Юрий Сташулёнак : 55 лет - новая отметка в жизни
gazeta 17-06-2021, 11:09 5 662 Грамадства / Юбілей
Будні электраманцёра Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы Юрыя Сташулёнка звычайныя. Пачынаюцца з планёркі. Затым накіроўваецца правяраць ахоўнае абсталяванне. За ім замацаваны каля трыццаці аб’ектаў у горадзе і раёне. Яшчэ сочыць за спраўнасцю сігналізацыі ў кватэрах і прыватных дамах. Юрый Генадзьевіч заўсёды можа расквеціць шэрыя будні вясёлымі жартамі, добразычлівай усмешкай, – пацвярджаюць калегі, знаёмыя і сваякі. На вяселлі яго запрашалі сватам ажно 16 разоў! На навагоднія святы ў аддзяленні аховы пераўвасабляецца ў Дзеда Мароза, весяліць і радуе падарункамі дзяцей. Нядаўна прызначаны прафсаюзным лідарам арганізацыі. 15 чэрвеня Юрый Генадзьевіч аздначае 55-годдзе.
Маленства юбіляра прайшло ў вёсачцы Белеўцы. У дружнай шматдзетнай сям’і Генадзя Аляксандравіча і Аліны Іосіфаўны выхоўваліся яшчэ Валерый, Міхаіл і Ірына. Калі Юрыю было каля 10 гадоў, пераехалі жыць у райцэнтр. Пасля заканчэння СШ № 1 ён вывучыўся на электраманцёра прамысловага электраабсталявання ў Маладзечанскім ПТВ. Дыплом атрымаў з адзнакай. Армія паклікала ў вайсковую часць у Печах, што пад Мінскам. Два гады нёс службу вадзіцелем. Вярнуўшыся дадому, уладкаваўся на аўтабазу.
Рэйсы пераважна былі на Прыбалтыку, Расію і Украіну. Прывабілі больш далёкія адлегласці, пайшоў працаваць дальнабойшчыкам. Калясіў па дарогах Заходняй Еўропы, ездзіў і на Расію. Вазілі драўніну, прадукты, тэхніку, электрапрыборы, запчасткі і іншае. Каля дзесяці гадоў таму змяніў працоўную дзейнасць: перайшоў у Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку быў вартаўніком, пасля стаў электраманцёрам. Юрый Генадзьевіч адзначае: калі ведаеш сваю справу, то складанасцей не ўзнікае. Па сумніўных пытаннях заўсёды раіцца з калегамі.
Цікава ўсё, хоць і штодзённа: праца, зносіны з людзьмі. Вопытны спецыяліст прыгадвае, што раней за начное дзяжурства прыходзілася выязджаць на аб’екты па тры – чатыры разы. З новымі прыборамі стала значна лягчэй, спрацоўваюць не так часта. Трэба адзначыць, што Юрыя Сташулёнка неаднаразова ўзнагароджвалі падзякамі за добрасумленную працу. Удзельнічае ў інтэлектуальных спаборніцтвах, што праводзяцца ў аддзяленні. Найбольш яму па душы шахматы, па іх займае прызавыя месцы.
Юрый з жонкай Наталляй выхавалі дваіх сыноў. Старэйшы Марк скончыў Ваенную акадэмію, магістратуру пры ёй і працуе камендантам пагранатрада ў Гродне. З дочкамі Сафіяй і Дар’яй прыязджаюць у Міёры бавіць вольны час. Малодшы Павел пасля сталічнага інстытута ўладкаваўся на ММПЗ інжынерам па абслугоўванні абсталявання.
Дом сям’і Сташулёнкаў размяшчаецца непадалёк ад райцэнтра ў Блажках. Вясковае жыццё складана ўявіць без гаспадаркі. У парадку і прысядзібная тэрыторыя, і тэхніка. Пакуль гаспадары на працы, вартаўнік тут нямецкая аўчарка Арчы. Дарэчы, сабакі – адно з любімых захапленняў гаспадара. Сам іх выхоўвае і дрэсіруе, нават дае парады і дапамагае знаёмым у гэтых пытаннях.
Гісторыя цікаўнасці даўняя. Захацелася пародзістага сабаку завесці. Купілі нямецкую аўчарку коштам звыш 100 долараў. З Ланцай у Полацку на міжнароднай выставе занялі трэцяе прызавое месца. Раззнаёміўся са спецыялістамі, стаў цікавіцца больш сабакамі. Спрэзентавалі і другога чатырохногага сябра, назваў Глэдзіс, дрэсіраваў. На наступнай выставе занялі з ім першае месца, а праз год былі на другой прыступцы п’едэстала.
Вольга ВІШНЕЎСКАЯ,
Фота аўтара і з архіва Юрыя Сташулёнка.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.