Авторизация
 

Ярка і шумна Дзісна адзначыла Дзень горада

 Прагноз надвор’я настойліва перадаваў на мінулую суботу ў Дзісне ліўневыя дажджы. На працягу дня не ўпала ні кроплі. Свяціла сонца, лёгкі ветрык дарыў жаданую прахалоду. Хавалі ад духаты цені высокіх дрэў у парку, дзе праходзіла свята «Дзісненская хваля». Цікавае, утульнае, шчырае, вясёлае.

 

Гасцей і гараджан цёпла сустракала

Бліжэй да апоўдня ў Дзісне на скрыжаванні вуліц Леніна і Юбілейнай пачалі збірацца супрацоўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада. Святочнай калонай рушылі ў парк, дзе чакалі прыемная атмасфера і пазітыўныя эмоцыі. Павіншаваў дзісненцаў са святам старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў. Падзякаваў за любоў і адданасць свайму гораду і запэўніў, што з кожным годам мястэчка будзе станавіцца яшчэ больш зручным для жыцця. Хоць не ўсё атрымліваецца адразу, Дзісна развіваецца.

 
Старшыня райвыканкама адзначыў заслугі работнікаў гарадскіх устаноў. Уручыў Ганаровую грамату намесніку дырэктара Дзісненскай школы па выхаваўчай рабоце Алене Красоўскай. Аб’явіў падзяку начальніку ўчастка ЖКГ Руслану Смірнову. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагародзіў ўрача агульнай практыкі паліклінікі Дзісненскай БСД Таццяну Сіняўскую.

 
– Афіцыйна нам 560 гадоў. Наш горад захаваў сваю самабытнасць і прыгажосць, – падкрэсліў у прывітальным слове старшыня Дзісненскага гарадскога выканаўчага камітэта Яўген Баран. – Хачу пажадаць, каб горад стаў самым лепшым для кожнага з нас. А мы з вамі былі дружнымі, моцнымі і надзейнымі.

 
Для сваіх жыхароў гарвыканкам падрыхтаваў дыпломы і падарункі. У намінацыі «Вялікая дружная сям’я» вызначылі сям’ю Пятра і Алены Конахаў. За «Дом узорнага парадку» атрымалі ўзнагароды Мікалай і Юлія Шоцікі, Іван і Альдона Фёдаравы. «Любімая справа» – намінацыя майстра гарадскога Дома рамёстваў Уладзіміра Майсяёнка. «За актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада» адзначылі ДЛГУ «Дзісненскі лясгас», «За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада» – загадчыка Дзісненскай БСД Святлану Палячэнка, за «Лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан тэрыторыі» – аддзяленне кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН, прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Ніка Прэстыж», «За дапамогу гораду» – цэх № 4 КУВП «Віцябчанка».

 

 Музыкай сваёй струны душы кранала

Канцэртная праграма «Квітней, горад мой!» сабрала ў глядзельнай зале пад сінім небам дзясяткі гледачоў. Многія стаялі: так зручней падтанцоўваць у такт вясёлых песень. Старымі добрымі кампазіцыямі «Касіў Ясь канюшыну» і «Завалинка» ўздымалі настрой «Дзісенчукі». «Будет все у нас хорошо», – упэўнівала песенным радком Святалана Протас. Цёпла прымалі самую юную артыстку Машу Астукевіч з песенькай пра маленькі караблік, які не баіцца шторму, і дзіцячы танцавальны гурт «Вясёлка». Любаваліся зладжанымі рухамі дзяўчат з харэаграфічнага калектыву «Натхненне». Свае вершы пра Дзісну, якая стала другой радзімай, чытала са сцэны ўдзельніца творчага аб’яднання «Пунсовы ветразь» Тамара Клопава. Кожны нумар артыстаў Дзісненскага ГЦК выклікаў сімпатыі гледачоў, выказаныя дружнымі апладысментамі і воклічамі захаплення.

 
Дабавілі пазітыўных эмоцый і прыемных уражанняў выступленні калектываў «Язынка» і «Азярніцы».

 

Сувеніры, майстар-класы, фота прапанавала

На працягу ўсяго свята па сцежках-дарожках парку прагульваліся жыхары і госці горада. Цікавіліся прапановамі гандляроў, любаваліся вырабамі народных майстроў. Вось на беразе ракі ладзіць фотасесію дзяўчына ў доўгай блакітнай сукенцы. Прымерыць гэты ўбор і пафатаграфавацца ў ім прапаноўвалі майстры Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў.

 
– У мінулым годзе шмат хто фатаграфаваўся ў сукенцы колеру рачной хвалі, апранаюць яе і сёлета, – гаворыць дырэктар установы Людміла Ганебная. – Яшчэ ў нас дзве фотазоны. Адна аформлена ў сельскім стылі – са стогам сена, плотам, прыладамі працы, гароднінай у кошыку, на другой – дэкаратыўны веласіпед. Змайстравалі і фотарамку для здымкаў. На выставе прадстаўляем свае вырабы. Сярод іх дамавічкі, лялькі, вязаныя дыванкі, тканыя паясы і іншыя.

 
Майстар-клас разьбы па дрэве ладзіў Уладзімір Майсяёнак. Удзельнікі практыкаваліся ў вырабе лыжкі. Гэты занятак патрабуе сілы ў руках, таму цікавіў пераважна мужчын. Роспіс пернікаў найбольш прывабліваў дзяцей. Пагуляць у смачную латарэю, якую кіраўнік ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны» Ксенія Маскаленка традыцыйна прапаноўвае на святах, жадалі і малыя, і дарослыя.

 
 – Купляеце пернік – на гэты раз у нас ласункі з лагатыпам свята «Дзісненская хваля» – і, калі пашанцуе, выйграеце яшчэ што-небудзь смачненькае. Ужо разыгралі набор пернікаў, - гаворыць майстрыца.
Спрабую салодкую ўдачу – два пернікі набыла і яшчэ два выйграла.

 
Асалоду для душы дарыў дзісненскі мастак Уладзімір Расанец. Размясціўся адразу ля ўваходу ў парк, таму мала хто праходзіў міма яго творчасці. На акварэльных і напісаных маслам карцінах – адметнасці Дзісны і ваколіцы гарадка. Руіны бальніцы, царква, брукаваная вуліца знайшлі адлюстраванне на палотнах рознага памеру.
– Вось толькі што купілі карціну з выявай паромнай пераправы. Паром, дарэчы, многім падабаецца, – заўважае творца. – Пейзажы таксама дзісненскія, хоць не заўсёды можна здагадацца, што гэта за месцы.

 

Радасных эмоцый кожнаму хапала

У праграме свята горада для ўсіх прадугледзелі штосьці цікавае, вясёлае, забаўляльнае. Для дзяцей – машынкі, поні, батуты, фестываль фарбаў «Холі». Для моладзі – выстуленне байкераў, канцэрт Сашы Нэма, дыскатэка. Для дарослых – радасць сустрэч, музычныя нумары любімых мясцовых артыстаў, разнастайныя гандлёвыя прапановы. Для ўсіх – усмешкі, вясёлы настрой, непаўторныя ўражанні і яркі святочны салют.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта