Авторизация
 

Язненская ўчастковая бальніца - месца, дзе прыемна і працаваць, і лячыцца

  Чытаючы мастацкі твор, у якім дзеянне адбываецца ў медустанове, то і справа натрапіш на выраз «шэрыя (сумныя, халодныя, змрочныя) бальнічныя сцены». Язненская ўчастковая бальніца зусім не падпадае пад такое апісанне. Тут стварылі ўмовы, у якіх прыемна і працаваць, і лячыцца.

 

Хораша і ўтульна

У кабінеце ўрача агульнай практыкі Уладзіміра Пашковіча на адной сцяне мноства дыпломаў і грамат, на другой – фотаздымкі тэрыторыі бальніцы, аздобленай кветкамі і дэкаратыўным кустоўем.

 
– Знешні выгляд тэрыторыі змяняецца, хочацца захаваць ранейшыя сюжэты на фота, – заўважае Уладзімір Пятровіч. – Добраўпарадкаваннем займаемся пастаянна. Лічу, што месца працы трэба трымаць у такім стане, каб было прыемна сюды прыходзіць. Большую частку свайго часу мы праводзім на рабоце, таму тут павінна быць прыгожа. На радасць і сабе, і нашым пацыентам. Любая хвароба – гэта негатыўныя эмоцыі. Утульнасць і прыгажосць у бальніцы дадаюць пазітыву. Імкнёмся бальнічныя ўмовы набліжаць да дамашніх.

 
На сценах у калідорах установы – карціны і фотавыставы. Адна з іх – «Язна святочнае» – рэпартаж са святаў, што праходзяць у месцейку. На другой адлюстравана вёска з вышыні птушынага палёту. Яшчэ адна фотападборка – мясцовыя пейзажы. На любімым фота Уладзіміра Пашковіча – стагі сена ў туманнай смузе. Мой позірк прывабілі трое буслоў у гняздзе.

 
 Ідэі па ўнутраным і знешнім афармленнні медустановы – калектыўныя. За іх рэалізацыю ў прыватнасці на вуліцы адказвае дворнік Ала Вайцяховіч. Штодня спяшаецца з суседняй вёскі Пашніно палоць і паліваць клумбы, прыбіраць участак.
– Працую 15 гадоў. Ужо восем як на пенсіі, – расказвае яна. – Люблю работу. З маленства прывучана да працы на зямлі. Мне гэта лёгка, звыкла і ў радасць.

 

Справа добра знаёма

Калектыў Язненскай участковай бальніцы налічвае 25 супрацоўнікаў. Абслугоўвае мед- установа насельніцтва сельсавета. Пярвічную медыцынскую дапамогу аказваюць урач агульнай практыкі, чатыры фельчары (у тым ліку на ФАПах у Ісце, Канцэраве, Басянках), акушэрка, фельчар-лабарант, зубны фельчар, медсястра фізіякабінета, шэсць медсясцёр. Працуюць педыятрычны і тэрапеўтычны кабінеты. На 14 ложкаў разлічана стацыянарнае аддзяленне. У палатах размяшчаюць па два – тры чалавекі. Як правіла, лечацца тут вяскоўцы пажылога ўзросту, у якіх абвастрыліся хранічныя захворванні. Праходзяць рэабілітацыю пасля інсульту ці інфаркту. Часам трапляюць на бальнічны ложак пацыенты працаздольнага ўзросту.

 
Пад наглядам медыкаў немаўляты і цяжарныя жанчыны. Цяпер на ўчастку пяць малых да года. Дзве жанчыны чакаюць дзіця.
Свой калектыў Уладзімір Пашковіч называе згуртаваным і вопытным. У большасці медработнікаў стаж перавышае 20 гадоў. Сам урач агульнай практыкі заняты тут 24 гады. Зубны фельчар Валянціна Мароз ставіць пломбы сяльчанам з 1983-га.
– Удзень прымаю 12 чалавек, бывае і больш, – гаворыць яна. – Прыходзяць мясцовыя жыхары, часам прыязджаюць з Дзісны, Цвеціна, іншых вёсак.

 
Пагутарыць даўжэй не выпадае: у Валянціны Сцяпанаўны ў крэсле чарговы пацыент, а ў калідоры чакаюць яшчэ трое.
Папаўняюць калектыў маладыя спецыялісты. Так, Маргарыта Шчарбіцкая трэці год працуе медсястрой. Вярнулася ў родную вёску па размеркаванні, плануе тут затрымацца.

 

Ад «кароны» прышчэпка ўратуе

На парадку дня медыкаў – прафілактыка каронавіруснай інфекцыі. Як заўважае Ула- дзімір Пашковіч, хворых на «ковід-19» на ўчастку няшмат. Штомесяц выяўляюць двух – чатырох. У каго захворванне працякае бессімптомна ці ў лёгкай форме, застаюцца дома. Астатнія лечацца ў райцэнтры.

 
Актыўна ідзе кампанія па вакцынацыі.
– Напярэдадні правялі растлумачальную работу ў працоўных калектывах. Расказвалі, чаму варта зрабіць прышчэпку, – адзначае Уладзімір Пятровіч. – Вакцыніраваліся супрацоўнікі бальніцы, прышчапілі педагогаў і сацыяльных работнікаў. Цяпер ўвага на пажылых людзей з хранічнымі захворваннямі. На ўчастку прышчапілася каля 300 чалавек. З катэгарычна адмоўным стаўленнем да вакцынацыі супраць каронавіруса не сустракаліся. Хтосьці сумняваецца, але ў цэлым людзі зацікаўлены абараніць сябе ад хваробы. Пераносяць прышчэпку без ускладненняў. У кагосьці можа на некалькі гадзін падняцца тэмпература да 37,5.

 
 Доктар перакананы, што вакцынацыя спыніць каронавірус. Менавіта з дапамогай прышчэпак у Язне засцерагаюцца ад грыпу.
– На працягу апошніх дзесяці гадоў мы пастаянна вакцыніруем ад грыпу больш за 40 працэнтаў жыхароў. Перш-наперш педагогаў, работнікаў гандлю і іншых сфер, дзе пастаянна кантактуюць з людзьмі. Як вынік – няма эпідэміі і зніжаецца колькасць іншых прастудных захворванняў, – заўважае доктар. – Каб сфарміраваўся калектыўны імунітэт супраць каронавіруса, трэба прышчапіць не менш за 60 працэнтаў насельніцтва.

 

Лад з сабой здароўе падмацуе

Цікаўлюся ў доктара, як зберагчы здароўе. Замест тыповага «весці здаровы лад жыцця» Уладзімір Пятровіч гаворыць:
– Жыць у гармоніі з сабой. Адчуваць свой унутраны свет, адгукацца на патрэбы арганізма. Калі ў 18 гадоў можна ноч не спаць, раніцай адчуваць сябе бадзёра і ўвесь дзень быць актыўным, то ў 50 так не атрымаецца. Рэжым дня і харчавання павінен адпавядаць узросту. Лічу, што варта прытрымлівацца традыцый продкаў. Чым харчаваліся нашы дзядулі і бабулі? Хлеб з малаком, мяса з уласнага падворка, натуральныя гародніна і садавіна. Аснова здаровага меню: правільныя суадносіны бялкоў, тлушчоў і вугляводаў, расліннай і жывёльнай ежы. Наўрад ці ў былыя часы раніцай рабілі зарадку, без таго нагрузкі хапала. Цяпер мы менш рухаемся, таму не варта забываць пра фізкультуру. Аднак трэба выбіраць занятак, які будзе ў задавальненне. Калі не па душы прабежкі, наўрад ці яны дабавяць здароўя. Яшчэ трэба жыць па прынцыпе – добра там, дзе мы ёсць. Пачнем так думаць – станем шчаслівымі.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара і Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта