У Новапагосцкім сельсавеце нямала археалагічных помнікаў, але найбольш вядомы абшары знакамітымі людзьмі. Гэта сцвярджае настаўнік гісторыі вышэйшай катэгорыі і стваральнік музеяў у СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі Вітаўт (Вітольд) Ермалёнак у сваёй трэцяй кнізе пра чароўныя пярсцёнкі вандровак сяброў археолага-краязнаўчага гуртка «Арганаўты мінулага». З падзагалоўкам «Славутасці Пагосцкага краю» яна толькі што пабачыла свет у сталічным выдавецтве «Каўчэг» у рамках рэалізацыі мясцовай ініцыятывы «Моладзевая інтэрактыўная культурна-гістарычная пляцоўка «Спадчына Міёрскага краю».
Маршрут у 95 кіламетраў невыпадкова пачынаецца ў райцэнтры ў гістарычным музеі СШ № 3, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. Ягор Андрэевіч нарадзіўся ў вёсцы Лявонаўцы. Яна калісь размяшчалася недалёка ад Міёр, за чыгункай ля Кацілава, але гэта ўжо Новапагосцкі сельсавет. Дарэчы, і будынак этнаграфічнага музея «Сялянская хата» пры школе перавезены з суседніх Чапукоў.
Наш зямляк камандаваў падводнай лодкай, затым дывізіяй падлодак Паўночнага флоту. Неаднаразова ўдзельнічаў у аперацыях, мерапрыемствах і выпрабаваннях, што праводзіліся ўпершыню. Героем стаў па выніках групавога паходу пад ільдамі Арктыкі ў Ціхі акіян, таксама першы падобны. Тады дзякуючы асабістым ведам, мужнасці і вопыту выратаваў падлодку і яе экіпаж, якія трапілі ў аварыю.
Гурткоўцы-арганаўты пад кіраўніцтвам Вітольда Ермалёнка даказалі, што вёска Наўгароды існавала задоўга да першага пісьмовага ўпамінання ў 1566 годзе. Гэта таксама радзіма вучонага-вынаходніка Франца Касача. Нарадзіўся ў недалёкай Каланіцы яшчэ адзін вучоны – Алег Мурашка.
Хутар ля Вусаўцаў стаў пачаткам шляху ў вялікую літаратуру Міледзію Кукуцю. Нядаўна яму прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Шаркаўшчыны».
З Белеўцаў паходзіць вучоны-тапо- граф Віталь Даргель, выкладчык Ваенна-інжынернай акадэміі, а затым дацэнт Агульнавайсковай акадэміі Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі. Ён аўтар і сааўтар звыш 70 навуковых і навукова-метадычных прац, кандыдат тэхнічных навук, ганаровы геадэзіст. З яго аднавяскоўцам Славамірам Даргелем чытачы раёнкі больш знаёмы. Ён рэгулярна друкуецца ў «Міёрскіх навінах», праводзіць сустрэчы з чытачамі сваіх шматлікіх кніг у бібліятэках раёна.
Праявіў здольнасці ў Расіі вучоны-хімік з Белеўцаў Венядзікт Сташулёнак, выкладае ў БДУ тэорыю верагоднасці вучоны-матэматык Сяргей Сташулёнак.
У маленькай вёсачцы Трацякі, што непадалёк ад Наўгародаў, нарадзіўся будучы вучоны-філолаг у Польшчы Уладзімір Скукоўскі.
Вёску Вострава варта нагадаць як радзіму знакамітага беларускага даследчыка Арктыкі і Антарктыкі Ула- дзіміра Драбы. З Пагноек паходзіць вучоны-гісторык Уладзімір Пугаўка. У Старым Пагосце правёў дзіцячыя гады апостал беларускага Адраджэння Вацлаў Ластоўскі. Па наваколлях гэтага населенага пункта вандраваў беларускі Леанарда да Вінчы Язэп Драздовіч. Абодва пакінулі ўспаміны і апісанне тутэйшых цудоўных мясцін і быту сялян.
У сялянскай сям’і з Юндзялова чацвёртым дзіцём нарадзіўся будучы біскуп Эдвард Кісель. Дзякуючы і яго падтрымцы адноўлены касцёл у Новым Пагосце, фундатарам якога стаў знакаміты канцлер ВКЛ Леў Сапега. У гэтым храме ахрышчаны будучы арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі.
Новы Пагост цяпер цэнтр сельсавета, як паселішча ўзнік у Х стагоддзі, у пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1498-м. Уладанне Сапегаў, Клотаў, Юндзілаў, Канаплянскіх… Мястэчка са штотыднёвымі кірмашамі, развітым гандлем і рамесніцтвам, млынам, гарбарняй, бальніцай, аптэкай, пажарнай аховай, школай, царквой і калгасам «Новы шлях» у пасляваенны час. І мноствам слынных людзей.
На мясцовых могілках захавалася пахаванне героя Цусімы адмірала Севярына Бароўскага. Непадалёку радавое гняздо дзеяча беларускага нацыянальнага вызваленчага руху Браніслава Туронка. Непасрэдна ў Новым Пагосце прайшло дзяцінства знакамітага беларускага кампазітара і фалькларыста Генадзя Цітовіча, пра яго апавядае школьны музей. Яшчэ нядаўна не толькі з наваколля людзі прыязджалі за здароўем да мясцовай знахаркі Ніны Салак.
Мястэчка не забывае вучонага-біёлага Багуслава Курыловіча, ізраільскага пісьменніка, журналіста і дзеяча культуры Боруха Арона, заслужаных настаўнікаў школ БССР Фелікса Лаўчыноўскага і Фаіны Камаровай.
Цяпер у Новым Пагосце жыве аўтар шматлікіх кніг Мікалай Багданаў. Прывозіць на радзіму з Латвіі зборнікі вершаў Іван Кунцэвіч.
Названы далёка не ўсе слынныя людзі Пагосцкага краю. Зусім не ўзгаданы шматлікія гарадзішчы, авеяныя легендамі валуны, крыніцы і азёры, не перасказаны паданні і гісторыі населеных пунктаў, храмаў у іх. Таму ёсць падстава кожнаму, хто цікавіцца мінулым і цяперашнім роднага краю, звярнуцца да новай кнігі Вітаўта (Вітольда) Ермалёнка. 136 старонак з ілюстрацыямі абяцаюць займальнае знаёмства са слаўным куточкам Міёршчыны.
Леанід МАТЭЛЕНАК
фота для ілюстрацыі