Председатель районного объединения Алла СМЕРТЬЕВА рассказала о делах Фонда мира

 Пастановай Генеральнай Асамблеі ААН 21 верасня з 2002 года вызначана Міжнародным днём міру. Гэтая дата сімвалізуе спыненне агню і адмову ад гвалту. Яна служыць напамінам кожнаму з нас пра чалавечы і грамадзянскі абавязак берагчы мір як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце. Пра справы Фонду міру гутарым са старшынёй раённага аб’яднання Алай СМЕРЦЬЕВА.

 

- Сёлета Фонд міру адзна- чыў 60-годдзе. На Міёршчыне яго прадстаўляюць 60 членаў і каля 3 000 валанцёраў-сяброў, хто ўносіць дабрачынныя ахвяраванні. На гэтым і грунтуецца Фонд міру, – уводзіць у курс справы Ала Пятроўна. – Работа ідзе па трох праграмах: «Клопат», «Памяць» і «Народная дыпламатыя».

 

Які з гэтых напрамкаў развіваецца больш за ўсё?

– Памяць. У СШ № 3 за кошт сродкаў Фонду міру ўстанавілі шыльду імя Героя Савецкага Саюза Ягора Томкі. У школы райцэнтра і Дзісненскую набылі стэнды «У страі заўсёды – у памяці навечна». За іх інфармацыйнае напаўненне ўзяліся вучні. Яны прыносілі фотаздымкі і звесткі пра сваіх родных – удзельнікаў вайны. Жыллёва-камунальнай гаспадарцы перададзены грошы для ўстаноўкі ўказальнікаў воінскіх пахаванняў у вёсках Новы Пагост і Масеўцы.

 

Якія пытанні часцей за ўсё даводзіцца вырашаць?

– Штогод дапамагаем шматдзетным сем’ям сабраць дзяцей у школу. Да нядаўняга часу імкнуліся атуліць увагай і клопатам ветэранаў вайны. Дарылі ім сувеніры да святаў, пазначалі жыллё шыльдачкамі «Тут жыве ветэран». Цяпер на Міёршчыне застаўся апошні сведка тых жудасных падзей.

 
Між тым не губляе актуальнасці патрыятычнае выхаванне – дзеці павінны ведаць гісторыю сваёй краіны, яе герояў. Праводзім творчыя конкурсы: паэзіі, сачыненняў, малюнкаў. У розных тэхніках і накірунках школьнікі выказваюць свае думкі і пачуцці, адносіны да падзей мінулага. Конкурс жывапісу «Шчасце жыць у мірнай краіне» прысвячаўся 75-годдзю з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета праявілі свае творчыя здольнасці і чалавечыя якасці ў спаборніцтве «Дзеці малююць мір».

 

Хто знаходзіцца пад апекай раённага аб’яднання?
– Па рашэнні Генеральнай Асамблеі ААН з 2002 года малым, якія нарадзіліся 21 верасня, у Міжнародны дзень міру, прысвойваецца званне «Дзіця міру». Ім уручаюць адпаведны сертыфікат і грашовае ўзнагароджанне. Па жаданні бацькоў праходзіць урачыстая цырымонія рэгістрацыі малых у аддзеле загса. На Міёршчыне 13 чалавек атрымалі гэты статус. У 2017 годзе 21 верасня нарадзіліся двайняткі – міярчане Данііл і Дар’я Плюто. Апошнім часам у гэты дзень малыя на свет не з’яўляліся.

 
Хтосьці з гэтых дзяцей ужо атрымлівае вышэйшую і сярэдне спецыяльную адукацыю, хтосьці пераехаў у іншы горад. Мы з цікаўнасцю сочым за іх лёсамі. Летась планавалі сабраць іх разам з бацькамі на святочным канцэрце ў райцэнтры, але давялося адмяніць яго ў сувязі з пандэміяй. Пры спрыяльных умовах абавязкова сустрэнемся. Таксама ўшаноўваем таленавітых дзяцей – уручаем падарункі падчас свята «Зорны россып». Сувеніры ад Фонду міру атрымліваюць шматдзетныя сем’і - пераможцы конкурсу «Валадар сяла».

 

Пад эгідай Фонду міру рэалізуецца мноства дабрачынных праектаў. Якія найбольш значныя ўвасобілі ў жыццё на Міёршчыне? Што яшчэ ў планах?

– У маі 2019 года ў гарадскім скверы ўрачыста адкрылі дэкаратыўную скульптуру «Дзеці міру – дзецям вайны». На такія – самыя сацыяльна значныя, буйныя праекты – грошы збіраем усім светам. Нам дапамагалі многія. Мы таксама не застаёмся ў баку ад добрых спраў: зрабілі свой унёсак у збор сродкаў на мемарыяльны комплекс «Урочышча Пяскі», што летась адчынілі ў Полацку.

 
Сёлета ўсе добраахвотныя ахвяраванні акумулююцца на ўстаноўку памятнага знака ў скверы, прысвечанага вызваліцелям Міёр і раёна. Яго адкрыццё запланавана на 9 Мая 2022 года, таму кожны жадаючы яшчэ можа паўдзельнічаць. Дзякуй вялікі ўсім, хто падтрымаў гэтую задуму, здароўя вам, міру і ўсяго самага добрага. Наступная задача – адкрыццё камфортных палат для ветэранаў вайны і працы ў бальніцах.

 

Справа ідзе хутчэй, калі за яе ўзяцца талакой. Хто ў вашых добраахвотных памочніках?

– На шчасце, іх шмат. Прырастае і колькасць сабраных узносаў. Летась іх было 3,5 тысячы, сёлета – звыш 6 тысяч. Заўсёды рады падтрымаць добрыя ідэі ўстановы адукацыі, яны ўнеслі ў агульную скарбонку амаль 1,3 тысячы рублёў. Найбольш актыўныя ў гэтым плане Дзісненская, Новапагосцкая і Павяцкая школы. На рахунку медыцынскіх устаноў больш за 700 рублёў, звыш 500 пералічыла жыллёва-камунальная гаспадарка. Актыўна далучыліся раённы вузел электрасувязі, хлебазавод. Сёлета да збору сродкаў падключыўся металапракатны завод, адкуль дадалі яшчэ амаль 500 рублёў. Адбыўся дэбют і 33 індывідуальных прадпрымальнікаў. Вялікі дзякуй Ірыне Булгак, Вользе Бучынскай і іншым. Прынялі ўдзел у зборы сродкаў дзевяць ветэранскіх арганізацый, сярод іх найбольш актыўныя – з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, «Беларусбанка».

 

Якія задачы з’явіліся ў сувязі з пандэміяй?

– У мінулым годзе перадалі цэнтральнай раённай бальніцы тысячу рублёў для набыцця спецадзення. Граматы і падарункі атрымалі медыкі інфекцыйнага аддзялення ў рамках рэспубліканскай акцыі «Паклон вам нізкі, нашы дактары».

 

Што для Вас значыць новае свята – Дзень народнага адзінства?

– Лічу, што многія, у тым ліку нашы землякі, сустрэлі гэтую навіну з удзячнасцю. Народ Беларусі меў патрэбу ў аб’яднанні, згуртаванні. Тым больш, да 1939 года граніца размежавання праходзіла па тэрыторыі раёна. Свята 17 верасня набыло новае гучанне, усталявала сацыяльную справядлівасць. Так і павінна быць. Мы – за мір у нашых дамах, у краіне, ва ўсім свеце.

 

Алена ВАРОНІНА.

Фота з архіваў рэдакцыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.