У свае 23 гады Алена ДАРОЖКА вымаўляе толькі асобныя словы. Аднак яе добра разумеюць бацькі, брат і сёстры, якія часта прыязджаюць дадому ў вёску Пціцкія, што побач з райцэнтрам. Дзяўчына рада кожнаму, хто пераступае парог дома. Ва ўважлівым позірку – дабрыня і цікавасць, у жэстах – сімпатыя і гасціннасць. З ёй утульна, прыемна і спакойна, нібы побач з табой анёл.
Леначка. Так называюць яе родныя. Самая малодшая ў сям’і дзяўчынка расла, акружаная цеплынёй і ўвагай. Яна з’явілася на свет 13 лютага на 35-годдзе таты Казіміра Станіслававіча. Ёй радаваліся як самаму каштоўнаму падарунку. Старэйшыя брат і дзве сястры ахвотна няньчыліся і гулялі з маленькай.
У развіцці Леначка адставала ад іншых дзяцей. Хадзіць пачала ў два гады, у чатыры яшчэ не размаўляла. Гэта не магло не трывожыць маці.
– Дыягназ ДЦП у чатыры гады дачушцы паставілі спецыялісты рэспубліканскай бальніцы паталогіі слыху, голасу і маўлення, куды звярнуліся за кансультацыяй, – расказвае маці Марыя Мамертаўна. – Вельмі перажывала за Леначку. Складана прыняць, што тваё дзіця адрозніваецца ад іншых, не зможа вучыцца ў звычайнай школе. Аднак дыягназ дачушкі ніяк не паўплываў на нашы адносіны да яе. Мы ўсе Леначку вельмі любім.
Старэйшы брат Віталь – галоўны інжынер райаграсэрвісу – запрашае Леначку ў госці ў Міёры. З сястрой Юліяй – супрацоўніцай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – ездзіла ў Мінск на экскурсію. З Вікторыяй – эканамістам СУП «Цітова» – збірала пазл на тысячу дэталяў, які цяпер упрыгожвае сцяну ў яе пакоі. Віталь і Юля са сваімі сем’ямі ў Пціцкіх бываюць ледзь не кожныя выхадныя. Лазня па суботах стала сямейнай традыцыяй. Віка прыязджае радзей. Аднак на свята Нараджэння Хрыстова і ў Вялікдзень уся дружная сям’я збіраецца разам.
– Якая ў гэтыя дні Леначка радасная! Дапамагае на стол накрываць. Пытаецца, колькі людзей будзе, і акуратна расстаўляе талеркі, – расказвае маці. – Штовечар просіць патэлефанаваць брату і сёстрам, іх справамі пацікавіцца. Вельмі любіць зносіны. Амаль не размаўляе, але ўсё разумее. І памяць у яе добрая. Бывае, прашу нагадаць пра тую ці іншую справу, ніколі не забудзецца.
Чаканая госця ў Леначкі – інструктар па працоўнай тэрапіі ТЦСАН Алена Плехтан. Прыязджае на заняткі кожны аўторак. Майструюць дэкаратыўныя шкатулкі з кардону, ствараюць пано на лістах паперы. Свае вырабы Леначка дорыць родным. Удзельнічае ў творчых конкурсах. Дыпломы і граматы захоўвае ў асобнай папцы.
– Парадак вельмі любіць. Трэба, каб кожная рэч на сваім месцы ляжала, – характарызуе маці дачку. – Ножкі ў Леначкі слабыя, больш сядзіць. Аднак па меры сіл дапамагае ва ўсіх хатніх клопатах. І ложкі засцеліць, і посуд вымые, і ў хаце падмяце. У двары працуем, у хлеве гадаванцаў кормім. У вольны час разам серыялы глядзім.
Падабаецца Леначцы адпачываць на прыродзе. Улюбёнае месца – невялікая сажалка за домам, дзе ладзяць сямейныя пікнікі з кастром і шашлыкамі. Дзяўчыне ў радасць любыя знакі ўвагі, беражліва захоўвае падарункі. З мяккіх цацак выдзяляе сабаку, якога некалі прывёз хросны тата Уладзіслаў Пятрайціс. Ксяндза-пробашча няма сярод нас, а яго падарункам і цяпер цешыцца хрэсніца.
Раней разам з маці Леначка хадзіла ў касцёл у Міёры, наведвала мерапрыемствы і заняткі ў тэрытарыяльным цэнтры. З-за складанай эпідсітуацыі застаецца дома. Аднак зусім не сумуе. Ёй не ўласцівыя дрэнны настрой, незадаволенасць, раздражняльнасць. Добразычлівая і спакойная па характары, яна як сонейка ў доме, напоўненым утульнасцю і любоўю. Нібы анёл, побач з якім праяўляеш свае найлепшыя якасці.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА