Ремонтные работы в Язненской школе завершены

 Камісію па прыёмцы школы ў Язне чакаюць 10 жніўня. Да пачатку апошняга летняга месяца рамонтныя работы ва ўстанове адукацыі завяршылі. 

 

– Касметычны рамонт у класах робім штогод. Згодна з санітарнымі правіламі, цяпер шпалеры ў школьных навучальных кабінетах не рэкамендуюцца. Пакрысе замяняем іх на пафарбаваныя сцены. Сёлета зрабілі так у адным з класаў для вучняў-пачаткоўцаў, – расказвае загадчык гаспадаркі Вольга Семяняка. – Падлогу кожны год фарбуем як у кабінетах, так і ў калідорах. Агульная плошча – 1 280 метраў квадратных. Асвяжылі колеры на вулічнай спартыўнай пляцоўцы. Фарбай цалкам забяспечыла СУП «Цітова», за што вельмі ўдзячны. За ўласныя сродкі адрамантавалі дах у гаражы, зрабілі касметычны рамонт у лабаранцкай кабінета фізікі і некаторых класах.

 
Вольга Пятроўна праводзіць экскурсію па класных кабінетах. Паўсюль блішчыць падлога. Паху фарбы не адчуваецца. Прыемны водар свежага рамонту. Цікавае тэматычнае афармленне ў кабінеце англійскай мовы, дзе гаспадарыць настаўніца Таццяна Шчарбіцкая. Кабінет геаграфіі, замацаваны за педагогам Святланай Сімановіч, два гады таму быў пераможцам раённага агляду-конкурсу. Тады і з’явілася тут мультымедыйная ўстаноўка – зручны сучасны памочнік настаўніка на ўроках. Акуратна і ўтульна ў кабінеце рускай мовы, дзе вядзе ўрокі Кацярына Альхімовіч.

 
Рыхтаваць школу да новага навучальнага года пачалі адразу пасля выпускнога і за паўтара месяца справіліся. Дружна працавалі тэхнічныя работнікі Наталля Яўгенаўна Шыман, Наталля Фёдараўна Шыман, Таццяна Валынец, Алена Ластоўская, Ірына Радзюшка, Алена Вайцяховіч. Дзякуючы іх старанням выхаванцы лагера «Сонейка», што распачаў работу з 2 жніўня, прыйшлі адпачываць у абноўленую школу.
Усё лета шмат клопатаў на школьным двары.

 
– Прышкольная тэрыторыя каля трох гектараў. Трэба пастаянна абкошваць. У мінулым годзе ад аддзела па адукацыі атрымалі электрагазонакасілку, якая значна аблягчае працу рабочых Андрэя Гінько і Юрыя Пазіка, – заўважае Вольга Пятроўна. – Клапоцімся пра эстэтычны выгляд тэрыторыі. Кветкамі займаецца настаўніца біялогіі і геаграфіі Святлана Сімановіч. Дапамагае ёй дворнік Ірына Гінько. У спякоту палівалі некалькі разоў на дзень.

 
Дарэчы, расаду кветак і гародніны школа рэалізуе мясцоваму насельніцтву. Па словах Вольгі Семяняка, даход маюць нядрэнны. Частку сродкаў выкарысталі на сёлетнія рамонтныя работы. Прыёмку школы загадчык гаспадаркі чакае з хваляваннем. Для яе гэта свайго роду экзамен, хоць паспяхова здае яго не ўпершыню. Працуе з 2016 года. Перапынкам стаў водпуск па доглядзе дзіцяці, адкуль вярнулася ў лістападзе мінулага года.

 
– Апошні тыдзень перад прыёмкай падводзім фінальныя штрыхі. Прыбіраем, мыем, чысцім. Прыводзім класы ў належны стан, згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, – гаворыць суразмоўніца. – Калектыў працавіты, згуртаваны. Гэта вельмі важна. Разам падрыхтавалі школу да новага навучальнага года, і яна гатова сустракаць вучняў.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.