Продавец Татьяна Добрынина из Новгород: «Атмосфера в сельских магазинах теплая и уютная»

 Прадаўцу Таццяне ДАБРЫНІНАЙ пакупнікі дораць кветкі не толькі на святы. Рады падзяліцца краскамі, якія толькі распусціліся на клумбах, і сваімі асабістымі радасцямі і турботамі. Так павялося, што ў сельскі магазін прыходзяць не толькі за пакупкамі, але і за стасункамі. А на аўтарытэт прадаўца разам з прафесіяналізмам працуюць яго дабрыня і эмпатыя.

 

Магазін у Наўгародах знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Тут светла, утульна, прасторна. Прыветнай усмешкай сустракае прадавец Таццяна Дабрыніна. Ведае кожнага мясцовага жыхара і яго пакупніцкія густы. Арыентуючыся на патрэбы сяльчан, складае заяўкі на неабходныя тавары.

 
– Летам весялей. Прыязджаюць унукі да дзядуль і бабуль. Наведваюцца за пакупкамі сяльчане з ваколіц, – заўважае Таццяна Іосіфаўна. – Мне падабаецца ў сельскіх магазінах працаваць. Атмасфера ў іх цёплая, утульная. Вяскоўцы – народ добразычлівы і кантактны.

 
За прылаўкам наўгародскага магазіна Таццяна з 2017 года. У сферы гандлю занята больш за 20 гадоў, хоць прадаўцом быць зусім не планавала. Атрымала ў 1997-м прафесію швяі, вярнулася на Міёршчыну, але работы па спецыяльнасці не знайшлося. Уладкавалася прыбіральшчыцай у буфет на аўтастанцыі, які знаходзіўся ў структуры райспажыўтаварыства. Кіраўніцтва прапанавала паспрабаваць сябе ў ролі прадаўца. Пасля стажыроўкі ў магазіне «Ветэран» у райцэнтры Таццяна самастойна гандлявала ў сваёй роднай вёсцы Букава, больш чым на дзесяць гадоў затрымалася ў Чапуках. Пасля быў магазін «Цэнтральны» ў Міёрах, адкуль перайшла ў Наўгароды.

 
– Дзе толькі ні працавала, – усміхаецца прадавец, азіраючыся ў мінулае. – Да новых месцаў прывыкала хутка. Так, у кожным свой мікраклімат, пакупнікі розныя. Аднак мне работа не ў цяжар. Люблю гэту справу перш-наперш за пастаянныя стасункі. Калі пакупнікоў няма, таксама не сумую, хапае спраў з дакументацыяй. Што да складанасцяў, то яны ў любой рабоце ёсць, аднак усё вырашальна.

 
Наша размова час ад часу перапыняецца: Таццяне Іосіфаўне трэба адпускаць пакупнікоў. За паўгадзіны іх было пяцёра. Разам з іншымі прадуктамі куплялі марожанае. Цяпер гэта самы запатрабаваны ласунак. Як заўважыла прадавец, за тыдзень рэалізавалі 17 каробак, у кожнай у сярэднім па сорак пачак. Яшчэ ў спёку высокі попыт на кефір. Увогуле малочная прадукцыя ў любую пару запатрабавана. Як і каўбасныя вырабы. Пакуль не паспелі свае агуркі і памідоры, сяльчане купляюць іх у магазіне. А вось свежая бульба па цане тры рублі за кілаграм асаблівым попытам не карыстаецца. Затое зімой разбіралі добра.

 
 – Купляюць свежамарожаную рыбу і курыцу. Любяць верхнядзвінскую выпечку. Торты заказваюць, – працягвае прадавец пералік пакупніцкіх густаў сяльчан. – Часам тэлефануюць у магазін ці мне на мабільны спытаць пра наяўнасць таго ці іншага тавару. І прадукты харчавання, і сродкі гігіены, і бытавая хімія, і школьныя прылады знаходзяць сваіх пакупнікоў.

 
Дзверы сельмага адчынены з дзесяці раніцы да шасці вечара. У суботу рабочы дзень скарочаны да трох, у нядзелю – выхадны. Таццяну такі графік цалкам задавальняе. Ёсць час пабыць з сям’ёй і справіцца з хатнімі клопатамі. А іх дома ў Мілейках багата. Ра- зам з мужам Русланам – жывёлаводам ААТ «Пад’ельцы» – гадуюць каня, дзвюх кароў, свіней, птушку. Дапамагае па гаспадарцы свякроўка, што жыве побач, дарослыя сыны Ігар і Дзмітрый, знаходзіцца справа і для дачушкі-школьніцы Дашы.

 
– Хутка хлеб будзе. Вось-вось прывязуць, – гаворыць Таццяна Іосіфаўна сяльчанцы, што прыйшла ў магазін за свежымі боханамі.
Прадаўцу хутка час прымаць тавар, таму вырашаем больш не займаць яе і, зрабіўшы фотаздымкі, развітваемся. На парозе размінаемся з чарговымі пакупнікамі. Напэўна, за дзень іх сюды прыйдзе нямала.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.