В Дисне встретили праздник Явления Пресвятой Богородицы «Адигитрия»
gazeta 16-08-2021, 13:47 1 499 Грамадства / ВытворчасцьШтогод Дзісна збірае шмат гасцей 10 жніўня. З ваколіц і здалёк прыязджаюць сюды паломнікі на свята ў гонар Яўлення абраза Прасвятой Багародзіцы «Адзігітрыя». Традыцыя многіх сем’яў – памаліцца ў храме і падысці пад святыню.
Згодна з паданнем, старажытны абраз прыплыў у Дзісну па Заходняй Дзвіне. Сімвалічна, што і хрэсны ход ідзе па яе ўзбярэжжы – з Уваскрасенскай царквы ў Адзігітрыеўскую. Велічны абраз вынеслі з храма пасля Набожнай літургіі, якую ўзначаліў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій. Паломнікі выстраіліся ў ланцужок, а пасля і цягам усяго хрэснага ходу, каб прайсці пад святыняй і папрасіць заступніцтва ў Прасвятой Багародзіцы «Адзігітрыя». Усе спадзяюцца, што яна пачуе і дапаможа. Па веры людской адбывалася шмат ацаленняў душы і цела, скіроўвала правільным шляхам.
Падчас богаслужэння ўзносіліся малітоўныя прашэнні і пра дараванне міру беларускаму народу і спыненне распаўсюджання шкоднай пошасці. А для гэтага, як звярнуў увагу ў пропаведзі благачынны Міёрскай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч, усе павінны жыць па-хрысціянску – па Запаветах Божых. Тады чалавецтва будзе шчаслівае і духоўна здаровае. На тое скіраваны і намаганні святароў. За старанную працу на славу Святой Царквы епіскап Ігнацій узнагародзіў іерэя, настаяцеля Язненскай Спаса-Праабражэнскай царквы Сергія Гуцко правам нашэння паліцы.
Прасвятая Багародзіца «Адзігітрыя» некалі ўратавала горад ад пажару. Сімвалічна, што падчас хрэснага ходу яе нясуць агняборцы. Шмат гадоў пачэсную місію давяраюць выратавальнікам ПАВЧ № 3 ЛВДС «Дзісна». Гэта адзінае падраздзяленне ў вобласці, якое ўдзельнічае ў падобных мерапрыемствах. Абраз лічаць і заступніцай сваёй часці.
Пад званы і царкоўнае песнапенне хору Богаяўленскага кафедральнага сабора Полацка думалася пра дабрыню, верылася ў самае лепшае, бадай, кожнаму даросламу ўдзельніку Хрэснага ходу, што чыталася па светлых позірках і ўсмешках. Эмоцыі захаплення і павагі да свята азаралі і дзіцячыя тварыкі. Уражанні падмацоўвалі гандлёвыя рады, дзе галоўны тавар – самаробныя ледзяшы. Пеўнікі на палачцы, цукровыя ў яркіх абгортках ласункі не раўня чупа-чупсам. У святым намоленым месцы кожны адчуваў благадаць.
Наталія СТАНКЕВІЧ
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.