Авторизация
 

Гісторыя аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН: Прыходзіш – а тут жыццё бурліць!

 Нашы дзяўчаты. Так называюць падапечных супрацоўнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН. Самі «дзяўчаты» звяртаюцца адна да адной па імені, адучуваюць сябе значна маладзей за ўказаны ў пашпартах узрост, імкнуцца вучыцца новаму, атрымліваюць асалоду ад зносін.

 

Аддзяленне для пажылых людзей у тэрытарыяльным цэнтры з’явілася ў 2017 годзе. Аднак пра арганізацыю вольнага часу пенсіянераў тут клапаціліся і раней. Збіраліся на пасяджэнні ўдзельнікі клуба «Бажэна», дзейнічалі гурткі па рукадзеллі. Цяпер магчымасцяў актыўна і цікава жыць на пенсіі яшчэ больш. Пашыраць сацыяльныя сувязі пажылых людзей і прапаноўваць ім розныя варыянты адпачынку – у ліку асноўных мэт аддзялення.

 

Гэта дэвіз аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання. Дадаваць у жыццё сваіх падапечных яркіх фарбаў і новых уражанняў імкнуцца загадчык Ганна Ліскова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Юлія Машара і кіраўнік гурткоў Алена Ільічова, якая займаецца з пажылымі людзьмі ў Дзісне.
– Наша аддзяленне маладое, цікавае, актыўнае. Працаваць з наведвальнікамі нават не работа, а само жыццё. Усе мы – калектыў. Умеем чуць адзін аднаго і знаходзіць канструктыўныя рашэнні, – адзначае Ганна Віктараўна. – Дзверы аддзялення адчынены для кожнага, каму за 60 гадоў. Мы рады задаволіць патрэбы ў зносінах і самаразвіцці.

 
Узроставага бар’еру паміж супрацоўнікамі і падапечнымі аддзялення не існуе. Як заўважае Юлія Машара, ёй лёгка знаходзіць агульную мову з пажылымі людзьмі. У іх вучыцца мудрасці, уменню радавацца жыццю і цаніць тое, што маеш.
– Гледзячы на нашых жанчын, зразумела, што старасць можа быць у радасць, – гаворыць яна.
На ўласным прыкладзе наведвальнікі аддзялення даказалі і тое, што вучыцца ніколі не позна. На заняткі па камп’ютарнай граматнасці ў сацыяльнае кафэ «Сярэбраны ўзрост» (адна з ініцыятыў у рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён». – Заўвага аўтара) прыходзілі ў любое надвор’е і цяпер актыўна прымяняюць атрыманыя навыкі. Рэалізацыя ініцыятывы завяршылася, а кафэ працягвае работу, і ў меню шмат цікавых прапаноў. Набіраюць удзельнікаў гуртка па рукадзеллі, вырашылі працягваць заняткі на камп’ютарах, жадаюць глыбей спазнаваць гісторыю і культуру. 

 

Кажуць, усё, што патрэбна чалавеку ў сталым узросце, – увага і зносіны. Наведвальнікі аддзялення атрымліваюць нашмат больш. Ім слова.

Людміла Федуковіч:
– Перш-наперш зацікавілі заняткі па камп’ютарнай граматнасці. Думала, навучаннем усё абмяжуецца. Разам з тым даведаліся шмат чаго іншага. Прыходзілі прадстаўнікі розных устаноў і арганізацый, расказвалі пра паслугі, якімі можам карыстацца. Мы выпякалі і распісвалі пернікі, ха- дзілі на экскурсію ў музей да Вітольда Ермалёнка. Тут пазнаёмілася з цудоўнымі людзьмі. Усё гэта выдатная псіхалагічная тэрапія.

 
Зінаіда Кавалёва:

 
– Прыходзіш – а тут жыццё бурліць! Я ўдзячна нашай Ганначцы – інакш яе не называю – за тое, што запрасіла ў аддзяленне. Уважлівая і чулая, яна да кожнага знаходзіць падыход. У свае 72 гады я была зацятай пенсіянеркай у коле бытавых клопатаў. А тут ажыла. Сустрэла цікавых неардынарных жанчын, чакаю новых сустрэч. Уражвае, што маладыя супрацоўнікі аддзялення столькі нам увагі надаюць. Гэта вельмі прыемна.

 

Вольга Мароз:

 
– Дома ў нас шмат роляў. Жонка, маці, бабуля, гаспадыня. І з імі трэба спраўляцца. А тут мы – дзяўчаты, сяброўкі. Не адчуваецца розніцы ва ўзросце, няма ніякіх рангаў. Кажуць, што прыцягваюцца супрацьлегласці. Гэта не так. Падобнае прыцягвае падобнае. У нас шмат агульных інтарэсаў. Дзелімся тым, чым жывём і што маем. Кожная сустрэча запамінальная. Прыходзь, адчыняй дзверы – і табе тут рады.

 

Таццяна Дзергачова:

 
– Хацела навучыцца карыстацца айфонам, што падарылі дзеці. Буду і далей прыходзіць у аддзяленне. Колькі тут таленавітых людзей, якія цікавыя мерапрыемствы для нас арганізоўваюць! Мне 81 год. За плячыма шмат перажытага, у тым ліку і няпростых жыццёвых сітуацый. Цяпер я памаладзела. І дзеці гэта заўважылі. Вельмі рада, што тут апынулася.

 

Валянціна Крупенька:

 
– Прыходжу за псіхалагічнай разгрузкай. У мяне дачушка – інвалід І групы. Ужо дарослая, але мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Гэта няпроста. Пабыць сярод людзей – вялікая каштоўнасць. Тут адчуваю падтрымку, зараджаюся пазітыўнымі эмоцыямі. Дадому заўсёды вяртаюся з добрым настроем.

 

Ніна Федуковіч:

 
– Раней у тэрытарыяльным цэнтры наведвала гурткі па рукадзеллі. Навучылася вязаць кручком, вышываць атласнымі стужкамі, плесці з газетных трубачак. Скарысталася магчымасцю навучыцца камп’ютарнай граматнасці. Вельмі здзівіла ўнучку-праграміста, калі адправіла ёй прывітанне са сваёй старонкі «УКантакце». Яна не адразу паверыла, што гэта я.

***

Як заўважыла Ганна Ліскова, калі ў тваёй рабоце зацікаўлены іншыя людзі, робіш яе з задавальненнем. Супрацоўнікі і наведвальнікі аддзялення на адной хвалі. Першыя прапаноўваюць розныя напрамкі дзейнасці, другія – лёгкія на пад’ём – з задавальненнем пагаджаюцца.
Многія з падапечных акрамя заняткаў па камп’ютарнай граматнасці ўдзельнічалі ў абласным праекце па навучанні арганічнаму земляробству. Ахвотна прынялі запрашэнне наведацца ў госці да чэраскага клуба «Суседачкі». Нядаўна запісвалі на відэа папуры беларускіх песень для ўдзелу ў конкурсе, што праходзіць паміж тэрытарыяльнымі цэнтрамі. Актыўныя, бадзёрыя наведвальнікі аддзялення для пажылых людзей умеюць жыць на поўную. І ўзрост тут ні пры чым.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта