Пост перед праздником Рождества Христова начнется в Католической Церкви 28 ноября.

 Пост перад святам Нараджэння Езуса Хрыста распачнецца ў каталіцкім касцёле 28 лістапада. Дата яго першага дня плаваючая, і адлічваецца назад як чацвёртая нядзеля ад Каляд. Пра перыяд Адвэнту распытаем у пробашча Міёрскага касцёла Андрэя Куліка.

 

– Адвэнт – адмысловы перыяд у літургічным годзе Касцёла (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 524). Гэтае слова паходзіць ад лацінскага adventus – «прыйсце». Мэта Адвэнту – падрыхтаваць нас да прыходу Збаўцы – як да Яго другога прыйсця ў канцы свету, так і да Яго нараджэння. Нашы чаканні павінны засяроджвацца на Ім.

 

Ці можна спраўляць вяселлі, іншыя гулянні ў гэты час?

 

– «Адвэнт – перыяд пабожнага і радаснага чакання», так тлумачыцца ў кнізе «Агульныя нормы літургічнага года і календара» 1969 г.в. У Адвэнце ў літургіі вызначаюцца некаторыя рысы стрыманасці, якія натхняюць да рэфлексіі і пакаяння: фіялетавы колер, адсутнасць гімна «Хвала на вышынях…» і г. д. У перыяд Адвэнту не забараняецца ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія не супярэчаць хрысціянскаму духу і не парушаюць нашай адвэнтовай падрыхтоўкі. Карыстаючыся здаровым розумам і набожнасцю, захоўваючы прадпісанні права і падпарадкоўваючыся душпастырам, можна святкаваць вяселле, але лепш гэта зрабіць у звычайны перыяд.

 

Якія сустрэчы ў гэты перыяд запланаваны ў Міёрскім касцёле?
 
– Традыцыйна ў панядзелак, сераду і пятніцу ў 7.15 будуць цэлебравацца раратнія святыя Імшы, на якія запрашаем дзяцей і дарослых. Адвэнтовых рэкалекцый у гэтым годзе не будзе, бо зусім нядаўна ў нашай парафіі прайшлі Святыя Місіі. Аднак перад Божым Нараджэннем плануецца правесці дзень споведзі, каб кожны меў магчымасць ачысціць сваё сэрца.
 
Як павінен паводзіць сябе вернік у перыяд посту?

 

– Адвэнт – час ласкі ад Пана Бога. Час навяртання, час на ўчынкі любові, час, які нельга марнаваць. У гэты перыяд важна сумясціць два элементы: канкрэтная праца, ці нават барацьба з уласнымі слабасцямі, схільнасцямі да граху ці таго, што да яго вядзе, – і ўменне адмовіцца ад таго, што прыносіць задавальненне. Напрыклад, абмежаваць прагляд забаўляльных праграм, скараціць час знаходжання ў інтэрнэце ці сацыяльных сетках, лепш скіраваць сваю ўвагу на дапамогу пажылым, нямоглым, трэба маліцца на Ружанцы, удзельнічаць у Раратах і г. д. Галоўнае ўсведамляць, што такімі паводзінамі хочаце ачысціцца ад граху. У нашым касцёле, як і летась, на бакавым алтары ля фігуры св. Ізыдора будзе знаходзіцца «Кніга пастаноў», у якую кожны жадаючы можа запісаць свае намеры на час Адвэнту.
Праз споведзь, учынкі міласэрнасці і любові мы павінны з чыстым сэрцам падрыхтавацца да перажывання Божага Нараджэння. Гэта час – чарговы шанц для кожнага з нас.

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ

Фота з архіва рэдакцыі

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.