануць напамінам пра тое, што жыццё – самая галоўная каштоўнасць і не варта ламаць яго імкненнем да лёгкіх грошай ці неверагодных адчуванняў. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.