Председатель Дисненского горисполкома Евгений Баран вручил ключи от новых квартир переселенцам из аварийного жилья

 Дзевяцікватэрны дом па вуліцы Леніна, 101 можна па праву лічыць яшчэ адной адметнасцю Дзісны. Светлы, прыгожы, ён удала дапоўніў і падкрэсліў статуснасць мікрараёна шматкватэрнай забудовы горада. Але галоўнае ўсё ж не знешняе аблічча, а тое, што навасёлы тут – перасяленцы са старога і аварыйнага жылля.

 

Восем чалавек прымалі новую жыллёвую плошчу са слязьмі шчасця на вачах, яшчэ не да канца ўсведамляючы, што нарэшце пераедуць ва ўтульныя кватэры. Яны – паўнапраўныя жыхары дома, пабудаванага для перасяленцаў са старога і аварыйнага жылля, што фінансуецца са сродкаў бюджэту.

 
20 ліпеня ў Дзісненскім гарвыканкаме старшыня Яўгеній Баран уручаў ключы ад кватэр з пажаданнямі кожнаму жыць у шчасці і дабрабыце. Перададзены на баланс дзісненскага ўчастка УП ЖКГ дом, як адзначыў начальнік Руслан Смірноў, засяляць давядзецца пазней, калі завяршыцца працэс цэнтралізаванага заключэння дагавораў на газа- і электразабеспячэнне. Пакуль прадстаўнік заказчыка – вядучы інжынер па тэхнаглядзе Браслаўскага УКБ Валерый Падаляка рэкамендаваў рэгулярна праветрываць памяшканні, каб з новых сцен найхутчэй выпаралася вільгаць. Уласнікам прыватызаваных у старым жыллі кватэр вернуць іх ацэначны кошт, патлумачыла начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міёрскага райвыканкама Жанна Падаляка.

 
Замест 36 квадратаў цяпер у распараджэнні кожнага з васьмі навасёлаў плошча ўдвая большая. Гэта абсталяваныя санвузлом, аздобленыя газавай плітой і абклеяныя моднымі шпалерамі двухпакаёвыя кватэры. Па дзве лоджыі на кожную. Прыемны бонус – від на сасновы бор, які распасціраецца з вокнаў. Паветра чыстае, як на курорце.

 
Прадавец магазіна «Ніка-Прэстыж» Алёна Руткоўская (фота на 1-й стар.)з пятнаццацігадовай дачкой Вікай, бадай, самыя жыццярадасныя перасяленцы.
– Аж не верыцца! – захапляюцца дзяўчаты сваёй кватэрай на трэцім паверсе. – У доме па вуліцы Першамайскай няма сістэм водазабеспячэння і ацяплення. Там працякае дах, ад сырасці і цвілі пакутвалі шмат гадоў. Тут суха, светла, прасторна. Санвузел на месцы, нарэшце абзавядзёмся пральнай машынай-аўтамат.

 
 Алёна – вясковая, родам з чапукоўскіх мясцін. Загартаваная ручной сельскай працай, дабротамі цывілізацыі не спешчаная, але карыстацца імі маладой жанчыне хацелася, як усім. За прадастаўленую магчымасць жыць у камфортных сучасных умовах яна шчыра ўдзячна начальніку галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю Андрэю Мацюшэнку.

 

На той прыём грамадзян па асабістых пытаннях у чэрвені 2017 года ў Дзісненскі гарсавет завіталі з суседкай. Скаргі ад імя ўсіх жыхароў восьмага дома па Першамайскай Андрэй Юр’евіч выслухаў вельмі ўважліва. Пасля выехаў на месца і адразу вынес вердыкт: ніякім капітальным рамонтам і рэканструкцыяй ужо немагчыма штосьці паправіць. У хуткім часе экспертная камісія пацвердзіла непрыдатнасць дома для пражывання. Пасля было прынята рашэнне Віцебскага абылвыканкама аб адсяленні з аварыйнага і старога жылля і будаўніцтве арэнднага дома. Распачалося яно ў жніўні летась, у гэтым жа месяцы сёлета засяленне.

 
Сярод навасёлаў і былая загадчыца дзіцячага сацыяльнага прытулку Людміла Калачова. Цяпер на заслужаным адпачынку, але актыўная ў грамадскіх справах Дзісны. Пакуль муж Юрый Віктаравіч крытычна акідвае вокам новыя апартаменты, яна радуецца:
– Недахопы будаўніцтва мяне не цікавяць. Галоўнае, ёсць доўгачаканая новая кватэра, ужо ўласнымі сіламі давядзём яе на свой манер і густ, абставім новай мэбляй. Абы было здароўе.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.