Авторизация
 

Працавітасць як добрая даўняя звычка

 Зносіны з сяльчанамі старэйшага пакалення, якіх вёска выхавала працай, добразычлівасцю і мудрасцю, напаўняюць душу ўтульнасцю. За іх мілай сціпласцю заўважаеш эмпатыю, ва ўважлівым позірку – спагаду, у спакойнай усмешцы – цеплыню. Простыя і адкрытыя, яны гутараць з табой як з добрым сябрам, хоць знаёмы дзесяць хвілін. Такім прыемным і цікавым суразмоўцам аказалася Аліна ПАЦЕЕНАК з вёскі Малая Кавалеўшчына Міёрскага сельсавета.

 

Дом з відам на працу

 

Прыемны водар кавы надае яшчэ больш нязмушанасці размове і падбадзёрвае шэрасць лістападаўскага дня, ахутанага ледзь заўважнай імглой. З вакна кухні добра бачная траса, на другім баку якой – метраў за дзвесце – малочнатаварная ферма «Старыя Крукі» СУП «Чэрасы». Дванаццаты год Аліна Пацеенак працуе там даяркай. Загадвае фермай яе родная сястра Леакадзія Эдуардаўна, якая жыве па-суседству. На працу і дадому заўсёды ідуць разам.
– Наша мама Ангеліна Паўлаўна некалі там кароў даіла. Мы з сястрой ёй дапамагалі, – расказвае субяседніца. – Матулі нядаўна 79 гадоў споўнілася. Яна ў мяне жыве, а бацькоўскі дом на другім канцы вёскі. Застаўся ў родных мясцінах брат Віктар, ён у ПМС заняты. Добра, калі блізкія побач. Заўсёды дапамогуць, падтрымаюць. З сястрой па некалькі разоў на дзень адна да адной заходзім.

 

Усё проста і зразумела

 

На ферму ў маі 2010 года Леакадзія і Аліна таксама прыйшлі разам. Да гэтага працавалі паштальёнамі ў мясцовым аддзяленні сувязі. Пасля яго аптымізацыі давялося змяніць сферу дзейнасці.
Па словах Аліны Эдуардаўны, работа даяркі яе не палохала. Уставаць у пяць раніцы для сельскай жанчыны не ў навінку. Працяглы час трымалі ўласную гаспадарку з каровай і свіннямі. Да фізічных клопатаў прывыкла з дзяцінства, і яны ніколі не здаваліся непамерным цяжарам.
– Цяпер у рабоце ўсё проста і зразумела, нават не магу сказаць, у чым тут цяжкасці. Напачатку, канешне, складанасці ўзнікалі. Перш-наперш, трэба было вывучыць кароў у гурце. Яны ўсе розныя, кожная са сваім характарам, – заўважае даярка. – З часам прывыкаеш да гадаванцаў. Калі доім у полі, сваіх кароў не блытаю, і яны мяне пазнаюць. Так жа і ў маіх калег.

 

У халады прагноз надвор’я не турбуе

 

Цёплай парой дзень Аліны Эдуардаўны пачынаецца ў чатыры ці нават а палове чацвёртай раніцы. Гэта залежыць ад месца выпасу статка. Дарога да самага дальняга займае сорак хвілін. У добрае надвор’е – без дажджоў, ветру ці спякоты – даіць кароў на полі хораша. Не па душы сельскай працаўніцы восеньская золь і летняя спякота, калі жывёлу даймаюць авадні. У стойлавы перыяд прагноз надвор’я значэння не мае: пад дахам не дастануць ні снег, ні дождж, ні вецер. Затое дадаецца клопатаў. Пачысціць ля кароў, муку ў кармушкі насыпаць.
У абавязкі даяркі ўваходзіць і догляд за маленькімі цялятамі. Як правіла, першыя тры тыдні іх утрымліваюць на ферме ў асобных загончыках. Трэба напаіць малечу, подсціл памяняць.
– Цяпер цялятак няшмат: па чатыры – шэсць. У сакавіку – красавіку падчас масавых ацёлаў каля трыццаці бывае. Да таго ж пасля зімы яны слабыя, больш увагі патрабуюць, – расказвае жывёлавод.

 

Без справы нецікава

 

Пра свае працоўныя клопаты Аліна Эдуардаўна гаворыць без нараканняў і скарг, з цеплынёй. Радуецца, што працуе ў дружным калектыве, дзе ўсе: і загадчыца, і даяркі, і слесары, і вартаўнікі – згуртаваная каманда, для якой адказнасць і ўзаемавыручка не пустыя словы. Заробак лічыць прыстойным і атрымлівае своечасова. Выхаднога раз на тыдзень (кожны пяты дзень – вольны) хапае, каб аднавіць сілы. Ды і не прывыкла доўга без справы сядзець.
У рабочыя дні паміж ранішняй і вячэрняй дойкамі дастаткова часу на клопаты ў доме і ў двары. Да таго ж ёсць памочніца. Дачка Алеся – медсястра паліклінікі ЦРБ – жыве разам з маці. Грыбной парой часам удзвюх скіроўваюцца ў мясцовыя лясы. Асабліва любіць ціхае паляванне Алеся і пастаянна вяртаецца з поўнымі кошыкамі. Аліне Эдуардаўне дораць радасць кветкі, якія штолета красуюць на падворку. У ліку любімчыкаў – астры.
Крыху больш за год засталося жывёлаводу да пенсіі. Аднак яна не з тых, хто марыць хутчэй развітацца з працоўнымі абавязкамі.
– Загадваць не стану. Будзе дазваляць здароўе, яшчэ папрацую. Чаму б і не?! – усміхаецца Аліна Эдуардаўна.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 21 мая 2022
Адриан, Арсений, Иван

Именины 20 мая 2022
Антон, Давид, Иван, Иосиф, Михаил, Степан, Фаддей, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта