Авторизация
 

Экскурсія на Міёрскі вадаспад на рацэ Вята

 Цікавымі мясцовымі адметнасцямі вызначаецца кожны рэгіён Беларусі, аднак вадаспадам могуць пахваліцца далёка не ўсе. Міёршчыне ў гэтым плане пашанцавала. Вадаспад на рацэ Вята вабіць турыстаў з усіх куточкаў краіны і ўражвае сваёй непаўторнай маляўнічасцю.

 

На міёрскі вадаспад (так яго часта называюць турысты з іншых мясцовасцей) хочацца вяртацца зноў і зноў. Назіраць, як імклівай плынню падае з вышыні вада і, разбіўшыся на камяністым подсціле на пенныя струмені, працягвае далей свой бясконцы шлях. Знізу здаецца, што ў яе гуллівым шуме патанае ўсё наваколле. Знікаюць у ім і птушыныя спевы, і людскія галасы. Зверху шум меншы, выгляд іншы і таксама заварожвае. Глядзець не наглядзецца. Слухаць не наслухацца. Сустрэча з прывабным маляўнічым месцейкам дорыць уражанні, свежасць якіх не страчваецца з часам і аднаўляецца з кожным візітам.
Адны прыязджаюць на вадаспад проста паглядзець на прыгажосць, другія ладзяць фотасесіі, трэція скіроўваюцца сюды на пікнік, чацвёртыя ставяць палаткі і праводзяць тут выхадныя, пятыя сумяшчаюць усё вышэйпералічанае.

 

Ліпеньскія назіранні

 

Спякотны выхадны ліпеньскі дзень. Едзем на вадаспад. Вязём да прыгажосці сяброў. Штолета прыязджае пагасцяваць з Гомеля Стас. Жыхару вялікага горада даўно запалі ў душу правінцыяльная цішыня і нашы міёрскія краявіды. Разам з экасцежкай на Ельні адным з улюбёных месцаў стаў вадаспад на Вяце. Кожны раз пытаецца, ці паедзем туды. Мінчанка Даша знаёміцца з Міёршчынай упершыню. Ёй асабліва цікава пабачыць мясцовыя адметнасці.

 
Шлях да вадаспада пралягае праз невялікую вёску Суромшчына. Не даязджаючы да будынка старога магазіна – паварот направа. Нядаўна тут з’явіўся ўказальнік, які ўпэўніць падарожніка ў правільнасці маршрута. Далей грунтовая дарога і метраў праз сто – паварот налева. Тут спыняемся: далейшы шлях «аздабляюць» лужыны і мноства ўзораў ад аўтамабільных шын. Уздоўж дарогі выстраілася ў рад некалькі машын. Відаць, некаторыя адпачывальнікі таксама вырашылі падстрахавацца ад буксавання. Ад гэтага павароту да вадаспада пешшу хвілін 20-30. Прагулка ў спякотны поў- дзень – так сабе задавальненне. Аднак Стаса і Дашу гэта не спыняе: калі яшчэ давядзецца сюды трапіць?! У нас такая магчымасць ёсць заўсёды, таму застаёмся ў машыне, схаваўшыся ў цяні пад разгалістай кронай дрэва на скрыжаванні ля ўказальніка.

 
Чакалі каля гадзіны. Дакладна не лічылі, колькі машын за гэты час праехала міма ў абодвух накірунках. Дзясяткі чатыры. Можа, і больш. Цяпер упэўнена магу сцвярджаць, што міёрскі вадаспад ва- біць турыстаў з усіх абласцей Беларусі. Рэгіёны на нумарах аўто – ад «адзінкі» да «сямёркі». Былі машыны з расійскімі нумарамі.
– Ні разу столькі людзей тут не бачыў, – здзіўляўся Стас па вяртанні.
– Вельмі прыгожае месца. Хочацца яшчэ тут пабываць, – дзялілася ўражаннямі Даша.
Верагодна, такія масавыя вандроўкі выклікала не толькі маляўнічасць вадаспада. Папулярнасці ўнутранаму турызму надала пандэмія каронавіруса. Аматары падарожжаў замест далёкіх даляў пачалі вывучаць цікавыя мясціны сваёй краіны. Для многіх адкрыццём стаў і вадаспад на рацэ Вята.

 

Жнівеньскія прыгоды

 

Пахмурны і прыемна халаднаваты будні дзень жніўня. Карэспандэнты рэдакцыі ў рабочай камандзіроўцы ў Ідолта. Справіўшыся па ўсіх адрасах, вырашаем заехаць на вадаспад. Чаму б не наведаць прыгожае месца, калі знаходзішся за некалькі кіламетраў ад яго, і не папоўніць рэдакцыйны архіў свежымі здымкамі мясцовай адметнасці.
На гэты раз на дарозе да вадаспада пуста, праз лужыны, часам нечакана глыбокія, прыехалі амаль да месца прызначэння. Прыпаркаваліся побач з некалькімі машынамі. Здзівіла, што нават у сярэдзіне тыдня і не ў самае лепшае надвор’е тут хтосьці ёсць.
Адным з наведвальнікаў вада- спада аказаўся дырэктар ВУПКУ «Міёрскі» Васіль Міхалкіў. Заехаў паглядзець, ці ўсё тут у парадку. Менавіта стараннямі кіраўніка і працаўнікоў гаспадаркі на тэрыторыі з’явіліся альтанка, лесвіцы для спуску ўніз, уладкаваная берагавая зона.

 
– Трэба рабіць добрыя справы, калі ёсць такая магчымасць, – лічыць Васіль Дзмітрыевіч.
У чарговы раз палюбаваўшыся прыгажосцю, наслухаўшыся шуму вады і зрабіўшы новыя здымкі, скіраваліся ў зваротны шлях. Праскочыць праз адну з лужын не ўдалося – забуксавалі. Выбраліся самі. У машыны з’явілася неабходнасць прыняць душ.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 мая 2022
Александр, Василий, Георгий, Ефим, Макар, Сергей, Тарас, Юрий, Ирина

Именины 25 мая 2022
Герман, Денис, Иван, Петр, Федор, Евдокия, Семен, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта