В Миорском районе созданы благоприятные условия для религиозного и межконфессионального мира

 Па інфармацыі намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Драба, на Міёршчыне створаны спрыяльныя ўмовы для веравызнання, захавання міжканфесійнага міру і згоды.

 

Рэлігійная абстаноўка характарызуецца як стабільная. Зарэгістраваны і дзейнічаюць 29 абшчын, якія прадстаўляюць чатыры канфесіі. Дамінуе ў раёне традыцыйнае для рэспублікі праваслаўе – зарэгістравана 16 прыходаў, дзейнічаюць два стараабрадчыя. Значны працэнт насельніцтва вызнавае каталіцызм, зарэгістравана шэсць адпаведных абшчын. Людзі з павагай ставяцца да веры суседзяў, а ў многіх сем’ях адзначаюць і шануюць традыцыі, святы і памятныя даты абедзвюх рэлігій.
Яшчэ на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць сваю дзейнасць па два прыходы хрысціян Веры Евангельскай і Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, зарэгістравана абшчына адвентыстаў Сёмага дня.

 
Пазіцыя мясцовых органаў улады ў міжканфесіянальным дыялогу будуецца на прынцыпах падтрымкі, узаемаразумення і павагі, пастаяннага супрацоўніцтва з прадстаўнікамі ўсіх абшчын. Арганізуюцца традыцыйныя сустрэчы, падчас якіх вырашаюць шматлікія важныя пытанні.
Святары і пастары актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, удзельнічаюць у разнастайных мерапрыемствах, пасяджэннях па папярэджанні асацыяльных з’яў у грамадстве. Значная іх роля ў выхаванні моладзі. Пры прыходах дзейнічаюць нядзельныя школы, якія наведваюць каля двухсот дзяцей.

 
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак адзначыў, што цяпер духоўна-маральнае выхаванне насельніцтва мае патрэбу ў асаблівай падтрымцы. Усё вастрэй адчуваецца неабходнасць у асобе, якая здольна ствараць, а не толькі карыстацца дабротамі. Адна з найважнейшых крыніц падобных духоўных каштоўнасцей – рэлігія. Менавіта яе нормы, як нормы права, рэгулююць паводзіны чалавека, натхняючы на добрыя ўчынкі і засцерагаючы ад супрацьзаконных.
Як звярнуў увагу ўпаўнаважаны, у Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і накірункаў. Усяго 3 569 рэлігійных арганізацый і 3 395 абшчын. Дзяржава аднолькава добра ставіцца да іх прадстаўнікоў, бо ўсе вернікі – грамадзяне Рэспублікі Беларусь. І традыцыйныя, і нетрадыцыйныя рэлігіі выконваюць важную місію. Шырока прадстаўлены пра- тэстанты – 1 025 абшчын. Неадназначна ставяцца да гэтай канфесіі ў грамадстве. Аднак людзі цягнуцца і богаслужэнні ў іх куды больш масавыя, чым у праваслаўных і католікаў. Актыўныя пратэстанты ў дабрачыннасці і сацыяльнай падтрымцы людзей, жывуць у згодзе з законам і не праяўляюць дэструктыўных паводзін. Рэлігійныя дзеячы іншых абшчын былі заўважаны ў палітызаваных справах пасля жнівеньскіх падзей мінулага года. Больш за ўсё з каталіцкіх храмаў Віцебскай вобласці. Маюць праблемы, мігрыруюць у Польшчу, а святыні і вернікі застаюцца без духоўніка. Наогул, па ўсёй Беларусі каталіцкія прыходы адчуваюць значны кадравы голад.

 
На сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных абшчын Міёршчыны галоўнай мэтай для Аляксандра Румака было пачуць прапановы і пажаданні, дэталёва абмеркаваць невырашальныя задачы. Дыялог адбыўся. Разважалі на розныя тэмы, але вялікіх праблем не вылучылі. Як заўважыў протаіерэй благачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч, усе задачы, пастаўленыя перад рэлігійнымі абшчынамі, у тым ліку па выхаванні духоўна-маральнай асобы, на мясцовым узроўні выконваюцца. Пануе поўнае ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам раёна, адзначана цесная сумесная праца.

 
Міхаіл Кляўко прапанаваў узмацніць прафілактыку асацыяльных з’яў у грамадстве. Не як пастар царквы «Благадаць», а як медработнік з арсеналам спецыяльных ведаў, багаццем наглядных матэрыялаў і неабходных тэхнічных сродкаў ён гатовы дапамагаць у выхавальнай рабоце, каб засцерагчы маладое пакаленне ад небяспечных спакус сучаснасці. Мясцовая ўлада вітае супрацоўніцтва ў гэтым накірунку. Аляксандр Румак таксама адобрыў ініцыятыву, якая перш за ўсё зыходзіць ад сэрца.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотоматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.