Авторизация
 

Экскурсавод Алена Палякова вядзе турыстаў па сцежках Ельні

 Пандэмія наблізіла людзей да прыроды і павысіла цікавасць да роднага краю. Гэта адзіны яе станоўчы момант. На аграсядзібе «Ирина», што размяшчаецца на беразе возера ў вёсцы Дворышча, таксама наведвальнікаў нямала. Гаспадыні Ірына і Алена Паляковы распрацоўваюць новыя маршруты, усталёўваюць сувязі з калегамі. Усё дзеля таго, каб прапанаваць турыстам цікава і разнастайна правесці час. Сёлета Алена стала атэставаным экскурсаводам па балоце Ельня і яго ваколіцах. Навучанне праводзіла аб’яднанне «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

 

стварыць яе на базе ўласнага дома ўзнікла ў Ірыны Паляковай у 2012-ым пасля сустрэчы з вопытнымі ўладальнікамі сядзіб і агратурыстычнага бізнесу, удзелу ў трэнінгах і мерапрыемствах па агратурызме. Дачка Алена, сын Аляксей з сям’ёй матулю падтрымалі. Актыўна ўзяліся за рэканструкцыю і стварэнне належных умоў для адпачывальнікаў. Заручыліся падтрымкай «Белаграпрамбанка», узяўшы крэдыт на развіццё. Цяпер прапануюць пражыванне ў асобным доме, сап сёрфінг (водны від спорту), лазню з бярозавымі венікамі і прасторнай гасцёўняй, адпачынак на зялёным лужку з альтанкай і мангалам.

 

Пабачыць балота – і адпачыць

 

У гэтым годзе Алена Палякова дадала да турыстычных прапаноў маршруты па балоце. Пераважна госці даведваюцца пра вандроўкі з Інстаграм (elena_paliakova), групы на фэйсбуку «Агроусадьба «Ирина», на сайтах Holiday.by
і belkraj.by. Яшчэ некалькі гадоў таму людзі ўсміхаліся: як можна адпачыць на балоце? Цяпер гэта рэальна. Тым больш, што пракладзены дзве сцяжынкі: з бярвенняў у Сухавержжы, з дошак – у Канахах.
Экскурсія ў гіда Алены Паляковай пачынаецца з кароткага ўступу, абавязковага інструктажу па тэхніцы бяспекі, і праз некалькі хвілін усе крочаць сузіраць прыгажосць і прыродны спакой. Неабходныя атрыбуты – вопратка па надвор’і, гумовыя боты, дажджавік, пітво і лёгкі перакус. На свежым паветры апетыт прыходзіць хутка.

 
Алена распавядае пра ўзрост балота, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету. Падае інфармацыю ў лёгкай форме, праз легенды і загадкі, кароткія аповяды, жарты, таму турысты слухаюць з цікавасцю.
Вандроўка на балота прапаноўваецца вясной, летам і восенню. У любую пару года тут па-свойму прывабна. Яскравае таму пацвярджэнне – каментарый ад турысткі Наталлі Стрыёнак: «На балоце Ельня чацвёрты раз, і дакладна не апошні! Прыгажосць проста нерэальная, асабліва ўражана відам, калі квітнее пушыца. Казка! Класная кампанія і маршрут на балота з гідам Аленай на возера Курганістае».
Алена заўважае:
– Нашы выхады на возера Курганістае атрымліваюцца цікавымі, эмацыянальнымі і яднальнымі. Перад балотным масівам – пераход праз лес. Жадаючыя могуць пачаставацца ягадамі, пазбіраць грыбы. Ісці па дзікім балоце – гэта пераадоленне сваіх страхаў, кансерватыўных установак. Купацца ў возеры, дзе няма цвёрдага дна, могуць толькі добрыя плаўцы. А чаплянне нагамі за падводную расліннасць – той яшчэ квэст! Раз за разам чую ад людзей, што менавіта поўныя боты вады і купанне пакідаюць самыя яркія ўражанні. Са слоў турыстаў: «Вельмі не хацелася прамачыць ногі, а пасля – такі кайф!»

 
Частыя госці – сем’і з дзецьмі і старэйшае пакаленне. Асноўны маршрут для іх – экасцежка ў Канахах. Па другім – у напрамку Курганістага – вяду сем’і з дзецьмі, якім больш за 12 гадоў, але для вельмі энергічных малых могуць быць выключэнні.
Самая малодшая турыстка пабывала на балоце ў шэсць месяцаў, а найстарэйшай было 72 гады. Вельмі прыязна кожнай маёй камандзе, індывідуальным турыстам і сем’ям, што з аптымізмам выпраўляюцца са мной у дарогу! Для экскурсавода шчырыя ўдзячныя каментарыі, супакой і радасць у вачах адпачывальнікаў – найлепшы стымул для развіцця.

 
Алена расказала, што нядаўна прымала першага іншаземца, англічаніна. Ён прыбыў са знаёмай з Гродзеншчыны. Сказаў ёй: «Ты будзеш слухаць экскурсію, а я – сузіраць наваколле і атрымліваць задавальненне». Так і атрымалася. Стомленыя гараджане з задавальненнем адпачылі на сцежках векавой тундры, а ў Алены з’явіўся стымул вывучыць англійскую мову.

Пашырэнне кола зносін і прапаноў

Гаспадыні аграсядзібы складаюць для сваіх турыстаў дадатковыя маршруты. Прапануюць вандроўкі ў багатыя гісторыяй вёскі Міёршчыны: Суромшчыну, Ідолта і іншыя. У суседніх Браслаўскім і Верхнядзвінскім раёнах – Друя, Сар’я і Росіца. Папярэдне самі праходзяць тымі дарогамі.

 
Наладжваюць супрацоўніцтва з калегамі па турызме. Нядаўна пабывалі ў Друі. Сябра іх сядзібы і калега з Браслава Міхаіл Ставіцкі правёў падрабязную экскурсію па старажытным мястэчку. Сустрэлі і мэра Міхаіла Бакевіча, ён вывеў на бераг Заходняй Дзвіны і месца ўпадзення ў яе ракі Друйкі. Расказаў пра запланаваныя рэканструкцыі. У цэнтры можна дакрануцца да Барысава каменя. Гэта вядомы помнік яшчэ Полацкага княства ХІІ стагоддзя з Заходняй Дзвіны. Наведалі касцёл святой Троіцы і царкву Дабравешчання. Прагуляліся па старажытнай рэзідэнцыі Сапегаў. У парку, дарэчы, ёсць дрэвы, што садоўнік пасадзіў уверх карэннем. Яны невысокія, верхавіна пусціла карані ў зямлю, а крона галінкамі з лісцем спускаецца ўніз, быццам пальма. Гэта трэба ба- чыць! Друя па планіроўцы належыць да тых гарадоў, па якіх можна меркаваць, як жылі нашы продкі. Дарэчы, там жа знаходзяцца і вялікія старажытныя могілкі яўрэяў. Першыя пахаванні датуюцца 1542 годам.

 
– Пасля знаёмства з сям’ёй Яўгеніі Цітовіч са Старога Пагоста адкрыла для сябе і турыстаў новы від адпачынку – конныя прагулкі, – распавядае Алена. – Прыгожая мясцовасць: вакол азёры і палі. Атрымліваеш фізічную нагрузку, ад зносін з жывёламі адпачываеш душой. Сяброўка Яўгеніі Святлана Рыкун цудоўна гатуе, частавалі выпечкай і гарбатай з траў. Думаю, наладзім добрае супрацоўніцтва і абмен вопытам па аграэкатурызме.
Алена Палякова ўдзячна сям’і Міхаіла Ставіцкага, Яўгеніі Цітовіч, іншым калегам, суправаджальнаму гіду з Мінска Марыі Філімонавай, турыстам за душэўнасць і цеплыню ў зносінах. 

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ

Фотаматэрыял аўтара і з архіва  Алены ПАЛЯКОВАЙ

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта