Авторизация
 

У Міёрскім яслі-садзе № 1 стварана дзяцячая экалагічная пляцоўка «Дакраніся да прыроды сэрцам»

 Адразу на тэрыторыі ўстановы слухаюць спевы птушак, вырошчваюць гародніну і нават збіраюць журавіны выхаванцы Міёрскага яслі-сада № 1. З навакольным светам дзеці знаёмяцца і вучацца яго берагчы, гуляючы па экалагічнай пляцоўцы «Дакраніся да прыроды сэрцам», створанай падчас рэалізацыі ініцыятывы ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. 

 

Спрацавалі зладжана

Ініцыятыву па стварэнні экапляцоўкі «Дакраніся да прыроды сэрцам» у яслі-садзе № 1 рэалізоўвалі на працягу года. Партнёрам выступала браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне трансгранічнага супрацоўніцтва «Еўрарэгіён «Азёрны край». Што атрымалася, расказалі і паказалі падчас прэзентацыі, якая адбылася напрыканцы жніўня.

 
Ля варот садка сустракала гасцей загадчыца Нэлі Сініца. На экскурсію па пляцоўцы запрасілі бацькоў выхаванцаў, калег з іншых устаноў, прадстаўнікоў ініцыятыў і супрацоўнікаў праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён».


– Спрацавалі дружна і зладжана. Рэалізоўваць ініцыятыву дапамагалі кіраўніцтва раёна, аддзел па адукацыі, камунальная служба, індывідуальныя прадпрымальнікі, калектыў установы, бацькі, – заўважыла Нэлі Францаўна і прапанавала прайсціся па экасцежцы, якая адкрывае дзецям дзіўны свет прыроды

 

 Прагуляліся з задавальненнем

У пачатку сцежкі чакае сустрэча з яе гаспадаром – Жураўлём. Тут праходзіць інструктаж, як трэба весці сябе ў прыродзе. Забараняецца зрываць расліны, ламаць галінкі, пакідаць смецце. З сабой з экасцежкі трэба прынесці прыемныя ўражанні, новыя веды і добры настрой.

 
Першы прыпынак – яловы рад. Паміж высокімі елкамі размясціліся домік лесавічка і яго гаспадар. На гэтым прыпынку дзецям расказваюць пра лес, яго флору і фауну, загадваюць загадкі. Далей крочым на метэаралагічную пляцоўку з флюгерам, сонечным гадзіннікам, раслінамі-барометрамі і метэастанцыяй, якая дае поўную характарыстыку надвор’я.

 
 – Усе паказанні: тэмпература паветра, вільготнасць, накірунак і сіла ветру, магчымасць ападкаў – са станцыі перадаюцца на планшэт, які знаходзіцца ў садку, – тлумачыць загадчыца-экскурсавод прынцып дзеяння метэастанцыі. – Пра надвор’е дзецям расказваюць выхавальнікі. Станцыя паказвае прагноз на дзень. Напрыклад, сёння дождж будзе толькі ў дзевяць вечара.

 
Ёсць на экасцежцы маляўнічы куточак з кветкавай клумбай, дэкаратыўным калодзежам і стракатымі лавачкамі. Уладкаваўшыся на іх, дзеці слухаюць экалагічныя казкі і вучаць беларускую мову. З роднымі словамі знаёміць каток, які тут гаспадарыць. Мову птушак вывучаюць у бярозавым гаі. Гэта яшчэ адзін прыпынак экасцежкі. На ствалах высокіх бяроз размясціліся шпакоўні, якія змайстравалі бацькі выхаванцаў. Атрымаўся птушыны гарадок. Пакуль домікі пустыя, чакаюць гаспадароў вясной. Зімой жа на тэрыторыі садка ладзяць сталоўку для птушак.
На міні-балоце ўрадзілі журавіны. Буйныя чырвоныя ягады здзіўляюць і цешаць позірк. Яшчэ тут пасадзілі па некалькі кусцікаў чарніц і буякоў, ёсць брусніцы.

 
 Парадаваў ураджай на «Вясёлым агародзе». Першай радыску сабралі, затым прыйшла чарга агуркоў. Вырасцілі кабачкі, капусту, памідоры.
– Гародчык невялікі, аднак для азнаямлення дастаткова, – заўважае Нэлі Францаўна. – Дзецям цікава гародніну даглядаць. Так адбываецца працоўнае выхаванне. Дарэчы, каго бацькі на ўласныя агароды бяруць з сабой, тыя дзеці ведаюць, што дзе расце і як трэба даглядаць расліны.

 
Насупраць гародчыка размясцілася «Зялёная аптэка». Тут растуць лекавыя травы. Мята, лаванда, мацярдушка, рамонак, календула. Непадалёку ў міні-садзе набіраюць моцы маладыя яблыні, грушы, вішні.

 

Уражанні пазітыўныя

Прагулка па экасцежцы, што пралягла па перыметры тэрыторыі яслі-сада № 1, доўжылася каля паўгадзіны. З цікавасцю крочылі па ёй дарослыя. Верагодна, шмат эмоцый і ведаў дораць такія прагулкі дзецям. Акрамя вышэйназваных прыпынкаў на экапляцоўцы ёсць дарожка здароўя, разнастайныя кветнікі, стылізаваны пчальнік, жывая агароджа са 130 туй. Нядаўна з’явілася летняя лабараторыя для вопытаў з вадой і пяском. На зіму пераедзе ў будынак.

 
Апошні прыпынак – аздоблены жывымі кветкамі куточак рэлаксацыі з фантанам і лавачкамі. Тут госці падзяліліся ўражаннямі ад прагулкі. Тэматычны каардынатар па мясцовых ініцыятывах праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» Вольга Пацеенак уручыла загадчыцы яслі-сада № 1 дыплом за паспяховую рэалізацыю ініцыятывы.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта