Арэлі пачынаюць свой разбег, і ніяк не стрымаць вокліч захаплення і радасці. Рукі мацней сціскаюць поручні, позірк імкнецца ў блізкую азёрную сінечу, а душа проста ляціць. Палёт у лета. Туды, дзе распарадак вольных дзён запаўняюць купанне ў возеры і сонечныя ванны ў шэзлонгу, рыбалка і прыгатаванне юшкі на кастры, пляжны валейбол і веласіпедныя прагулкі. За такім адпачынкам едуць у вёску Мілашова на аграсядзібу «Антонаўка».
Цікавы дэкор, яблыневы сад і сасновы бор
Гушкацца на шырокіх арэлях, любуючыся маляўнічым азёрным пейзажам, можна доўга. Між тым у «Антонаўцы» яшчэ шмат чаго цікавага. Ля берага лодка і катамаран. Крыху наводдаль пляцоўка з валейбольнай сеткай і баскетбольным кольцам. Адразу ля пірса месца адпачынку з лавачкамі пад высокім драўляным парасонам. Яшчэ адзін пірс метраў за пятнаццаць спецыяльна для рыбалкі. Ёсць дзе зварыць юшку і пасмажыць шашлык.
На прасторным падворку падрастаюць яблыневы сад і сасновы бор. Цешаць вока дэкаратыўныя кампазіцыі: металічная карэта і драўляны вазок з петуніямі, хатка Бабы Ягі. Для дзіцячых забаў пясочніца і горка ў выглядзе казачнага замка. Для ўтульных пасядзелак – драўляная альтанка.
Праз дарогу зручная паркоўка з камянёў. Адразу за ёй агародчык, парэчкавы сад і спуск да сажалкі, дзе красуюць дэкаратыўныя лілеі, плавае пенапластавы лебедзь і куды часам прылятае жывая чапля. Побач альтанка, адкуль удзень цікава назіраць за палётамі буслоў, што пасяліліся на дрэве ў суседнім двары, а ўвечары слухаць канцэрты жаб і конікаў пад плёскат рыбы. Увесь дваровы дэкор гаспадары Анатоль і Таццяна Тычко прадумвалі і стваралі самі. Будаўнік па спецыяльнасці Анатоль шмат чаго ўмее рабіць сваімі рукамі. Вось і бацькоўскую сядзібу ператварыў у прывабнае месца адпачынку.
Памяць пра Антонавіча
Ідэю адчыніць аграсядзібу прапанавала мужу Таццяна.
– Шмат чытала пра аграэкатурызм у СМІ. Задумала паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, – расказвае яна. – Уяўленне пра аграсядзібу ў мяне спачатку іншае было. Думала, што абавязковымі складнікамі ўнутранага афармлення павінны быць калаўрот, лавы, вязаныя дыванкі і іншыя прадметы даўніны і сельскага быту. Аднак сучаснаму адпачывальніку патрэбны і камфортны ложак, і інтэрнэт, і душ з гарачай вадой, нягледзячы на блізкасць возера.
Рэканструкцыю дома ў Мілашове пачалі ў 2013 годзе. Падмацавалі фундамент, памянялі дах. Адрамантавалі на сучасны лад і толькі ў адным пакоі пакінулі зробленыя бацькам Эдуардам Антонавічам столь і падлогу. Як памяць пра дарагога чалавека і ўмелага майстра. Дарэчы, менавіта яго імя па бацьку стала асновай назвы «Антонаўка». У маладым яблыневым садзе цяпер растуць побач антонаўка і яблыня сорту «Алена». Так звалі маці Анатоля.
Па прынцыпе «ўсё ўключана»
Першых гасцей Анатоль і Таццяна прынялі ў 2016 годзе. Сям’і з Санкт-Пецярбурга адпачываць у беларускай глыбінцы вельмі спадабалася. Пасябравалі з гаспадарамі і сталі наведвацца кожнае лета. Шкадуюць, што з-за складанай эпідсітуацыі не змаглі прыехаць сёлета.
Аграсядзіба «Антонаўка» пазіцыяніруе сябе як месца для сямейнага адпачынку. Працуе круглы год, найбольш адпачывальнікаў цёплай парой.
– Здаём два дамы. Адзін на восем чалавек, другі разлічаны на чатырох. Нядаўна мінчане адпачывалі, у трэці раз прыязджала сям’я з Барысава, – расказваюць гаспадары. – Аддаём перавагу тым, хто застаецца на тыдзень ці даўжэй. Прымаць гасцей толькі на выхадныя даволі турботна. Працуем па прынцыпе «ўсё ўключана». За пражыванне заплацілі, астатняе – мангалы, вуды для рыбалкі, спартыўны інвентар, веласіпеды, лодка і катамаран, гародніна і садавіна – у поўным распараджэнні адпачывальнікаў. Гатуюць яны самі.
Адны ўвесь час бавяць на сядзібе, іншыя скіроўваюцца ў вандроўкі па ваколіцах. Ёсць што паглядзець. У Мілашове – адрэстаўраваная сядзіба, у Ідолта – прыгожы касцёл. Пяць кіламетраў да вадаспаду на рацэ Вята. Некаторыя і на разбураную сядзібу ў Дзедзіна дабіраюцца, і на экасцежку на Ельні.
Поўны тэкст вы можаце знайсці ў нумары №60 "Мёрскіх навін" на сайце https://belkiosk.by.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял аўтара.