На заседании райисполкома проанализировали культуру Миорского района.

 У Год народнага адзінства асаблівая ўвага надаецца аб’яднанню інтэлектуальных і духоўных сіл для развіцця традыцый нацыі, падтрымкі творчай ініцыятывы. Каардынуе гэту работу Дзяржаўная праграма «Культура Беларусі». На пасяджэнні райвыканкама прааналізавалі выкананае на Міёршчыне.

 

Як нагадаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах мола- дзі райвыканкама Аляксандр Тронькін, на тэрыторыі раёна функцыянуюць 40 устаноў культуры. Яны прадстаўляюць народную творчасць,
прафесійнае мастацтва, сістэму мастацкай адукацыі і выхавання, помнікі гісторыі, музейныя калекцыі. Сёлета аптымізаваны Наўгародскія СДК і сельская бібліятэка, а таксама раённая кінавідэасетка, замест якой на базе цэнтралізаванай клубнай сістэмы будзе створаны сектар па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва са штатам у тры адзінкі.

 
У сферы культуры задзейнічаны 185 чалавек. Нямала з іх маюць вышэйшую, спецыяльную адукацыю, аднак профільнымі спецыялістамі забяспечаны на 79 %. Сёлета прыбыў адзін малады педагог ў дзіцячую школу мастацтваў.
Па інфармацыі Аляксандра Тронькіна, з 13 мэтавых паказчыкаў праграмы «Культура Беларусі» на 2021 – 2025 гады выконваюцца 12. За дзевяць месяцаў сёлета ўстановы культуры клубнага тыпу правялі звыш 3,5 тысячы мерапрыемстваў разнастайных форм, іх наведалі больш за 96 тысяч чалавек. Па платных паслугах спрацавалі на 98 % пры плане ў 105. Развіццю народнай творчасці і нацыянальных традыцый садзейнічаюць 137 клубных фарміраванняў, дзе займаюцца 1 370 чалавек, у тым ліку 70 – дзіцячага накірунку, дзе 673 наведвальнікі.

 
раённыя артысты Удала дэманструюць творчыя здольнасці ў спаборніцтвах розных узроўняў. Дзякуючы гэтаму 13 калектываў маюць званне «народны» і «ўзорны». Цяпер на пачэсны тытул прэтэндуюць вакальны калектыў «Дзісенчукі» і клуб нацыянальнай кухні «Цвецінскія прысмакі», які адраджае старыя рэцэпты беларускіх страў і вучыць маладых і юных сучаснікаў гатаваць па іх.
Яркімі і паспяховымі зарэкамендавалі сябе артысты РДК не толькі на раённай сцэне. Дзіяна Маляўка шмат дзе выступала годна. У тым ліку выйшла ў фінальны адборачны тур Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск». У другім адкрытым рэгіянальным вакальным фестывалі юных выканаўцаў «Гукі мары» лаўрэатамі другой ступені сталі салісткі народнай эстраднай студыі Сафія Шук і Вікторыя Савейка. Аляксей Рачыцкі адзначаны дыпломам другой ступені ў абласным відэаконкурсе вядучых. Такая ж узнагарода ў народнага тэатра мініяцюр пад яго кіраўніцтвам у абласным свяце гумару «Смяяцца не грэх».

 
Дыплом за адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і мастацтва на абласным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі «Забава-2021» у рамках «Славянскага базару» атрымалі Наталля Валенцік і Яўгенія Козел. Узорны аркестр баянаў і акардэонаў дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Ігара Лаўца заняў трэцяе месца ў творчым спаборніцтве «Спяваем з аркестрам». Прэстыжна і пачэсна, што яго вядучымі выступілі Аляксей Рачыцкі і Алеся Барысоўская. Прадэманстравалі высокі прафесіяналізм, за што адзначаны падзякай упраўлення культуры.

 
Значныя заслугі аўтаклуба. Для арганізацыі акцый «Дарогамі спаленых вёсак» і «Дарогамі партызанскіх шляхоў» распрацаваў карту раёна з нанясеннем жалобных аб’ектаў, выраблена Свечка памяці, сумесна з гісторыка-этнаграфічным музеем падрыхтаваны экскурсіі, урокі мужнасці, праведзены мітынгі на ваенных пахаваннях.
Значная творчасць народных майстроў. Заўсёды яркі ўдзел творцаў Міёршчыны ў фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла «Дажынкі-2021». Па традыцыі ў лік найлепшых сёлета ўвайшоў прыгожы паўтараметровы сноп з каласоў новага ўраджаю і палявых траў, які вырабілі майстры Дзісненскага Дома рамёстваў.

 
Патрыятычным, экалагічным, эстэтычным выхаваннем з выкарыстаннем новых форм і метадаў работы займаюцца бібліятэкі. Іх у раёне 20, у тым ліку 17 сельскіх. Аказваюць 42 віды паслуг. За дзевяць месяцаў прынялі 58,5 тысячы наведвальнікаў, з якіх звыш 55 тысяч – рэальныя, больш за 3 тысячы віртуальных, што заходзяць на сайт. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй іх паменела, аднак за кошт умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння новых прастораў для стасункаў іх колькасць будзе расці.
Сярод прыярытэтных накірункаў работы бібліятэк – дапамога ў сацыяльнай адаптацыі неабароненых груп насельніцтва. Значную працу па індывідуальным абслугоўванні пажылых вядуць цэнтральная раённая, Дзісненская гарадская, Чэраская, Новапагосцкая, Завуццеўская, Даўгінаўская, Волкаўшчынская і іншыя. Ёсць графік наведвання пажылых, інвалідаў дома.

 
Назапашаны вопыт духоўнага выхавання і творчага развіцця ў Міёрскай школе мастацтваў, Дзісненскім філіяле, інструментальных класах аграгарадкоў Язна, Чапукі і Павяцце. 332 вучні атрымліваюць веды на выяўленчым, харэаграфічным і музычных аддзяленнях па дзесяці спецыяльнасцях. Пры школах дзейнічаюць калектывы са званнямі, у тым ліку дзіцячы ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў, інструментальны народны ансамбль настаўнікаў «In Sound» і «Мёрыца», якія дэманструюць сваю ўнікальнасць на канцэртах і ў конкурсах.
І ў Міёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея ў ліку прыярытэтных задач – работа з моладдзю, юнымі экскурсантамі і пашырэнне ўдзелу вучняў у яго духоўным жыцці. Яны павінны ведаць гісторыю раёна і краіны. Дзеля гэтага праводзяцца музейныя ўрокі і заняткі. Сёлета арганізавалі 11 часовых і восем фондавых выстаў. Музей наведала каля 3 тысяч чалавек, што сведчыць пра перавыкананне плана. Значна выраслі экскурсійныя паслугі па райцэнтры і раёне. Каб попыт на музей павялічваўся, вялікая ўвага надаецца камплектаванню фондаў. Асноўны складае 6 195 прадметаў. Усе экспанаты сабраныя сваімі сіламі без далучэння бюджэтных сродкаў.

 
Аналізуючы зробленае, старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў адзначыў дастатковыя кадравыя і матэрыяльныя рэсурсы для ўкаранення інавацыйных тэхналогій, новых форм і метадаў работы з усімі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва. Аднак нямала яшчэ спатрэбіцца для далейшага развіцця творчасці і захавання духоўнай спадчыны Міёршчыны. Сярод перспектыўных задач – абнавіць парк музычных інструментаў для навучання. Сёлета набылі цымбалы, кошт якіх – 3 тысячы рублёў. Патрэбны яшчэ прафесійны акардэон для ўдзелу дзяцей у конкурсах і канцэртах вышэйшага ўзроўню, і шмат іншага.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.