Авторизация
 

Як дасягнуць хюгге ў хатніх умовах?

 Хюгге дапамагае адчуваць удзячнасць за кожны дзень, паколькі складаецца з асалоды ад простых рэчаў. Яно атрымлівае максімум ад цяперашняга імгнення і дае магчымасць ладзіць шчаслівыя моманты і захоўваць іх. 

 

Данія мае статус адной з самых шчаслівых краін свету. Справа не толькі ў высокім узроўні жыцця. Узабрацца на першыя радкі рэйтынгу шчасця датчанам дапамагае хюгге. Гэта частка іх нацыянальнай самасвядомасці і культуры.  Хюгге для датчан тое ж самае, што свабода для амерыканцаў, грунтоўнасць для немцаў, памяркоўнасць для беларусаў. Між тым дацкі сакрэт шчасця даступны для ўсіх.

 

Утульнасць у простых момантах

 

За акном халодны зімовы вечар, у святле ліхтара танцуюць сняжынкі. Кухню напаўняе духмяны водар свежага пірага, які дасталі з духоўкі. У кубачках заварваецца чай. Сям’я сабралася за сталом, і, пакуль астывае ласунак, ідзе нязмушаная і цікавая для кожнага размова.
Ці так. У доме цішыня. Апрануўшы цёплую піжаму, вы зручна ўладкаваліся на канапе, і вечар пасля насычанага дня пройдзе за няспешным чытаннем захапляльнага прыгодніцкага рамана.
Або так. Прыемнай прахалодай вее ад возера. На беразе ля кастра невялікая кампанія сяброў. Закіпае юшка ў кацялку. Гучаць вясёлыя расповяды і песні пад гітару.
Гэтыя моманты аб’ядноўвае адно слова – хюгге.

 

Тут і цяпер
 
Што такое хюгге і з чым яго ядуць? Па-першае, не ядуць, а адчуваюць. Усімі органамі пачуццяў. Гэта стан ціхай радасці, душэўнай утульнасці, прыемнай бесклапотнасці. Усведамленне сябе тут і цяпер. Гэта моманты, калі можна расслабіцца і быць самім сабой. Адчуваць, што цябе разумеюць, дзяліцца сваімі думкамі і эмоцыямі.
Гэта асаблівая атмасфера, створаная з дапамогай простых і даступных рэчаў. Хюгге асветлена мяккім святлом свечак і свяцільняў. Яно гучыць добрым смехам сяброў і нязмушанымі размовамі. Смак хюгге – гэта духмяная дамашняя выпечка і іншыя салодкія ласункі. А яшчэ мясныя прысмакі.
На дотык хюгге мяккае і пяшчотнае. Яго класічны ўбор – шырокі шалік, свабодны світар ручной вязкі і цёплыя паношаныя шкарпэткі.

 

Агеньчык свечкі, водар выпечкі, шапаценне кнігі…

 

У дэталях апісаў хюгге заснавальнік і кіраўнік Інстытута даследавання шчасця ў Капенгагене Майк Вікінг. Яго «Маленькая книга HYGGE. Секрет датского счастья», якая выйшла ў 2016 годзе, стала бестселерам у розных краінах свету.
Галоўнымі складнікамі хюгге аўтар называе:
vсвечкі. Самы просты спосаб хутка стварыць хюгге – запаліць некалькі свечак. Кожны датчанін штогод расходуе каля шасці кілаграмаў свечнага воску. Дарэчы, араматызаваныя свечкі малапапулярныя. Яны лічацца штучнымі, а ў Даніі цэняць натуральнасць.


Ёсць тут свой мінус. Згодна з даследаваннем дацкага навукова-даследчага інстытута будаўніцтва, куродым ад свечкі забруджвае атмасферу ў доме больш, чым курэнне ці прыгатаванне ежы. Таму пасля таго, як патушылі свечку, абавязкова праветрыць памяшканне;
 астраўкі святла. Некалькі невялікіх лямп, расстаўленых па пакоі, даюць больш хюгге-святла, чым адна вялікая свяцільня на столі;
 пледы і падушкі. Іх для датчан шмат не бывае.

 
рэчы з дрэва. Драўляныя цацкі ў Даніі зноў набылі папулярнасць. Дрэва набліжае да прыроды;
свежая выпечка. Нават дзелавыя сустрэчы нярэдка праходзяць за чаяпіццем з пірожнымі, якія надаюць элемент нязмушанасці. Гатаваць ласунак разам, атрымліваючы асалоду ад працэсу – таксама хюгге;
кнігі. Пасядзець за добрай кнігай – адзін з тых заняткаў, на якіх трымаецца хюгге;
 настольныя гульні. Мы прысвячаем вольны час тэхналогіям, а не адзін аднаму. У настольныя гульні гуляюць разам. Так ствараюцца агульныя ўспаміны і ўмацоўваюцца сацыяльныя сувязі;

 
нязмушаны стыль адзення. У трэндзе чорны колер. Шалік у гардэробе абавязковы і для мужчын, і для жанчын. Чым ён даўжэй і шырэй, тым лепш. Паміж строгім пінжаком і аб’ёмным світарам ручнога вязання датчане выберуць апошні;
цёплая кампанія. Ад хюгге можна атрымліваць асалоду ў адзіноце, аднак часцей за ўсё яго ствараюць невялікія кампаніі сяброў і блізкіх. Сацыяльныя сувязі вельмі важныя для дабрабыту чалавека. Чым больш людзі задаволены сваімі адносінамі, тым больш яны шчаслівыя ў цэлым.

 

Даступна кожнаму

 

Трэцяя частка датчан лічыць, што хюгге сустракаецца толькі ў Даніі. Аднак шчасце, якое складаецца са звычайных рэчаў, даступна па ўсім зямным шары.
Хюгге – гэта здольнасць цаніць простыя задавальненні жыцця. Яно можа існаваць нават пры самым абмежаваным бюджэце. Ваш даход не мае ніякага дачынення да атмасферы бесклапотнасці, сяброўскай цеплыні, пачуцця блізкасці. Яны аплачваюцца іншай, напэўна, самай каштоўнай валютай: часам, цікавасцю і шчырым удзелам у жыцці блізкіх людзей.

 
Для хюгге ёсць месца ў кожным доме і па-за ім. Напячыце разам дранікаў і частуйцеся імі за праглядам добрага фільма. Уладкуйцеся перад сном усёй сям’ёй на канапе і па чарзе чытайце ўслых казку. Паклічце ў госці блізкіх сяброў на вечар успамінаў за чаем і выпечкай. Скіруйцеся зімовым днём у невялікі лыжны паход з прывалам, каб выпіць на прыродзе гарачую каву з тэрмаса і паласавацца духмянай булачкай. Лета – цудоўны час для пікнікоў. Пры гэтым адключайце мабільныя тэлефоны і асабістую значнасць. Хюгге любіць раўнапраўе і згоду. Адчуйце момант асалоды, шчасця і бесклапотнасці, заставайцеся ў ім і будзьце за гэта ўдзячныя. Так памнажаецца шчасце.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаілюстрацыі з кнігі М. Вікінга «Маленькая книга HYGGE. Секрет датского счастья»

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта