Авторизация
 

Вольга Смаршчок з Дзісны: Дзясяць гадоў на творчым уздыме

 Гісторыю дзісненскага філіяла раённага Цэнтра дзяцей і моладзі можна чытаць па творчых работах вучняў і педагогаў, якімі аздоблены кожны кабінет. Кветкавыя букеты з бісеру, вязаныя сурвэткі, мяккія цацкі, дэкупаж на бутэльках, пано з прыродных матэрыялаў, нятканыя габелены. Гэта далёка не поўны пералік таго, чым займаюцца ў філіяле. За дзесяць гадоў педагогі і выхаванцы паспрабавалі сябе ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Разам з рукадзеллем тут прапаноўваюць заняткі вакалам, развівальныя гульні на камп’ютары і афлайн.

 

Па-вясноваму свежа і радасна

Загадчыца філіяла Вольга Смаршчок праводзіць экскурсію па кабінетах. У кожным шмат цікавых вырабаў. Развешаныя на сценах, расстаўленыя на паліцах, яны надаюць памяшканням асаблівую атмасферу. Нібы знаходзішся ў паралельным свеце, якім правіць яе вялікасць Фантазія.
Позірк прываблівае карціна на сцяне: букет фізалісаў у вазе на пяшчотным жоўта- аранжавым фоне.
– Гэта цісненне папяровымі сурвэткамі, – заўважае Вольга Аляксандраўна. – Патрэбныя па колеры сурвэткі трэба падзяліць на невялікія кавалачкі, зрабіць з іх камячкі і наклейваць на аснову ў адпаведнасці з малюнкам.
Наўрад ці без падказкі здагадалася б, з якога матэрыялу работа. Складана ўявіць, колькі старання і цярплівасці патрэбна, каб атрымаць чаканы вынік.

 
Апантаныя творчасцю педагогі і дзеці з асалодай праводзяць час за ўлюбёнымі заняткамі. Так з’яўляюцца лялькі, тапіарыі, вяночкі, падушачкі, карціны і шмат іншай рукатворнай прыгажосці з розных матэрыялаў у розных тэхніках. Напрыклад, адзін з кабінетаў упрыгожваюць дэкаратыўныя шпакоўні на вялікай сухой галіне дрэва. Глядзіцца сімпатычна і па-вясноваму радасна. Словам, вясна ў філіяле – нязменная пара года. Паколькі тут заўсёды свежыя, як паветра, ідэі, цёплыя, як промні сонейка, дзіцячыя ўсмешкі, дзіўныя, як першацветы, вырабы.

 

Пастаянна цікава і ўтульна

  

Дзісненскі філіял раённага Цэнтра дзяцей і моладзі займае два паверхі ў будынку, дзе калісьці размяшчаўся вучэбны корпус школы-інтэрната. Калі ўстанову расфарміравалі, у кабінетах замест урокаў пачалі праводзіць заняткі па інтарэсах. Дзень нараджэння філіяла – 1 верасня 2011 года. З першых дзён яго нязменна ўзначальвае Вольга Смаршчок. Разам з ёй пачыналі працаваць педагогі дадатковай адукацыі Вольга Сіцько і Аляксей Астукевіч. Да Вольгі Вадзімаўны дзеці прыходзілі вучыцца вязаць і вышываць, майстраваць з паперы, затым захапіліся бісерапляценнем. Сёлета педагог пайшла на адпачынак, а мноства яе і дзіцячых работ засталіся цёплым успамінам і мілым упрыгожваннем у кабінеце. Аляксей Антонавіч цяпер узначальвае Дзісненскі ГЦК, з выхаванцамі філіяла працягвае займацца вакалам і вучыць іх іграць на гітары.

 
Праз некалькі гадоў калектыў філіяла папоўніла Таццяна Кісель. Яна адкрыла дзецям сакрэты работы з тканінай. Пэўны час працавала тут Марыя Расанец. Яе асноўным матэрыялам для творчасці было цеста. Маладым спецыялістам у 2016 годзе прыйшла Наталля Крыўко, займалася з дзецьмі вакалам і танцамі, вяла інтэлектуальны гурток «Што? Дзе? Калі?». Зараз са сваёй сям’ёй жыве ў Наваполацку, працягвае педагагічную дзейнасць.
– У самым пачатку калектыў паставіў мэту: дзецям павінна быць утульна і цікава, – гаворыць загадчык Вольга Смаршчок. – Да гэтага імкнёмся пастаянна.
У філіяле дзейнічаюць два музеі: гісторыі горада Дзісна і экалагічны. Першы – з 2011-га. Другі з’явіўся на год пазней. На экскурсіі сюды прыходзяць выхаванцы ўстановы, жыхары горада і раёна, госці з іншых куточкаў краіны і нават з-за мяжы.

 

Вірус творчасці заражае

 

Пра ўтульнасць і камфорт для дзяцей разам з педагогамі клапоцяцца тэхнічныя работнікі. З самага пачатку працуе тут Валянціна Бушыла. З Адай Казлоўскай і Валянцінай Шупейка яны добрая каманда.
У дзіцячы прытулак перайшла Лілія Протас. Добрым словам успамінаюць у філіяле Канстанціна Малыша. З яго дапамогай вяліся розныя рамонтныя работы, абуладкоўваўся гістарычны музей. Ствараць экалагічны дапамагаў Уладзімір Мароз. Займаўся тут гаспадарчымі справамі Ула-дзімір Карэбчык. Ужо няма сярод нас Руслана Рослава, а на сценах застаюцца дзіцячыя работы ў рамачках, змайстраваных яго ўмелымі рукамі.
– Вірус творчасці заражае ўсіх, – адзначае Вольга Смаршчок. – У калектыве няма такога супрацоўніка, якім не мог бы стварыць штосьці прыгожае. Напрыклад, Валянціна Бушыла шые экасумкі, майструе пано з тканіны.

 

Кожны талент свой развівае

 

За час існавання філіяла многія юныя дзісненцы раскрылі свае здольнасці. Даўно скончылі школу Яўген Протас і Святлана Баброўская, а Вольга Смаршчок і цяпер успамінае, якую цудоўную экскурсію яны правялі ў музеі гісторыі горада, прысвечаную 70-годдзю Перамогі. Сцэнарый распрацоўвалі самастойна.
Яшчэ адна выпускніца – Уладзіслава Малькова – запомнілася арыгінальнымі вырабамі з джынсавай тканіны. У школе ла-дзілі выставу яе работ. Памятаюць у філіяле прыгожы голас Джэсікі Двойнінай, якая займалася вакалам. Яе сястру Валерыю вабіла рукадзелле, не раз юная майстрыца перамагала ў конкурсах.

 
Падрастае юная зорачка Соня Кабяк. Радуюць яе поспехі ў выяўленчым мастацтве. Спрабуюць розныя тэхнікі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Ангеліна і Паліна Грыгаран, Ксенія і Ліза Мароз, Насця Ганебная і іншыя выхаванцы.
– У кожнага дзіцяці ёсць шанц раскрыць свае таленты, – адзначае загадчык філіяла. – Хто сумняваецца, таму кажам: «Давай паспрабуем». І нагадваем, што шлях да выніку ляжыць праз старанне і хуткім быць не можа. Штосьці не атрымалася адзін раз – трэба паўтарыць.

 

Філіял на заняткі чакае

 

У гэтым навучальным годзе ў філіяле дзейнічае 12 аб’яднанняў па інтарэсах. З педагогам Аленай Балаш дзеці спазнаюць бязмежны і яркі свет выяўленчага мастацтва. З Таццянай Кузняцовай асвойваюць розныя віды рукадзелля і камп’ютарныя гульні, якія вучаць думаць і развіваюць уяўленне. З Уладзімірам Расанцом, акрамя работы з дрэвам, можна пагуляць у шашкі і шахматы. Пакуль застаецца свабодным кабінет Вольгі Сіцько. Сюды чакаюць такога ж творчага і зацікаўленага справай педагога, здольнага запаліць інтарэс і жаданне ў дзіцячых вачах і душах.

 
Работы выхаванцаў установы пастаянна накіроўваюць на разнастайныя конкурсы. Як правіла, яны займаюць прызавыя месцы на раённым этапе, адзначаюць іх на абласным, даходзяць да рэспубліканскага. Разам з тым дыпломы на сценах – не мэта, а хутчэй наступства натхнёнай працы і сатворчасці педагогаў і выхаванцаў.
– Работа з дзецьмі і для дзяцей натхняе, дорыць пазітыўны зарад. Калі працуеш ад душы і ведаеш, што твая праца запатрабавана, то вынік будзе, – упэўнена Вольга Смаршчок.
Як творчасць не ведае межаў, так дзісненскі філіял раённага Цэнтра дзяцей і моладзі працуе круглы год. У буднія дні дзяцей чакаюць бліжэй да вечара, па выхадных – каля апоўдня. На канікулах дзверы таксама адчынены. І шмат жадаючых у іх увайсці.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара і з архіва дзісненскага філіяла ЦДМ

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 января 2022
Григорий, Иосиф, Лукьян, Матвей, Роман, Сергей, Евгения, Полина, Татьяна, Семен

Именины 17 января 2022
Александр, Аристарх, Артем, Архип, Денис, Ефим, Иосиф, Климент, Марк, Никанор, Николай, Павел, Прохор, Степан, Терентий, Тимофей, Трофим, Фаддей, Афанасий, Карп, Семен, Филипп

Госці краін

free counters
Партнеры сайта