Прошел год с открытия кафе "Серебряный возраст"
gazeta 10-01-2022, 15:38 504 Грамадства
Для наведвальнікаў сацыяльнага кафэ «Сярэбраны ўзрост» 29 снежня – адметная дата ў календары. У гэты дзень у 2020-м адбылося святочнае адкрыццё. Мінуў год – і зноў урачыстасць. З нагоды дня нараджэння. Цёплая кампанія, шчырыя віншаванні, прыемныя падарункі, нязмушаныя зносіны, цікавыя ўспаміны. У такой атмасферы адзначалі свой першы год.
«Сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» – адна з дзесяці ініцыятыў, што рэалізоўваліся ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам. Задумвалася як месца навучання пажылых людзей камп’ютарнай граматнасці. Заяўнікам ініцыятывы выступіла раённая ветэранская арганізацыя. Месца рэалізацыі – аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН.
– Ішла на заняткі з любоўю і прыемным чаканнем новых сустрэч, – заўважае адна з першых наведвальніц кафэ, колішняя старшыня Дзісненскага гарвыканкама Вольга Мароз. – Калі пераехала з Дзісны ў Міёры, мала каго тут ведала. У кафэ пазнаёмілася з новымі людзьмі. А кожны чалавек – цэлая планета. Разам з навыкамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій атрымлівалі шмат рознай карыснай інфармацыі. На сустрэчы прыходзілі банкаўскія работнікі, праваахоўнікі, прадстаўнікі іншых служб. Ладзілі цікавыя паездкі.
На свята Вольга Аляксандраўна прыйшла з падарункамі. Прыемныя сюрпрызы падрыхтавала для загадчыцы аддзялення Ганны Лісковай, спецыяліста па сацыяльнай рабоце Юліі Машара і кіраўніка гурткоў па рукадзеллі Аліны Ляшук. Дарэчы, на заняткі да Аліны Браніславаўны прыходзяць многія з тых, хто займаўся ў кафэ.
– Ініцыятыва разам з навучаннем камп’ютарнай граматнасці дазволіла больш шырока пазнаёміць наведвальнікаў з работай аддзялення для пажылых
людзей, – заўважае Ганна Ліскова. – Рэалізацыя ініцыятывы завершана, а кафэ «Сярэбраны ўзрост» па-ранейшаму чакае наведвальнікаў. Шукаем новыя формы работы. Напрыклад, нашы дзяўчаты жадаюць вучыцца танцам, прадумаем магчымасці. Хтосьці зацікаўлены ў занятках па прафілактыцы дэменцыі. Планую арганізаваць навучанне па аказанні першай дапамогі. Нядаўна сама прайшла вучобу ў гэтым накірунку і гатова дзяліцца ведамі і навыкамі. Разам з тым працягваюцца заняткі па камп’ютарнай граматнасці. Набралі новую групу.
Сярод навічкоў былыя медработнікі Людміла Каралевіч і Ядвіга Цярэшка. Займаюцца з імі дзевяцікласнікі з СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Мікіта Грыгор’еў і Дзмітрый Цітовіч. Валанцёры вядуць заняткі другі сезон і лёгка знаходзяць агульную мову са сваімі падапечнымі.
– У нас і дзённікі ёсць, і сшыткі для лабараторных работ, і дамашнія заданні нам задаюць, і адзнакі ставяць, – ба- дзёра расказвае Людміла Станіславаўна. – Вельмі ўдзячны хлопчыкам за работу. Да іх, як да сапраўдных настаўнікаў, звяртаемся па імені і імені па-бацьку. У сферы інфармацыйных тэхналогій мы наўрад ці будзем асамі, аднак атрымліваем шмат патрэбных практычных навыкаў.
Сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» аб’яднала людзей розных статусаў, прафесій, поглядаў. Цяпер у актыве 67 наведвальнікаў, у тым ліку жыхары Дзісны. Заняткі арганізоў- ваюць па невялікіх групах. Прыходзяць сюды вучыцца новаму, развівацца, атрымліваць асалоду ад зносін, што адбываюцца на пазітыве і на роўных.
– Паглядзіце на падваконнікі: як кветкі сярод зімы красуюць. Ужо адно гэта сведчыць пра добрую атмасферу ў кафэ, – заўважыла сакратар раённага савета ветэранаў Зоя Родзіна і з усмешкай дадала: – Пачынаць ініцыятыву было страшна. Уявіце толькі – 10 000 еўра на рэалізацыю атрымалі. Якая гэта адказнасць! Начамі не спала, перажывала, як справа пойдзе. Аднак ніякіх сур’ёзных праблем не ўзнікла. Разам з тэрытарыяльным цэнтрам працавалі зладжана, дружна, аператыўна. І вынік радуе.
Павіншаваў кафэ з паспяховым і эфектным годам кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур. Далейшага развіцця і новых яркіх сустрэч жадала наведвальнікам дырэктар ТЦСАН Алена Шамёнак.
Дзень нараджэння кафэ «Сярэбраны ўзрост» адзначылі весела і цёпла. Наперадзе чакаюць новыя сустрэчы, спробы і поспехі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.



