Авторизация
 

Пчаляр Сяргей КОРСАК з вёскі Сухавержжа: "Некаторыя думаюць: паставіў вуллі – і збірай сабе мёд"

 Пагодны вераснёўскі дзень. Ціха ў лесе, а на балоце Ельня квітнее светла-фіялетавымі званочкамі верас. Па наваколлі разносіцца яго водар, прывабліваючы да сябе працавітых пчолак з пчальніка Сяргея КОРСАКА, што ў вёсцы Сухавержжа.

 

Верас лічыцца адной з апошніх кветак мёдазбору, а таму ў насякомых яшчэ кіпіць работа. Даглядаючы сваіх падапечных, шчыруе на пчальніку і гаспадар. Ся- дзіба размяшчаецца ў некалькіх метрах ад заказніка «Ельня» і ля дарогі на экасцежку, што пралягае да возера Курганістага.
Жыве Сяргей Корсак у Полацку. Працуе дырэктарам фірмы «ВиП цэнтр групп» па арэндзе памяшканняў. На сядзібу ў Сухарвежжа прыязджае ў выхадныя, каб адпачыць душой.
Заходжу ў двор радавога гнязда Корсакаў. На лаве стаіць дымар, падрыхтаваны да паходу на пчальнік. Лёгкімі клубочкамі з яго ідзе дымок.
– Для бяспечнай працы з пчоламі неабходна ў іх домік пусціць дым. Тады яны думаюць, што здарыўся пажар, у сябе набіраюць мёду і не кусаюцца, – тлумачыць Сяргей Іванавіч. – Для мяне праца на пчальніку – найлепшы адпачынак ад штодзённых бытавых клопатаў, занятак для душы.
Сяргей Корсак экіпіраваны ў спецыяльны касцюм пчаляра. Мне выдае ахоўны капялюш. Бярэ з сабой дымар, стамеску для раздзялення рамак у вуллі. Крочым на пчальнік.

 

З чаго ўсё пачыналася? 

 

– Сядзіба з пчальніком дасталася мне ў спадчыну. Пчоламі займаўся мой дзядуля Іван Іосіфавіч Корсак адразу пасля вайны. Усе дамы ў Сухавержжы былі спалены. Вяскоўцы і мае продкі хаваліся ад немцаў на Ельні. Так і ўратаваліся ад гібелі. Пасля жытлы адбудавалі. Сям’я ў дзядулі і бабулі была вялікая – шасцёра дзяцей. Неяк паехалі яны да сваякоў у вёску Крыштулі і тыя далі адзін домік з пчоламі. Дзед Іван з часам пчальнік пашырыў. Клопат пра пчолак перадаў майму тату Івану. Мне было 12 гадоў, калі бацька дазволіў дапамагаць яму з дымаром. Вось так пчалярства перадаецца ў нас у спадчыну. Больш за трыццаць гадоў з ім не расстаюся.

 
Колькі сем’яў на пчальніку цяпер?

 

– Над зборам салодкага нектару шчыруюць 29 сем’яў. Былі гады, што ўтрымлівалася і 50.

 

У чым заключаецца ваша праца?

 

– Некаторыя думаюць: паставіў вуллі – і збірай сабе мёд. На самой справе, шмат сіл трэба. Завітаўшы на пчальнік, штораз раблю агляд. Затым вызначаю далейшы аб’ём работы. Калі ў якім доміку назбіралася дастаткова мёду, адкачваю. Дзе трэба – дадаю рамкі. Шмат клопатаў вясной. Пчолы выходзяць з вулляў і робяць першы аблёт. Трэба пачысціць іх жыллё пасля зімоўкі: прыбраць падмор, вычысціць рамкі, сцены. Парадак важна падтрымліваць рэгулярна, каб не заводзіліся розныя інфекцыі і пчолы не хварэлі. Лаўлю раі і засяляю ў новыя вуллі. Сачу за пашырэннем жылплошчы насякомых.

 

Сябруюць старажылы з навасёламі?

 

– Так, сябруюць. Праца ў іх агульная – збор мёду. Часам здараюцца нападзенні рою на рой.

 
Чаго баяцца пчолы?

 

– Здараецца, восы спрабуюць адабраць мёд. Небяспечныя шэршні, бо яны паядаюць пчол. На такіх нападнікаў ставяцца спецыяльныя пасткі на пчальніку. Для пчол могуць быць і ўнутраныя пагрозы. Напрыклад, дыарэя, рамкі тады трэба чысціць. Яшчэ гэтыя насякомыя баяцца кляшча. Ён падгрызае крылы, і пчала гіне. Пчальнік размяшчаецца ў садзе. Ля першага доміка на ўваходзе мітусяцца пчолы, адны заходзяць, другія выходзяць. У вуллі кіпіць работа. Крочым далей. Гаспадар адчыняе домік. Дымаром абкурвае пчол. Раздзяляе рамкі, надзейна склееныя пропалісам. Дэманструе соты – на іх пакорліва сядзяць насякомыя. У ячэйках – запас мёду.

 
– Калі пчала залятае ў вулей, то частка пыльцы застаецца на рашотачцы на ўваходзе, – працягвае расповяд Сяргей. – Тая пыльца трапляе ў адвод, перепрацоўваецца пчоламі і атрымліваецца пярга. Па-іншаму «пчаліны хлеб». Пярга багатая мікраэлементамі і вельмі карысная для імунітэту. У вуллі мы знаходзім яшчэ пропаліс, які лічыцца моцным антысэптыкам. У доміку стаяць рамкі для збору мёду, па краях – кармавыя рамкі, у цэнтры размяшчаюцца расплод і гняздо. Пчолы працуюць круглы год. У кожнай сям’і размеркаваны абавязкі: адны займаюцца вырошчваннем расплоду, другія – ахоўнікі, трэція лётаюць за мёдам. Пакуль пчала маладая, яна занятая расплодам. Затым здабывае мёд. Зімой пчолы фарміруюць клуб і адзін аднаго саграваюць. Тая, што звонку клуба мяняецца месцамі з той, што ў сярэдзіне і так далей.

 

Які мёд збіраюць вашы пчолкі?

 

– Па меданосе залежыць ад сезона. Вясной пераважна мёд збіраецца з нектару садовых дрэў. Затым ліпа зацвітае. Побач неяк было рапсавае поле – адкачваў рапсавы. Летам актуальнае разнатраўе. Мае домікі не прыстасаваны для перавозу, таму пчолы збіраюць нектар у радыусе 2-3 кіламетраў ад пчальніка. Канешне, лётаюць на Ельню. Верас лічыцца апошняй кветкай у сезоне медазбору. Адрозніваецца верасовы мёд тым, што вельмі густы. Каб яго адкачаць, трэба выкарыстоўваць спецыяльную вібрамашыну або прэс. Не маю такіх прыстасаванняў, таму працэджваю яго крыху падагрэтым. Адметна, што адна пчала за сваё жыццё збірае адну чайную лыжку мёду. Паміж сабой праз танец яны дзеляцца інфармацыяй пра добры і багаты меданос. 

 

Вольга ВІШНЕЎСКАЯ

Фотаматэрыял аўтара

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта