Семинар проекта «Обучение женщин Витебской области основам агробизнеса» прошел на Миорщине

 Рабіць цёплыя градкі, мульчыраваць глебу, «заварваць» вермічай і вермікаву. Гэтыя і іншыя навыкі арганічнага земляробства засвоілі ўдзельніцы дабрачыннага сацыяльнага праекта, які рэалізуецца ў Віцебскай вобласці. Сваімі поспехамі і вопытам падзяліліся падчас двухдзённага семінара, што адбыўся ў сярэдзіне жніўня.

 

Дабрачынны сацыяльны праект «Навучанне жанчын Віцебскай вобласці асновам аграбізнесу, прадуктыўнага выкарыстання зямельных участкаў для атрымання дадатковага даходу для сям’і, адкрыццю малога бізнесу» рэалізуецца з восені 2020 года. Ладзяць ініцыятыву Беларускі дзіцячы фонд, Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама пры фінансавай падтрымцы Фонду «Кока-Кола». Выніковыя мерапрыемствы запланаваны на канец восені.

 

Геаграфія мерапрыемства – Глыбоцкі, Шаркаўшчынскі і Міёрскі раёны. Далучыліся земляробы-аматары з Браслаўшчыны і Пастаўшчыны. Насычаная праграма ўключала лекцыі па эфектыўным земляробстве, скіраваным на багаты ўраджай і дадатковы прыбытак; экскурсіі па ўчастках удзельніц праекта, знаёмства з вопытам паспяховых фермераў і гаспадароў аграсядзіб.

 

На фермерскіх плантацыях і прысядзібных участках

Першая кропка маршруту на Міёршчыне – сялянская (фермерская) гаспадарка «Дэмскі сад». Кіраўнік Уладзімір Кашкур чакаў гасцей на плантацыі. Расказаў гісторыю сваёй справы, якая пачыналася ў 2003 годзе на дзесяці гектарах зямлі. Каб вырасціць сад, трэба пасадзіць тры сады, заўважыў фермер. Без праблем і складанасцей не бывае, аднак настойлівасць, працавітасць і паслядоўныя крокі да мэты даюць свой вынік. Цяпер «Дэмскі сад» займае 89 гектараў, на якіх растуць яблыкі, грушы, парэчкі, агрэст, клубніцы, буякі.

 

 У гаспадарцы 16 пастаянных работнікаў, у сезон збору ўраджаю фермер наймае яшчэ памочнікаў. Прадукцыю пастаўляюць на беларускія прадпрыемствы, экспартуюць у Расію. Да прыкладу, у мінулым годзе рэалізавалі 500 тон яблыкаў, 100 тон чорных парэчак. Садаводы-аматары набываюць у гаспадарцы саджанцы пладова-ягадных дрэў і кустоўя. Удзельнікі семінара пачаставаліся буякамі і атрымалі ў падарунак іх саджанцы.

 
З прасторных палеткаў скіраваліся на прысядзібныя ўчасткі ўдзельніц
праекта. Усяго з Міёрскага раёна асновы арганічнага земляробства і магчымасці рэалізацыі вырашчанай прадукцыі вывучалі і практыкавалі дзевяць жанчын. У Міёрах завіталі да Жанны Аўсяннікавай. Уразіла сакавітае зялёнае пер’е цыбулі-парэй, у парніку на цёплых градках урадзілі памідоры розных сартоў. Па новай тэхналогіі садзіла гаспадыня бульбу: па шэсць клубняў у высокія насыпы. Вынік парадаваў.
У Пад’ельцах прагуляліся па ўчастку Вольгі Мароз. У Старым Пагосце сустракала гаспадыня аграсядзібы «Конны дворык» Яўгенія Цітовіч. Дарэчы, акрамя насення, арганічных угнаенняў, неабходных для земляробства матэрыялаў, якімі праект забяспечваў усіх удзельніц, Жэня атрымала полікарбанатную цяпліцу. Цяпер у ёй спеюць сакавітыя памідоры. Ва ўтульнай альтанцы на аграсядзібе за багатым і смачным сталом, які прыгатавала таленавіты кулінар Святлана Рыкун, удзельніцы праекта дзяліліся сваімі ўражаннямі і асэнсаваннямі.

 

Веды – практыка – вопыт

Для міярчанкі Таццяны Пучынскай удзел у праекце стаў своеасаблівай адаптацыяй да жыцця на пенсіі і працягам земляробчых эксперыментаў, якімі настаўніца пачатковых класаў разам з калегамі займалася ў Чапукоўскай школе.

 
– Перш-наперш праект зацікавіў акцэнтам на арганічнае земляробства, без шкоднай хіміі. Упершыню вырошчвала шпінат і пекінскую капусту. Насенне атрымалі якаснае. Купіць яго ў магазіне – латарэя, а тут усё ўзышло, – заўважае яна. – З тэхналогій вельмі спадабалася мульчыраванне. Цяпер уся скошаная на ўчастку трава адразу ідзе на градкі.

 
 Яшчэ адна ўдзельніца з Міёр – Людміла Кушуць – прызнаецца, што адразу паставілася да праекта скептычна.
– Я агароднік і садавод са стажам. Вырошчваю абрыкосы, буякі. Кветкі вельмі люблю. Між тым пераняла для сябе цікавы вопыт, – гаворыць пенсіянерка. – Былі сумненні наконт эфектыўнасці цёплай градкі, мяне літаральна прымусілі яе зрабіць. Вынік задаволіў: агуркі раслі вельмі добра. Мульчыраванне практыкавала і раней, цяпер прымяняю яшчэ больш.

 
Загадчыка аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання ТЦСАН Пастаўскага раёна, маці чатырох дзяцей Аксану Дробышаву ў праект запрасіла сяброўка. Адзначае, што тут упарадкавала веды па культуры земляробства, з дапамогай слушных парад спецыялістаў ператварае гліністы прысядзібны ўчастак ва ўрадлівую глебу. Пайшлі ў ход салома, перапрэлае лісце, трава. Сілкавала зямлю вермачаем, заклала кампосную яму. Дзеліцца ведамі з сябрамі, суседзямі, знаёмымі. Займацца арганічным земляробствам натхніла падапечных аддзялення. Вясной падрыхтавалі ўчастак зямлі, пасеялі насенне, арганізавалі продаж расады.

 
У Браславе ўдзельніцы праекта прадавалі вырашчаную на сваіх участках гародніну. Агуркі, бульба, спаржавая фасоля хутка разышліся, толькі на кабачкі попыт быў меншы, расказала супрацоўніца мясцовага ТЦСАН Ірына Максімовіч. Заўважыла, што да ўдзелу ў праекце заўзятым агароднікам сябе не лічыла, цяпер земляробства цікавіць усё больш. 

 

Юлія КАПЦЭВІЧ, каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду:

– У праекце ўдзельнічае 105 жанчын рознага ўзросту з 11 раёнаў Віцебскай вобласці. Сярод іх пенсіянеркі, шматдзетныя і маці, якія выхоўваюць прыёмных і дзяцей-інвалідаў, сяльчанкі, што маюць намер зрабіць прысядзібны ўчастак крыніцай дадатковага прыбытку. Хтосьці прыйшоў у праект, каб атрымаць ці пашырыць веды па доглядзе за зямлёй. Кожную ўдзельніцу забяспечылі насеннем гародніны, арганічнымі ўгнаеннямі, неабходным для сельгасработ матэрыялам. Кансультавалі гаспадынь эксперты ў земляробчых справах. У кожным раёне сфарміравалася згуртаваная каманда. Падчас двухдзённага семінара ўдзельніцы з розных рэгіёнаў пазнаёміліся бліжэй, падзяліліся вопытам.

 

Анатоль СПРЫНЧАК, кандыдат сельскагаспадарчых навук, эксперт у сферы арганічнага земляробства, дырэктар ТАА «Экамроя»:

– Ёсць капітал эканамічны, а ёсць – сацыяльны. Пад апошнім маюцца на ўвазе ўкладанні ў здароўе, адукацыю, развіццё людзей. Перш-наперш сацыяльны капітал трэба ўкладваць у дамашнія гаспадаркі. Тое, чым займаецца праект, – глыбока і важна. Жанчыны павысілі ўзровень ведаў, палепшылі якасць глебы на ўласных участках, будуць распаўсюджваць ідэі арганічнага земляробства ў сваёй мясцовасці.

 

Аляксандра ПЛЫГАЎКА, вучоны-аграном, глебазнаўца, кансультант праекта:

– Арганічнае земляробства – гэта свайго роду рэанімацыя глебы, аслабленай штучнымі ўгнаеннямі. Кансультавала ўдзельніц праекта з пяці раёнаў. Адказвала на пытанні ў суполках у мэсэнджары, да кожнай асабіста наведвалася на ўчастак. Тлумачыла, як рабіць цёплыя градкі, мульчыраваць глебу, гатаваць вермічай, спраўляцца з хваробамі раслін. У многіх удзельніц, асабліва маладых, не хапала спецыяльных ведаў. Цяпер удзячныя за парады.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.