История клуба "Аргонавтов прошлого": 45 лет со дня рождения

 Вітольда Антонавіча і Марыю Георгіеўну Ермалёнкаў ведаюць і ў раёне, і далёка па-за яго межамі. Самі не міёрцы (Вітольд Антонавіч родам з суседняй Браслаўшчыны, Марыя Георгіеўна – з Гродзеншчыны), але сорак пяць гадоў таму маладыя настаўнікі гісторыі прыехалі ў Міёры і так трывала замацаваліся за тутэйшай зямлёй, што не проста зрадніліся з ёй, а ў пэўным сэнсе сталі адной з яе найяскравейшых і прадстаўнічых візітовак.

 
«Да Ермалёнка», у створаныя ім музеі, без перабольшванняў, едуць людзі з усяго свету. Завітваю да «Арганаўтаў…» і я, каб раз за разам уражвацца багаццямі, сабранымі ў экспазіцыі музеяў СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Сярод амаль 30 тысяч экспанатаў ёсць унікальныя экспанаты-сведкі. Напрыклад, фальшывы арабскі дзірхем, адзіна вядомы ў свеце – сведка непахіснага патрыятызму мёрскіх краязнаўцаў. На яго «паляваў» нават Эрмітаж, але «арганаўты» не прадалі, не саступілі – бо патрыёты. То бок, каму цікава і карціць убачыць – ласкава просім на Міёршчыну!
Нядаўна мне пашчасціла пабываць у экспазіцыі адноўленага краязнаўчага музея і ў IT-цэнтры. Як шыкоўна, сучасна ўсё зладжана! Няхай на адноўленым караблі плывецца «арганаўтам» толькі са спадарожным ветрам!

 
***
«Арганаўты…» сёлета святкуюць сорак пяць гадоў з дня нараджэння, а я – дваццаць пяць гадоў супрацы з імі.
Яшчэ студэнткай, у сярэдзіне 1980-х, для дзіцячай газеты «Зорька» я падрыхтавала першы артыкул пра «Арганаўтаў…». Пасля пра дзейнасць гэтага краязнаўчага гуртка пісала перыядычна для розных выданняў, рабіла перадачы на радыё, за што аднойчы старэйшая калега заўважыла мне: «А Лена ўсё пра сваіх «Арганаўтаў…» піша, толькі артыкулы большаюць!».
«Дык ёсць што пісаць, – не разгубілася і я. – Па-першае, дзейнасць гуртка такая бурлівая, што навінак-цікавостак у іх заўжды стае. Па-другое – гэта землякі, а справа іх годная. Пісала і пісаць буду!».
Вось, трымаю слова, пішу ў чарговы раз: дзялюся запісамі з нататніка пасля сустрэч з галоўным «арганаўтам» Беларусі.
***
Некалі незабыўным для мяне стаўся аповед Вітольда Антонавіча, як ён разам з турыстычнай групай ездзіў у Парыж, а там іх павялі глядзець саркафаг Напалеона. Экскурсавод прапанаваў турыстам схіліць галовы перад памяццю грознага імператара. На што Вітольд Ермалёнак адказаў: «Я схіляю галаву перад геніем майго земляка, Генрыха Дмахоўскага, які браў удзел у стварэнні гэтага саркафага!».
«Вось гэта крута, – падумалася мне тады, – як веды гісторыі дапамагаюць быць на вышыні!».
За гэты ўрок усё жыццё ўдзячная Вітольду Антонавічу.

 
***
Але перш чым даведацца пра Вітольда Антонавіча як настаўніка гісторыі і кіраўніка «Арганаўтаў…», я дазналася, што ён клапатлівы сын. Школьніцай ехала ў аўтобусе Міёры – Друя і пачула, як шапталіся цётачкі, аглядаючы чалавека з заплечнікам: «…гэта ж Ермалёнак з «трэцяй» школы… кожную суботу едзе і едзе на Браслаў, а ў нядзелю назад… у яго там бацькі… вось жа шчаслівыя за такім сынам!».
Пасля, праз гады, калі пісала артыкул ужо пра сына Вітольда Антонавіча, Антона Ермалёнка – пераможцу рэспубліканскага конкурсу знаўцаў радаводу – завітала да Ермалёнкаў дамоў. У тую пару ў іх жылі дзве матулі – Вітольда Антонавіча і Марыі Георгіеўны. Састарэлых маці дзеці забралі да сябе. Цешча і свякроў, пажылыя раўнагодкі-суразмоўніцы, дружна жылі пад адным дахам. Не ў адзіноце – за клапатлівымі дзецьмі – дабылі на зямлі.
***
З таго візіту запала яшчэ ў памяць, як Вітольд Антонавіч паказваў набор сярэбраных лыжачак – падарунак аднаму з яго продкаў за тое, што некаму з бяды ратаваў сына. Запомніўся аповяд і пра далёкія драматычныя падзеі, калі іншы продак, удзельнік паўстання, ратаваўся ад пераследу і кінуўся плысці возерам да вострава. На ім стаяла хата, а гаспадары нядаўна пахавалі сына. Паўстанца прынялі і выдалі за яго – не далі загубіць…
Колькі гісторый здольны падарыць кожнаму з нас уласны радавод, колькі адкрыць таямніц? У сям’і Ермалёнкаў продкаў ведаюць ажно да дваццатага калена!

 
***
Студэнткай, у канцы 1980-х, была на практыцы ў «Віцебскім рабочым». Прыехала дамоў, у Мілашова, і ўзялася пісаць пра «стары» касцёл – каплічку, што стаіць на паўвостраве. Тады яна была ў напаўразбураным стане, карцела нешта зрабіць, дапамагчы. Як вынік паездкі быў артыкул у абласной газеце «Уратуйце мяне, людзі!» Забягаючы наперад, нагадаю, што ратавалі капліцу ксяндзы-марыяне, на пачатку 90-х адрамантавалі яе… Тады ж, у мой прыезд, дамовіліся мы з Вітольдам Антонавічам сустрэцца – ён за эксперта, знаўцу гісторыі. Паабяцалі прыехаць і прадстаўнікі аддзела культуры, але нешта ў іх не атрымалася. Мы ўдваіх з Вітольдам Антонавічам аглядалі капліцу. Узлезлі на хоры, тады на паддашак… і тут пад нагамі ў мяне абрынуліся зводы. Я ўхапілася рукамі за бэльку над галавой, цудам не сарвалася і не паляцела ўніз. Дух пераводжу, чапляюся, каб выбрацца на бяспечнае месца і чую крык: «Асцярожна, Лена! Касцёл даламаеш!».

 
***
Марыю Георгіеўну Ермалёнак памятаю імклівай, адухоўленай, з нязменнай усмешкай на твары. Згадваюцца сустрэчы на мёрскіх вуліцах – і просіцца слова «ляцела насустрач», а не «ішла». Але пра яе я ведала зусім мала: калі заходзілася ў музей ці дахаты да Ермалёнкаў па справе, расказваў і паказваў заўжды Вітольд Антонавіч.
Затое зараз усе мае прабелы стасункаў кампенсуюцца! Каторы вечар баўлю ў абдымках з кнігай «Бусинки судеб на ленте времени. Субъективные записки» аўтарства Марыі Ермалёнак (Загорскай). Кніга амаль у чатыраста старонак пра сям’ю, з якой яна паходзіць. У дарчым надпісе, адрасаваным мне, ёсць такія словы: «Этого просило моё сердце, это был зов моих предков».
Мой асабісты радавод, мае сямейныя гісторыі яшчэ не запісаныя належным чынам. Пакуль збіраюцца пацерка да пацеркі – а тым часам Марыя Георгіеўна нанізала цэлыя каралі. Шчыра дзякую за прыклад! І ўсім, хто не ведае, як падступіцца і расказаць-напісаць, пакінуць сваім дзецям і ўнукам памяць пра род, таксама раю: пачытайце. Цалкам магчыма, што натхніцеся гэтай кнігай і покліч продкаў для некага станецца такім магутным, што ўсадзіць занатаваць чутае ад блізкіх людзей, зафіксаваць іх прысутнасць у часе і прасторы для родных, перадаць памяць дзецям.

 
***
– «Бог. Бацькі. Бацькаўшчына!» – дэвіз, пераняты ад Чэслава Сіповіча (нашага земляка, стваральніка першага музея Францыска Скарыны ў Лондане) – ёсць найлепшай формулай патрыятызму, – кажа Вітольд Антонавіч. – Трэба шанаваць бацькоў, арыентавацца на ўласныя гісторыю і спадчыну, культуру, дасягненні. Краязнаўства ахоплівае ўсе перыяды гісторыі. Кожны маленькі каменьчык можа выклікаць павагу, цікавасць да сваёй зямлі. А будзе чалавек ведаць, будзе любіць – і будзе абараняць тое, што любіць».

 
***
Пытаюся ў Вітольда Антонавіча пра ролю сям’і ў яго жыцці.
«Сям’я мае важную ролю. Па-першае, жонка Марыя Георгіеўна, сама настаўніца гісторыі, заўсёды з разуменнем ставілася да маёй справы, не перашкаджала траціць сямейны бюджэт на набыццё экспанатаў не для сябе, каб у будучым прадаць, а для дзяржавы. На працягу дзевяці гадоў па выхадзе на пенсію яна была захавальніцай фондаў музеяў, да гэтай пары праводзіць экскурсіі.
Пад маім уплывам старэйшая дачка Юлія была актыўнай «арганаўткай» у 1987-1994, брала ўдзел у раскопках могільніка Казлоўцы 10-13 ст., выступала на канферэнцыях. Зараз не парывае сувязі, хоць жыве далёка ад радзімы, у Лондане. Яна набывае экспанаты для музея, выданні на англійскай мове. На адкрыццё абноўленага гістарычнага музея 1 верасня 2021 года падарыла малюнак на шоўку – копію карціны мастака Ж. Перона.
Сын Антон – гуртковец з шасці гадоў, бо ў гэтым узросце ўжо быў у вандроўках і знайшоў унікальны разец даўніны больш за трынаццаць тысяч гадоў! Пасля школы ён скончыў гістфак БДУ (археалогію), дзесяць гадоў працаваў у школе побач са мной, ды перамагла з дзяцінства ўлюбёная інфарматыка, стаў праграмістам. Але ніводная вандроўка без яго не абыходзіцца, цікавасць да краязнаўства захавалася».

 
***
У Вітольда Антонавіча Ермалёнка шэраг важкіх узнагарод: Выдатнік адукацыі, друку, Чалавек года, лаўрэат прэміі «За духоўнае Араджэнне». Сам жа ён кажа:
– Галоўнае для мяне – называцца краязнаўцам. Гэта ганарова, бо сапраўдных краязнаўцаў у лепшым выпадку адзін на ўвесь раён, а шмат раёнаў іх не маюць увогуле. Краязнаўца не той, хто напісаў пару артыкулаў ці кніг пра сваю мясцовасць. Гэта – абавязкова збіральніцкая дзейнасць і, як вынік, стварэнне музеяў для грамадства, а не прыватных калекцый, папулярызацыя музейнай дзейнасці ў грамадстве. Робіш гэта – тады можна называцца краязнаўцам.

 
***
Як бачыцца будучыня кіраўніку «Арганаўтаў…»?
– За будучыню не хвалююся. Музей – пры дзяржаўнай установе, званне «народнага», здабытае дзесяцігоддзямі працы, яму назаўжды абярэгам, – кажа Вітольд Антонавіч. – Інфармацыя пра край сабраная ў кнігах, на лічбавых носьбітах, створаны сайт. Ужо трэці год працуе побач настаўнікам гісторыі, паплечнікам у музейнай справе Максім Філіповіч. Пры неабходнасці ён можа замяніць мяне. У Заслаўі жыве і працуе «арганаўт» Ігар Кандратовіч – пры выпадку можа і ён вярнуцца.Таму за будучыню сваёй справы жыцця спакойны – зробленае застанецца…

 
***
Адвітваючыся пасля чарговай сустрэчы ў музеі, я скончу свае нататкі шматкроп’ем, бо веру і ведаю: неўзабаве будуць новыя нагоды і для сустрэч, і для нататак.

 
Алена МАСЛА.

Фота з альбома аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.