Авторизация
 

Кацярына ЧУГУНОВА, малады спецыяліст з Новага Пагоста, распавяла пра свае жыццё і творчасць

 Паэтка-пачаткоўца Кацярына ЧУГУНОВА вучылася і працавала ў Віцебску, пакуль аднойчы малая радзіма не паклікала яе назад. У Новым Пагосце, дзе некалі пачаўся яе творчы шлях, яна знайшла і сямейнае шчасце. Цяпер маладая настаўніца працуе ў вясковай школе. Пра свой выбар не шкадуе.

 

У Новапагосцкай школе Кацярына вучылася адзінаццаць гадоў. З дзяцінства вабілі гуманітарныя навукі – шмат у чым, прызнаецца яна, заслуга выдатных настаўнікаў, якія матывавалі ўдзельнічаць у конкурсах і разві- ваць талент. Найлепшыя вынікі выходзілі ў алімпіядах па беларускай мове.

 
– Наша настаўніца беларускай мовы Таццяна Фёдараўна Янушонак гэта заўважыла і падтрымлівала мяне ва ўсіх пачынаннях: дасылала ў газету і мае вершы, нейкія журналісцкія допісы, нават уклала папачку з напісанымі мной матэрыяламі ў раённай газеце, – расказвае Кацярына. – Аднойчы прапанавала з'ездзіць на курсы беларускай мовы ў Віцебск.

 
Менавіта там дзяўчына адчула сваё прызнанне і знайшла прафесію мары. Але прызнаецца – дасягнуць яе было не так проста. У адзінаццатым класе даводзілася кожную нядзелю ездзіць у Віцебск на дадатковыя заняткі ва ўніверсітэт імя П. М. Машэрава, куды потым і паступіла. Вярталася на начным цягніку і адразу за школьную парту.

 
Нягледзячы на цяжкасці, вучоба падабалася, выкладчыкі падагравалі цікавасць юнай вучаніцы. Іспыты даліся лёгка. Кацярына атрымала спачатку ступень бакалаўра па рускай і беларускай філалогіі, а затым і магістарскую – па літаратуразнаўстве. Знайшла месца для размеркавання ў віцебскай школе, дзе і засталася.

 
Здаецца, усё склалася як мага лепш. Два гады размеркавання прайшлі незаўважна, настаўніца мела намер застацца. Але перад Новым годам атрымала прапанову выйсці замуж ад хлопца, які застаўся на Міёршчыне. Вяселле гулялі на базе адпачынку «Актам». З таго моманту шмат чаго ў жыцці Кацярыны змянілася.

 
– Вырашылі, што пакуль муж будзе ездзіць на заробкі, мне лепш пабыць у бацькоў, адпачыць ад гарадскога тлуму. І зноў вельмі ўдала выйшла, што ў маю родную школку патрабавалася настаўніца на час дэкрэтнага водпуску, – гаворыць Кацярына. – Вырашыла, калі так склаліся абставіны, усё павінна атрымацца найлепшым чынам.

 
Вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніцы рускай і беларускай моў і літаратуры. Цяпер з усмешкай прызнаецца: па адчуванні быццам дома. Калектыў вельмі дружны і падтрымлівае. Старэйшыя настаўнікі апякуюць так, быццам яна ўсё яшчэ іх вучаніца. У сталовай працуе поварам маці, таму школьная ежа як хатняя. Вясковыя дзеці вельмі шчырыя, працавітыя і простыя, лёгка знаходзіць да іх падыход.
Нядзіўна, што на такой жыватворнай глебе малады талент зацвіў на поўную моц. Яшчэ ў пачатковай школе Кацярына заўважыла, што лёгка падбірае рыфмы і нават падчас чытання. У чацвёртым класе стварыла кароткі верш-віншаванне для матулі. Прадоўжыла пісаць.

 
– Нават калі спрабую складаць творы без рыфмы, усё роўна яна да мяне прыходзіць, – прызнаецца дзяўчына. – І я часта не ведаю, чым скончыцца той ці іншы верш, яны пішуцца неяк самі. Напэўна, таму і не бяруся за апавяданні. Там неабходны сюжэт і інтрыга.
Тэмы для вершаваных твораў самыя розныя: пейзажы роднага краю, сацыяльныя праблемы, і спрадвечныя пытанні кахання, прыгажосці, вернасці. Свае творы і фотаздымкі публікуе на асабістай старонцы ў Інстаграме, якую вядзе на беларускай мове. Блог – гэта не толькі магчымасць выказаць сябе, але і пагутарыць. Часам публікуе апытанні на розныя тэмы, далучае сяброў да настольных гульняў.

 
Не так даўно навучылася вырабляць упрыгожванні з эпаксіднай смалы, але пакуль справа спынілася – цяжка знахо- дзіць матэрыялы. Зрэшты, пакідаць хобі дзяўчына не плануе. Яе творчы шлях толькі пачынаецца, але ўсяму патрэбны час.
– Летам назбірала розных кветак ды зёлак, каб рабіць з іх прыгажосць. Чакаю натхнення і шукаю дабраякасную смалу, – з усмешкай заўважае яна.

 

Крысціна БАТУРЫЦКАЯ

Фотаматэрыял прадаставіла Кацярына ЧУГУНОВА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта