Авторизация
 

Семінар «Эканоміка ўражанняў як крыніца дадатковага прыбытку на сяле» адбыўся ў Пераброддзі

  У вандроўках па цікавых мясцінах, на фестывалях ці ў музеях мы плацім сваім часам і грашыма перш-наперш за новыя ўражанні. Колькі яны каштуюць, дзе можна іх знайсці і як прыпаднесці, разважалі ўдзельнікі семінара «Эканоміка ўражанняў як крыніца дадатковага прыбытку на сяле», што адбыўся ў сярэдзіне жніўня ў Пераброддзі.

 

Абмеркаваць тэму, падзяліцца вопытам вядучая мерапрыемства, гаспадыня аграсядзібы «Мацейкава сяліба» Галіна Паўлоўская запрасіла мясцовых жыхароў, гаспадароў аграсядзіб, экспертаў у сферы турызму і ўстойлівага развіцця.

 

Поспех за інтэрпрэтацыяй…

Паглядзець на ўражанне як на спажывецкую каштоўнасць прапанавала Вольга Мароз. З 2002 года яна займаецца пытаннямі ўстойлівага развіцця. На той час займала пасаду старшыні Дзісненскага гарвыканкама, распрацавала стратэгію ўстойлівага развіцця горада, выбраўшы турызм як асноўны накірунак у адраджэнні краю, рэалізавала некалькі праектаў.

 
Зрабіць месцейка цікавым і прывабным для турыстаў дапаможа ўдалая інтэрпрэтацыя. Важна ўмець адшукаць новы змест у вядомых фактах, адзначыла Вольга Аляксандраўна. У якасці прыкладаў прывяла аграсядзібы, экамузеі, зялёныя маршруты, фестывалі. У тым ліку экафэст «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю». Звыклыя з’явы – жураўлі, што ў перыяд асенняй міграцыі адпачываюць на Ельні, і журавіны, якімі багата балота, – сталі асновай мясцовага свята, куды прыязджаюць турысты з Беларусі і замежжа.

 
Яшчэ варыянт інтэрпрэтацыі – фестываль кветак у пасёлку Жалудок на Гродзеншчыне. Гэта своеасаблівы працяг традыцый раслінаводства вядомага натураліста 18 стагоддзя Баніфацыя Юндзіла. І падобных прыкладаў у Беларусі нямала. Асобны складнік у асартыменце турыстычных прапаноў – ежа. Дэгустацыя мясцовых страў, майстар-класы па іх прыгатаванні разам з гастранамічнай асалодай дораць мноства іншых уражанняў.

 

…экалагічнай ежай…

– Я шчаслівы чалавек, бо ем натуральныя прадукты, – заўважыў стваральнік і кіраўнік уласнай пермакультурнай гаспадаркі «Экафанія» Мікола Матрунчык.
Пажартаваў, што пермакультурная гаспадарка – для гультаёў, бо экасістэмы гарманічна функцыянуюць у ёй практычна без умяшальніцтва чалавека. Між тым яе стварэннем заняўся больш за 15 гадоў таму разам з чатырма сынамі. 45 сотак цвёрдай зямлі, якая з цяжкасцю прапускала ваду, пакрысе ператварылі ва ўрадлівую глебу, дзе добра растуць зеляніна, гародніна, разнастайныя расліны, пладовыя кустарнікі і дрэвы.

 
У пермакультурнай гаспадарцы важна сумясціць жывёл і расліны і даць ім магчымасць узаемадзейнічаць на карысць, расказваў Мікола Матрунчык. Так, з задачамі трымера куды лепш спраўляюцца козы, а прадукты іх жыццядзейнасці служаць угнаеннем. Домікі для трусоў гаспадар уладкоўвае пад дрэвамі: жывёла жыве сваім звычайным жыццём, а глеба сілкуецца пажыўнымі рэчывамі.

 
Знаёміцца з вопытам такога гаспадарання і біяразнастайнасцю ў «Экафанію», якая знаходзіцца за трыццаць кіламетраў ад Мінска, прыязджаюць вучоныя. Здымалі тут тэлеперадачы пра экаежу, наведваліся журналісты з профільных перыядычных выданняў. Прымае гаспадарка турыстаў, працуе па індывідуальных заказах на натуральную прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі.

 

…развітым брэндам і новымі фарматамі

– Чаму ў Міёрах не вырабляюць журавіны ў цукровай пудры? – задаўся лагічным пытаннем эксперт па мясцовым развіцці турызму Антон Архіпенка (на фота). Развіваць свой брэнд – важная задача. Само паняцце «брэнд», заўважыў эксперт, далёка не абмяжоўваецца лагатыпам. Гэта супольнасць асацыяцый: як успрымаюць тэрыторыю мясцовыя жыхары і турысты. Па меркаванні Антона, брэндаў, якія працуюць, у Беларусі няшмат. Удалым прыкладам лічыць «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім, дзе вішні ў якасці дэкору ўбачыш і на гарадскіх клумбах, і на аўтобусных прыпынках, і на вокнах дамоў.

 
Прывабліваць турыстаў эксперт раіў крэатыўнымі знаходкамі. Можна вырошчваць бульбу незвычайных сартоў. Ці запрашаць на прагулкі па лавандавых палетках, – такое ўжо практыкуецца ў Беларусі. Або прапаноўваць смачныя стравы па арыгінальных рэцэптах. Як прыклад – смажанкі ў Кіраўску, чабурэкі ў Смілавічах, бургеры ў Маладзечне.

 
Мае значэнне фармат адпачынку. Апошнім часам набываюць папулярнасць рэтрыты. Так называюць час, прысвечаны медытацыям, свайму ўнутранаму свету. Так бы мовіць, падарожжа ў сябе. Сельскія цішыня і прастор асабліва падыходзяць для падобных практык.

 

Падчас семінара дзейнічала выстава-продаж мясцовых вырабаў і прадукцыі. Жыхарка Пераброддзя Раіса Іванова прадставіла свае дэкаратыўныя шкатулкі, асновай якіх служаць пластыкавыя ёмістасці. Пчаляр Аляксандр Крокас прывёз салодкія і карысныя ласункі з пчальніка.

 

Мерапрыемства праходзіла ў рамках ініцыятывы «Выкарыстанне мясцовага патэнцыялу як галоўнага рэсурсу для стварэння ўнікальнай турыстычнай прапановы», якая рэалізуецца пад эгідай праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза. За перыяд рэалізацыі ініцыятывы ў Пераброддзі прайшлі круглы стол «Мясцовая супольнасць, культура, традыцыі і рамёствы – магчымасці і перспектывы для стварэння ўнікальнага турпрадукту ў Перабродскім сельсавеце», тур выхаднога дня «На вёску да бабулі», працавала сямейная школа «Вясёлка рамёстваў», адбылося свята народнай творчасці «Перабродская зорка».

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 сентября 2021
Виктор, Герман, Дмитрий, Лев, Николай, Петр, Роман, Сергей, Евдокия, Ия, Карп

Именины 23 сентября 2021
Андрей, Василий, Гавриил, Глеб, Евгений, Иван, Климент, Константин, Николай, Павел, Петр, Татьяна, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта