Авторизация
 

Як жыве магазін у Пераброддзі раскажа прадавец Таццяна Панізнік

 Магазін у Пераброддзі знаходзіцца паміж вясковай плошчай, дзе штогод ладзяць свята «Перабродская зорка», і мясцовай царквой. Прывабны знешне, невялікі і ўтульны ўнутры. Паліцы застаўлены разнастайнымі таварамі, і кожны пакупнік, як правіла, знаходзіць тое, за чым прыйшоў.

 

Другі год сустракае наведвальнікаў за прылаўкам прадавец Таццяна Панізнік. Клапоціцца, каб усе неабходныя тавары пастаянна меліся ў наяўнасці. Калі чаго ў асартыменце няма, па просьбах сяльчан прывозіць ім з Міёр, адкуль прыязджае ў Пераброддзе на працу. Яна пастаянны пасажыр ранішняга аўтобуса «Віцебск - Браслаў» і вячэрняй маршруткі ў зваротным накірунку.

 
– Праезд мне аплачваюць, гэта добра. Калі б яшчэ жыла ля аўтастанцыі, зусім цудоўна было б. 45 хвілін затрачваю на дарогу з вуліцы Ясеніна, што ў раёне сельгастэхнікі, да вакзала. Летам добра прагуляцца, зімой не вельмі, – расказвае Таццяна Мікалаеўна. – У цэлым жа работай задаволена. Падабаецца прапаноўваць пакупнікам тавар, гутарыць з імі. Сфера гандлю – гэта маё.

 
Прафесія прадаўца вабіла Таццяну з дзяцінства. Калі гулялі з сяброўкамі ў магазін, «за прылаўкам» заўсёды была яна. Скончыўшы Міёрскую СШ № 3, паступіла ў Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж, дзе яшчэ больш упэўнілася ў правільнасці выбару. На працяглы час прафесійную дзейнасць змянілі сямейныя справы. Клапацілася пра дачушку Насцю, якая нарадзілася з інваліднасцю. Чатыры гады, як яе не стала, некалькі дзён не дажыла да 20-годдзя. Перажыць расставанне маці дапамагала адказнасць за двух малодшых дзяцей. Сыну Мікіту хутка споўніцца 18, а дачка Ксенія скончыла першы клас. Па словах Таццяны, дзеці – галоўны стымул і крыніца радасці ў яе жыцці.

 
Работа таксама прыносіць задавальненне. Магазін у Пераброддзі прыняла 3 сакавіка 2020 года. Раней у гэтым месцейку даводзілася бываць толькі праездам. Хутка пазнаёмілася з мясцовымі жыхарамі, вывучыла іх густы. Першым часам сяльчане здзіўляліся, як прадавец запамінае, што яны куплялі тыдзень таму, і цікавіцца, ці патрэбны гэты тавар яшчэ.

 
– Лёгка запамінаю і людзей, якія прыходзяць у магазін, і іх пакупкі, і цэны на прадукты. Часам раю купіць той ці іншы тавар. Аднойчы прыйшоў пакупнік за кефірам, а ў выніку на 35 рублёў закупіўся, – усміхаецца Таццяна. – Лічу камунікабельнасць важнай якасцю для прадаўца. Асабліва ў сельскім магазіне, куды прыходзяць не толькі па пакупкі, але і за зносінамі. Разам з тым трэба разлічваць пакупнікоў аператыўна. Не люблю, калі чарга збіраецца.

 
Доўгіх чэргаў у перабродскім сельмагу не бывае, аднак пакупнікоў за дзень некалькі дзясяткаў наведваецца. І мясцовыя, і прыезджыя. За паўгадзіны нашай размовы завітала 15 чалавек. Адны за марожаным і ліманадам, другія за смятанай, трэція за каўбасой, чацвёртыя за ласункамі да чаю. Хутка разлічыўшы пакупнікоў, Таццяна вярталася да дыялогу.

 
– Марожанае і халодныя напоі цяпер нарасхват, – заўважае прадавец. – Разам з тым і іншыя тавары на паліцах не затрымліваюцца. Заказала з нашага мясакамбіната 68 кілаграмаў каўбасы – за тыдзень засталося дзесяць. Сачу, каб і гаспадарчыя тавары былі ў наяўнасці. Напрыклад, фарба летам запатрабавана. Складаючы заяўкі, улічваю інтарэсы пакупнікоў.

 
Працуе магазін у Пераброддзі з 11.00 да 19.00 без перапынку на абед. Выхадныя ў нядзе- лю і панядзелак. Вяскоўцам хацелася б, каб адчыняўся раней, ды і прадавец рада была б раней дадому вяртацца, але так не атрымліваецца. Трэба ўлічваць адлегласць і магчымасці транспарта. Нягледзячы на пэўныя складанасці, на працу Таццяна едзе з бадзёрым настроем. Каб дадаць утульнасці на рабочым месцы, прывезла сюды вазоны з пакаёвымі раслінамі. Нават калі хварэла, прыязджала кветкі паліваць. Заўважае, што яна не аматар змяняць месцы працы. Прыемна займацца любімай справай у невялікім магазіне ў Пераброддзі, дзе ўсё ўжо добра знаёма.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта