Авторизация
 

Зоя КАНАПЕЛЬКА ўзяла да сябе Алену Іванаўну САВУЦЬ – сяброўку сваёй маці

 Трэці год, як міярчанка Зоя КАНАПЕЛЬКА ўзяла да сябе Алену Іванаўну САВУЦЬ – сяброўку сваёй маці з вёскі Александрына Павяцкага сельсавета. Калі сталая жанчына зламала нагу і ўрачы канстатавалі, што хадзіць яна ўжо не зможа, без лішніх разваг Зоя Пятроўна прывезла сяльчанку ў свой дом. Цяпер Алена Іванаўна не столькі сябар, колькі член сям’і.


Мае дачка і сын, унукі называюць яе бабуляй, – гаворыць Зоя Пятроўна. – Для нас гэта родны чалавек. Маці ўсё жыццё з ёй сябравала. Пазнаёміліся на рынку, куды Савуці прывезлі на кані бульбу прадаваць. Пасля дадому падвезлі. Так завязалася знаёмства, якое перарасло ў сяброўства, што доўжылася каля трыццаці гадоў. Дапамагалі адзін аднаму. Мы ім агароды палоць, яны з намі ўраджаем дзяліліся. Так і вялося. Калі маці не стала, я працягвала падтрымліваць адносіны з яе сябрамі.
Вёска Александрына – радзіма Алены Іванаўны. Там прайшла большая частка яе жыцця. З мужам Вітольдам Пятровічам працавалі ў калгасе.
– Ён рознарабочым быў, я кароў даіла. У групе 25 галоў. Даілі рукамі тройчы на дзень. Выхадных не было, – расказвае Алена Іванаўна. – Сваю гаспадарку трымалі. Дзве каровы, конь, бычок.


Працоўны лад жыцця быў для вяскоўцаў звыклым, іншага не ведалі. Мужа не стала некалькі гадоў таму. Гаспадыня адна засталася ў хаце, але маркоце не паддавалася. Што магла, рабіла ў доме і ў двары, наведвалі міёрскія сябры.
У сярэдзіне снежня Алене Іванаўне споўнілася 73 гады. Дзень нараджэння сустрэла ў коле блізкіх людзей. Утульна і хораша ёй у доме Зоі Пятроўны. Тут яна акружана клопатам і ўвагай. Сцены ў пакоі паклеены пазітыўнымі шпалерамі жоўтага колеру з ненадакучлівым малюнкам. Іх спецыяльна для настрою выбіралі. Не дае сумаваць тэлевізар.
– Любіць бабуля серыялы глядзець, каменціруе, – расказвае Зоя Пятроўна. – Як па хаце спраўлюся, разам час за праглядам праводзім. І ў навагоднюю ноч мы ля тэлеэкрана.


Па словах субяседніц, жаданні пад бой курантаў яны не загадваюць.
– У маладосці пісала на лісточках некалькі жаданняў і клала іх пад падушку. Раніцай выцягвала наўздагад. Якое дастанеш – тое і здзейсніцца, – з усмешкай успамінае Алена Іванаўна.
Мінулае ў размовах жанчыны прыгадваюць часта. У цяперашнім цэняць тое, што ёсць. Зоя Пятроўна заўважае, што клапаціцца пра блізкага чалавека ёй нескладана. З малых гадоў бацькі вучылі дапамагаць людзям, не робячы акцэнт на матэрыяльных выгодах. Алена Іванаўна ўдзячна сваёй апякунцы за догляд і цеплыню зносін. Рада сустрэчам з аднавяскоўцамі, якія, бываючы ў райцэнтры, прыходзяць яе наведаць.
– Мае родныя прыехаць не могуць. Адна сястра ў Верхнядзвінску, у яе са здароўем праблемы, другая пад Мінскам, далёка, – заўважае Алена Іванаўна.
Халоднай парой увесь час яна праводзіць дома. Летам часта выпраўляюцца з Зояй Пятроўнай на прагулку. Ёсць каляска, у якой зручна перамяшчацца па вуліцах гарадка і назіраць, што побач адбываецца.


Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота аўтара

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта