Члены клуба «Бажена» провели встречу у руководителя Ирины ГУЩА

 Нядзельным вечарам 11 ліпеня ўдзельнікі клуба «Бажэна» спяшаліся на доўгачаканую сустрэчу. Месцам чарговага пасяджэння выбралі дачу кіраўніка Ірыны ГУШЧА ў маляўнічым куточку на беразе возера. На працягу некалькіх гадзін тут гучалі цікавыя размовы, вясёлы смех, песні пад гармонік.

 

Апошні раз «бажэнаўцы» збіраліся разам у лютым 2020-га года. Таму летнюю сустрэчу чакалі з радасцю.

 
Дружная кампанія з 16 чалавек грунтоўна падрыхтавалася да пасяджэння. Жанчыны апранулі прыгожыя летнія сарафаны і аздобілі свае шляпкі жывымі кветкамі. Многія ў якасці галаўнога ўбору выбралі вянкі. Нават адзіны ў клубе мужчына Мікалай Федуковіч далучыўся да кветкавага дрэс-коду. Як заўсёды, заўзята граў на гармоніку любімыя песні, а жанчыны дружна падпявалі. З цікавасцю слухалі вершы, якія чыталі паэтэсы Ларыса Барок і Валянціна Крупенька.

 
Прыемныя сюрпрызы чакалі юбілярак Вольгу Мароз і Ніну Федуковіч. Вольга Аляксандраўна ў маі сустрэла 60-годдзе, а Ніне Міхайлаўне ў чэрвені споўнілася 70. Гэтыя лічбы – фармальнасць для жанчын, поўных жыццёвай энергіі, здаровага аптымізму і разнастайных планаў. Як заўважыла Вольга Мароз, яна атрымлівае асалоду ад кожнага пражытага дня і акцэнтуе сваю ўвагу на радасных момантах.

 
Забаўляльную праграму падрыхтавала бібліятэкар Вольга Федуковіч. Менавіта ёй перадала свае паўнамоцтвы кіраўнік аб’яднання Ірына Гушча. Усе адзінагалосна падтрымалі кандыдатуру.

 
– Сем гадоў я ўзначальвала клуб «Бажэна». Аднак прыходзіць час, калі трэба штосьці мяняць, – гаворыць Ірына Леанідаўна. – Многіх засмуціла маё рашэнне, але дарэмна. Я застаюся з «Бажэнай», толькі ў якасці ўдзельніцы. Упэўнена, што энергічная, актыўная і творчая Вольга Федуковіч справіцца з новымі абавязкамі, а мы будзем ёй ва ўсім дапамагаць.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял прадаставіў клуб «Бажэна».

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.