Любiць = ствараць

«Калі ты перастанеш глядзець на свет шырока расплюшчанымі вачыма 12-гадовага дзіцяці?» – штораз жартам заўважае Галіне ПАЎЛОЎСКАЙ малодшы брат. Для яе гэта пытанне рытарычнае. Цікаўнасць, жыццярадаснасць, уменне адчуваць свет душой і імкненне спазнаваць яго бясконцыя таямніцы – нязменныя рысы характару. У іх тоіцца сакрэт маладосці, бадзёрасці, энергічнасці. Нядаўна споўнілася 65, а ў душы па-ранейшаму вясна – час абнаўлення, развіцця, творчасці.

Гаспадыня «Мацейкавай сялібы»

На Міёршчыне і далёка за яе межамі Галіну Паўлоўскую ведаюць як гаспадыню аграэкасядзібы «Мацейкава сяліба» ў Пераброддзі. З 2010 года тут пабывала шмат адпачывальнікаў з Беларусі, Расіі, Швецыі, Германіі, Польшчы, Францыі,  Амерыкі, Вялікабрытаніі. На працягу пяці гадоў праходзіў летнік рамёстваў «Жывое цяпло» па валянні з авечай воўны, куды збіраліся майстры з розных куточкаў Беларусі і Латвіі. У 2015-м яго змяніла сямейная школа «Вясёлка рамёстваў», заняткі ў якой да гэтага часу праходзяць у чэрвені. У мінулым годзе на базе аграсядзібы рэалізоўвалася адна з ініцыятыў праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры падтрымцы Еўрапейскага саюза – «Выкарыстанне мясцовага патэнцыялу як галоўнага рэсурсу для стварэння ўнікальнай турыстычнай прапановы».
Аграэкатурызм – захапленне, у якое Галіна Уладзіміраўна ўкладвае шмат часу, энергіі і любові. Для яе любіць – значыць, ствараць. Гэтым прынцыпам кіруецца ва ўсіх сферах свайго цікавага і напоўненага яркімі ўражаннямі жыцця. 

Энергетыка роднага Пераброддзя

– У мяне было шчаслівае дзяцінства! – з цеплынёй у голасе і святлом у вачах заўважае суразмоўніца і вяртаецца ва ўспамінах у пару цудаў і надзей: – Я застала тыя часы, калі ў нашым Пераброддзі збіраліся вяскоўцы на лаўках, што стаялі ля платоў ля кожнага двара, дзяліліся навінамі і ўспамінамі. У хатах спявалі – прыгожа і душэўна. У кожным доме гралі на адным, а то і на двух музычных інструментах. Мой тата быў вясковым музыкам-самавучкам. Цымбалы зрабіў для яго бацька – дзед Мацей, чыё імя носіць аграсядзіба. Два гады сушыў дошкі, а струны з Ленінграда прывезлі. Тыя цымбалы цяпер захоўваюцца ў музеі вясковых гісторый на аграсядзібе. Ёсць там і гузік ад майго дзіцячага паліто, пашытага з бацькоўскага шынеля, у якім ён вярнуўся з вайны. Разам з братамі з Дзедзіна Антонам і Мечыславам Пушкелямі тата граў на вяселлях, а рэпеціравалі ў нас дома. Па хаце плылі незвычайныя, казачна-цудоўныя, узнёслыя гукі скрыпкі, акардэона, цымбалаў. Затаіўшы дыханне, як заварожаная, я баялася зварухнуцца і расплюшчыць вочы,  каб раптам не знікла гэтае чараўніцтва.

Улюбёная ў музыку Галіна з пачатковых класаў спявала ў школьным хоры. І марыла… стаць барцом ці штангістам. На дзіцячыя мары паўплываў стрыечны брат Леанід – чэмпіён Прыбалтыкі па цяжкай атлетыцы. Ён часта прыязджаў у госці да сваякоў у Пераброддзе, і разам з ім у дом прыходзіла штосьці зусім не звычайнае для сельскага жыцця. Падкідваў на руках маленькую сястрычку, прывозіў ёй кніжкі пра барцоў і штангістаў, біяграфіі якіх яна пасля ведала дасканала. Пра іх – мужных, моцных духам і целам – расказвала суседскім хлапчукам. На вуліцы яна была адзінай дзяўчынкай. Гуляла з сябрамі ў футбол, лазіла па дрэвах, і ў бойках удзельні- чаць здаралася.

У старэйшых класах мары пра цяжкую атлетыку змяніла любоў да матэматыкі. 
– У нас была цудоўная школа. Кожны настаўнік – зорка. Так, нямецкую мову выкладаў Феафан Нічыпаравіч Іваноў – інвалід Вялікай Айчыннай вайны. Ведаў латынь, грэчаскую мову і вышэйшую матэматыку. Па апошняй дысцыпліне ў свае 80 гадоў дапамагаў студэнтам работы пісаць, – расказвае Галіна Уладзіміраўна. – Таленавіта і артыстычна выкладала рускую мову і літаратуру наш класны кіраўнік Любоў Леанідаўна Зайцава. Матэматык Ангеліна Сяргееўна Сяргеева клапацілася, каб мы – сельскія вучні – атрымлівалі веды не толькі ў сваёй школе. Я, напрыклад, завочна вучылася ў фізіка-матэматычнай школе пры Ленінградскім універсітэце. Была б больш смелай, паехала б туды паступаць. Але выбрала самы блізкі інстытут у Даўгаўпілсе, куды ад Пераброддзя 70 кіламетраў. 

Яркія ўспаміны з Латвіі і не толькі

Студэнтка-першакурсніца доўга плакала па доме, хацелася да таты і мамы, у родную вёску. З часам асвоілася, стала менш сумаваць і актыўней далучацца да студэнцкага жыцця. Сярод аднакурснікаў з’явіліся сябры, з якімі падтрымлівае адносіны да гэтага часу. Акрамя вучобы, у інстытуце было шмат магчымасцей для самаразвіцця. Займалася плаваннем, танцамі, гімнастыкай. Пры дзяжурстве ў тэатры гля- дзела выступленні Андрэя Міронава, Аляксандра Малініна і іншых зорак. 
Яркімі ўспамінамі засталіся практыка ў піянерскім лагеры ў Юрмале, збор яблыкаў і памідораў у студэнцкіх атрадах пад Астраханню і Грозным, гарадская школа з фізіка-матэматычным ухілам, дзе практыканткай вяла ўрокі фізікі ў старэйшых класах і рыхтавалася ночы напралёт. З першым працоўным месцам вызначылася падчас практыкі ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот. Склаліся добрыя адносіны з маладым педкалектывам, з дзецьмі, і ўжо на пятым курсе Галіна Уладзіміраўна сумяшчала вучобу і работу.
– У школе-інтэрнаце я захапілася паходамі. Ездзілі з дзецьмі ў Карпаты на лыжах катацца. З калегамі скіроўваліся ў лыжныя паходы з начлегам у палатках. З раніцы хто першы змог нацягнуць на ногі задубелыя чаравікі, той вогнішча і разводзіў, – са смехам прыгадвае суразмоўніца. – Плавалі на байдарках па мясцовых рэках. Летам скіроўваліся ў далёкія вандроўкі. Пабывалі на Байкале, у Ташкенце і Самаркандзе, на Цянь-Шані і Эльбрусе. Запомніўся начлег у ауле Брычмула. Прыйшлі туды позна, турбаваць людзей просьбамі пераначаваць не сталі. Паставілі палаткі і леглі спаць. З раніцы мясцовыя жыхары здзіўляліся, што з намі ўсё ў парадку, паколькі ноч правялі на месцы, дзе звычайна вельмі шмат змей збіраецца. Даводзілася начаваць у абрыкосавым садзе, напоўненым неверагодным водарам спелых пладоў. Праверана на практыцы: больш за пяць абрыкосаў за раз з’есці немагчыма.

Ад ідэй да ўражанняў

Дзе б ні была Галіна Паўлоўская, якія б карцінкі і падзеі ні складаліся ў скарбонку ўражанняў, у душы заўсёды насіла з сабой вобраз мілага азёрнага Пераброддзя. Прыцягненне роднай вёскі адчувала на самых далёкіх адлегласцях. 
Дадому вярнулася ў 1985 годзе і ўладкавалася ў школу настаўніцай пачатковых класаў. Пасля вяла інфарматыку і матэматыку, была класным кіраўніком. Першым часам дома было сумна, не хапала яркіх уражанняў. Вырашыла ствараць іх сама. Актыўнічала ў школьным жыцці, ладзіла паходы і экскурсіі, цікавыя мерапрыемствы для дзяцей і дарослых, сцэнарыі якіх стваралі разам. У 1995 годзе з крэатыўнай камандай калег прыняла ўдзел у раённым конкурсе «Настаўнік года» і заняла другое месца. 
Да прапановы ўзначаліць Перабродскі сельвыканкам Галіна Уладзіміраўна паставілася скептычна. Прыняць рашэнне дапамог той самы стрыечны брат – чэмпіён: «Паспрабуй! Новае – гэта ж заўсёды цікава! Не атрымаецца – вернешся ў школу».
Адзінаццаць гадоў прайшлі на пасту старшыні сельвыканкама. Гэты час для Галіны Паўлоўскай быў магчымасцю зрабіць штосьці добрае і карыснае для любімай вёскі. Таму што любіць – зна- чыць, ствараць. Разам з калегамі-адна- думцамі ў 2004 – 2005 гадах распрацоўвала Стратэгію Устойлівага Развіцця (СУР) Дзісненскага краю, у 2005 – 2006-м ужо працавала ініцыятыўная група па распрацоўцы СУР Пераброддзя і ваколіц. У рамках стратэгіі пачалі ладзіць свята народнай творчасці «Перабродская зорка».
– Такім чынам адрадзілі мясцовую традыцыю, – заўважае суразмоўніца. – Раней у Пераброддзі штогод праходзіў фэст «на дзясятку» – дзясятая нядзеля пасля Вялікадня. З усіх ваколіц збіраліся вяскоўцы спачатку на ўрачыстую царкоўную службу, а потым на плошчы побач ладзілі гандаль і розныя забавы. Сучасную версію свята дапаўняюць канцэрт, прысмакі, прыгатаваныя мясцовымі гаспадынямі, прадстаўляюць свае вырабы рамеснікі. Прыязджалі на свята ўдзельнікі з Латвіі і Расіі. Назва «Перабродская зорка» звязана з нашымі славутымі землякамі Міхаілам Шуманскім і Васілём Юневічам, што калісьці спявалі ў царкоўным хоры, на аснове якога з часам склаўся перабродскі чатырохгалосны хор. Пасля яны былі салістамі ў хоры Рыгора Шырмы, атрымалі званні заслужаных артыстаў Беларусі. Часта выконвалі раманс «Зорка Венера» на вершы Максіма Багдановіча. Пазыўныя нашага свята – мелодыя гэтага раманса.
У 2007 – 2009 гадах у Пераброддзі адрадзілі герб і сцяг месцейка. З 2006-га па 2009-ты сельвыканкам удзельнічаў у шведска-беларускім праекце па ўстойлівым развіцці сельскіх тэрыторый. У рамках яго рэалізацыі вясковая дэлегацыя з дзесяці чалавек наведала Швецыю. 

Здзіўленне, радасць, натхненне

З сельвыканкама Галіна Паўлоўская пайшла ў аграэкатурызм. Каб пазнаёміцца з ім знутры, некалькі гадоў працавала адміністратарам у гасцініцы УП ЖКГ. Разам з тым кансультавалася  са знаёмымі, якія знайшлі сябе ў турыстычнай сферы.
– Гэта асаблівы род заняткаў, – гаворыць яна. – Гаспадыня сядзібы – як клапатлівая маці. Запрашаючы да сябе гасцей, мы не проста прапаноўваем ім дах над галавой, а дапамагаем напісаць новую старонку ў гісторыі іх жыцця. Трэба шмат чаго прадугледзець, каб гэтая старонка атрымалася пазітыўнай і захапляльнай. Трэба пастаянна развівацца, каб аграэкасядзіба цікавіла і прываблівала гасцей. Таму ў 2018 годзе, дзякуючы глыбокаму разуменню сітуацыі і ўсебаковай падтрымцы майго мужа, адкрыўся куток «Мацейкавы рамёствы» з музеем вясковых гісторый і майстэрняй, дзе пастаянна дзейнічае выстава вырабаў з воўны і ёсць магчымасць штосьці стварыць сваімі рукамі.
Развіваючы «Мацейкаву сялібу», Галіна Уладзіміраўна пастаянна вучыцца, удзельнічае ў розных праектах. Так, ідэю летніка рамёстваў прывезла з навучальнай паездкі ў Літву ў красавіку 2010-га. Гаспадар адной з сядзіб расказваў, як летам у яго збіраюцца ганчары, лепяць вырабы, ладзяць выставу. 

– Я загарэлася жаданнем штосьці падобнае праводзіць у Пераброддзі, – успамінае суразмоўніца. – Валянне з воўны адпавядае нашай мясцовасці: тут гадавалі авечак, часалі воўну, пралі, мае дзед і цёця валялі валёнкі. «Мы будзем валяць!» – азарыла думка. За некалькі месяцаў напісала праект, падала заяўку на грант – і ўжо ў жніўні першы летнік рамёстваў «Жывое цяпло» адбыўся. Таму што жадаць – значыць, магчы!

Навыкі па валянні з воўны Галіна Паўлоўская працягвае ўдасканальваць 
– займаецца ў анлайн-школе. Як і ў студэнцкія гады, практыкуе лыжныя прагулкі, толькі цяпер на гарадскім стадыёне. Кожную раніцу з мужам Чаславам Іванавічам пачынаюць з зарадкі за тэнісным сталом. За дзень бывае па пяць – шэсць сэтаў.
– Я вельмі ўдзячна родным за падтрымку. Сям’я – мая самая вялікая каштоўнасць, – гаворыць шчаслівая жонка, маці, бабуля.
Прыязджаюць у родны дом дочкі Алена, Юлія і Вераніка са сваімі сем’ямі. Чакаюць сустрэчы ўнукі. Шасцікласнік Ян любіць гатаваць салаты. Першакласнік Стась вязе ў падарунак насенне гародніны. Аднойчы дзякуючы яму вырасцілі ў цяпліцы салодкі сакавіты кавун. У планах шасцігадовага Дані – інтэлектуала і акуратыста – браць у бабулі ўрокі матэматыкі. Пяцігадовая Паліна старанна мые посуд і з’яўляецца чэмпіёнам па зборы каларадскіх жукоў.

– Люблю праводзіць час з дзецьмі. Мы на адной хвалі, – заўважае суразмоўніца. – Па-ранейшаму гляджу на свет вачыма дзіцяці і гэтаму рада. Так больш заўважаеш і адчуваеш. Здзіўляюся, захапляюся, радуюся.
На юбілей ад мужа і дзяцей акрамя падарункаў атрымала шыкоўныя букеты руж. Натхнілася кветкамі і пачала валяць іх з воўны. Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена: тое, што робіш з любоўю, заўсёды атрымліваецца. n

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.