Авторизация
 

Друя здзiвiла, уразіiла, захапіла

 На карце, намаляванай на адным з будынкаў у цэнтры Друі, адзначана 21 адметнасць месцейка. Падчас прагулкі склалася ўражанне, што ўвесь аграгарадок – цэльная адметнасць, сабраная з мноства цікавых дэталяў.

 

З аграгарадком Друя Браслаўскага раёна планавалі пазнаёміцца за гадзіну і скіравацца далей па маршруце. Аднак гэты пункт стаў адзіным у паездцы. Затрымаліся тут амаль на чатыры гадзіны. Гуляючы па ціхіх утульных вуліцах, не пераставалі здзіўляцца.

 

Прыпынак ля касцёла

 

Першая адметнасць, якая захапіла позіркі і побач з якой спыніўся аўтамабіль, – касцёл Святой Троіцы на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Белая вежа на фоне насычанага сіняга вераснёўскага неба з лёгкімі аблачынкамі. Вакол будынка дрэвы з яшчэ густой зялёнай лістотай. На тэрыторыі даволі шырокая дэкаратыўная сажалка, роўныя стракатыя радочкі аксамітак, белая статуя Маці Божай. Трапіць унутр святыні не давялося. Будзе нагода наведацца зноў.
Як сведчаць гістарычныя крыніцы, узведзены касцёл у Друі ў 1643 – 1646 гадах на сродкі Казіміра Льва Сапегі, якому на той час належала месцейка. У гады Вялікай Айчыннай вайны святыня вельмі пацярпела. Пасля была закінута і паступова разбуралася. Толькі ў 1990 годзе касцёл зноў адчыніў дзверы для вернікаў. Працяглая рэстаўрацыя вярнула яму прывабны выгляд і былую веліч.

 

Камень з крыжам

 

Унікальная адметнасць чакае падарожніка на цэнтральнай плошчы аграгарадка. Тут размясціўся валун з ліку тых, што называюць Барысавымі камянямі. Яго дасталі з ракі ў 2002 годзе, а ў 2011-м устанавілі ў цэнтры месцейка.
Больш вядомы яго «сародзіч», ля якога загадваюць жаданні турысты, знаходзіцца побач з Сафійскім Саборам у Полацку. Друйскі помнік эпіграфікі (дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае надпісы на цвёрдых матэрыялах) ХІІ стагоддзя не менш прывабны. Лёгка заўважыць выбіты на камні крыж. Надпіс жа са зваротам да Бога аб дапамозе мы не знайшлі.
Існуе меркаванне, што надпісы і выяву крыжа на камянях высеклі па загадзе князя Барыса ў тыя часы, калі ў Полацкім княстве панаваў вялікі голад.

 

Па лесвіцы ў мінулае на некалькі секунд

 

Ад царквы Святых Пятра і Паўла XVIII стагоддзя, што месцілася на ўзвышанасці, засталіся толькі руіны званіцы. Некалькі секунд займаюць пад’ём і спуск па вінтавой лесвіцы з кароткімі прыступкамі, вузкімі з аднаго і пашыранымі да другога боку сцяны цаглянай вежы. У гэтыя імгненні асабліва адчуваеш атмасферу далёкага мінулага. Нібы падарожнічаеш у часе.
Зверху раскрываецца від на месцейка. Унізе за некалькі метраў размясцілася невялікая драўляная Успенская стараабрадчая царква, з супрацьлеглага боку бачна званіца праваслаўнай Дабравешчанскай.

 

Яшчэ адна вышыня

 

Пашчасціла падняцца і на званіцу Дабравешчанскай царквы. Сустрэлі мясцовага жыхара Міхаіла Чапінскага, які сочыць тут за парадкам. Гасцінна адчыніў для нас дзверы храма.
Для пабудаванай у XVIII стагоддзі святыні пасля перыяду заняпаду настаў час абнаўлення. Пашкоджаная ў Вялікую Айчынную вайну, у 60-х гадах царква была зачынена і ператворана ў склад. У пачатку 90-х тут зноў загучалі малітвы, цяпер ідзе рэстаўрацыя.
Пасля прагулкі па тэрыторыі царквы Міхаіл запрасіў у свой двор, што знаходзіцца за некалькі метраў. Яго можна назваць яшчэ адной адметнасцю Друі. Змайстраваныя сваімі рукамі макеты пушак, якары, стары аўтамабіль, які атрымаў новае жыццё ў выглядзе кветкавай клумбы, прывялі нас у захапленне.

 

Мазаіка адметнасцяў

 

Распавядаць пра Друю: дамы з цікавай архітэктурай, утульныя ціхія вулачкі, маляўнічы від, што распасціраецца з высокага берага Заходняй Дзвіны на суседнюю Латвію… – можна эмацыянальна і доўга. Аднак лепш пабачыць усё на свае вочы, не забыўшыся пра аб’ектыў фотакамеры.
На ўскрайку месцейка абавязкова спыніцеся ля варот старых яўрэйскіх могілак, дзе першыя пахаванні з’явіліся яшчэ ў XVI стагоддзі. Мноства каменных надмагілляў, некаторыя з якіх ледзь паказваюцца з зямлі, пакідаюць асаблівыя ўражанні. Зацікавіць падарожніка помнік вузкакалейнай чыгунцы «Друя – Дукштас», што дзейнічала з 1916 па 1964 гады, заварожыць велічнае буслінае гняздо на сцяне з чырвонай цэглы, што засталася ад бровара. Захочацца прайсціся па старым мосце праз рэчку Друйку. З’явіцца жаданне затрымацца тут надаўжэй і няспешна блукаць па ўтульным месцейку, атрымліваючы непамерную асалоду ад яго асаблівага каларыту.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва аўтара

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта