Авторизация
 

Смачна, сытна, разнастайна: экскурсія па сталовай ММПЗ

 Міёрскаму заводу па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі няма аналагаў на ўсёй постсавецкай прасторы. Каля 30 яго будынкаў размясціліся на 42 гектарах зямлі. Заварожваюць сваёй магутнасцю цэхі, найсучасная вытворчасць. Уражваюць і перавагі для завадчан. На прадпрыемстве дзейнічае сталовая, яе супрацоўнікі стараюцца ўсіх смачна накарміць. Пасля напружанай змены металургам прыемна вяртацца ў новае ўтульнае жыллё. На ўскрайку райцэнтра пабудаваны цэлы мікрараён таунхаўсаў і 40-кватэрная пяціпавярхоўка па вуліцы Лермантава.

 

Супрацоўнікам металапракатнага завода няма неабходнасці браць на работу зсабойкі. Паабедаць можна ў завадской сталовай. Штодня наведвальнікаў чакае смачны асартымент абедзенных страў. Ёсць у меню прапановы і для прыхільнікаў правільнага харчавання, і для тых, хто любіць паласавацца духмянай выпечкай, якую гатуюць у кандытарскім цэху.

 

Абедаў хопіць усім

З 11.00 сталовая гатова прымаць наведвальнікаў. Найбольш ажыўлена тут бліжэй да апоўдня. Прыходзяць падсілкавацца спецыялісты,  работнікі цэхаў. Абедзенная зала адначасова можа змясціць да 100 чалавек. За дзень у сярэднім харчуюцца 150. Доўгія чэргі на раздачы не ўзнікаюць: для зручнасці на заводзе загадзя распрацавалі графік наведвання сталовай па цэхах. Да 14.00 усе жадаючыя паспяваюць паабедаць.

 
– Харчуюся тут штодня. Гатуюць добра. Меню змяняецца, стравы розныя, таму любімых у мяне яшчэ не з’явілася, – расказвае начальнік цэнтральнай завадской лабараторыі Аляксей Радзівонаў. – Раней працаваў на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне. Там таксама абедаў у сталовай, але выбар быў большы. Можа быць, з часам і тут асартымент пашырыцца.

 
– Абедаць прыходжу не кожны раз. Стравы розныя выбіраю. Прапаноў хапае, і ўсё смачна, – гаворыць менеджар па закупках Вольга Куруза.

 
 У дзень візіту рэдакцыі ў сталовай прапаноўвалі на абед суп капусны і бульбяны з фасоляй, прасяную кашу і бульбяное пюрэ, капусту брокалі на пары, смажаную ў яйку і сыры рыбу, свіную пячонку з цыбуляй, сасіскі, салаты з гародніны, розныя напоі і выпечку з уласнага цэху. Ёсць з чаго выбіраць.

 
Азнаёміўшыся з меню і цэнамі, наведвальнікі ставяць на падносы стравы, што больш прывабілі, і накіроўваюцца да касіра. Разлічвацца можна наяўнымі, карткай або праз прапускны чып. У апошнім выпадку суму вылічуць з зарплаты. Кошт абеду залежыць ад выбраных страў. Комплексны набор з супа, салаты, мясной ці рыбнай стравы і напою абыходзіццца ў восем – дзесяць рублёў. Калі дастаткова, напрыклад, катлеты з салатай, можна ўкласціся ў тры – чатыры.

 

Працуе зладжаная каманда

У штаце завадской сталовай 14 чалавек. Загадчык, бухгалтар, таваразнаўца, касіры, повары, кухонныя работнікі, прыбіральшчык, грузчык. Ва ўсіх свае абавязкі, але гатовы дапамагаць адзін аднаму.

 
– Сваю работу зрабіла – да іншых на падмогу спяшаюся. Калі трэба, і падлогу памыю, і сталы ў парадак прывяду. Узаемавыручка згуртоўвае калектыў, – заўважае старшы повар Ларыса Жылевіч. – Працую тут з першых дзён. Раней была занята ў санаторыі «Расінка». Маю шосты разрад і больш за 25 гадоў стажу. У завадской сталовай працаваць падабаецца. Змена доўжыцца з васьмі раніцы да васьмі вечара, але я прывыкла да нагрузак і хуткага тэмпу. Да таго ж зручны графік: тры дні працуем, тры адпачываем.

 
 З «Расінкі» перайшла ў сталовую металапракатнага завода і повар Вольга Кузьміна. Гаворыць, развітвацца з санаторыем, на кухні якога прайшло 26 гадоў, было няпроста. Аднак новую старонку ў сваім жыцці адгарнула з цікавасцю. Касір Алена Дармаковіч раней працавала кладаўшчыком у ДРБУ-203. Работа з лічбамі і дакументацыяй ёй добра знаёма. Хутка асвоілася на новым месцы. Перш чым сесці за касавы апарат, дапамагае калегам падрыхтаваць абедзенную залу. На любым аб’екце грамадскага харчавання разам з чысцінёй і тэмпам важны добры настрой. Гэта таксама адзін са складнікаў смачнай стравы і прыемнага апетыту. Персанал працуе на пазітыве.

 

На стадыі развіцця з задачамі на перспектыву

Першых наведвальнікаў сталовая ММПЗ прыняла 20 студзеня. Чатыры месяцы работы загадчык вытворчасці Яўген Сухадолец называе стадыяй развіцця і лічыць, што на гэтым этапе спрацавалі паспяхова. У сталовай сучаснае абсталяванне, адказная каманда, расце колькасць наведвальнікаў.

 
– У асноўным харчуюцца супрацоўнікі завода. Кармілі работнікаў іншых арганізацый, якія былі заняты на нашым прадпрыемстве, – расказвае загадчык вытворчасці. – Дарэчы, меню складаем на аснове праграмы харчавання, распрацаванай сумесна са спецыялістамі навукова-практычнага цэнтра па харчаванні Нацыянальнай Акадэміі навук. Уключаем стравы для дыетычнага і лячэбна-прафілактычнага харчавання. Напрыклад, катлеты на пары, запяканкі і так далей. У рамках праграмы вытворчага кантролю заключылі дагавор з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікі якога раз на месяц праводзяць кантрольныя мерапрыемствы. Выконваем санітарна-гігіенічныя нормы. Чысціня і  парадак на кухні – закон.

 
Сфера грамадскага харчавання Яўгену добра знаёма. У 2015 годзе скончыў Магілёўскі дзяржуніверсітэт, дзе атрымаў спецыяльнасці інжынера-тэхнолага грамадскага харчавання і эканаміста камерцыйнай дзейнасці тавараў народнага спажывання. Працаваў у санаторыях, з мінулага года заняты на металапракатным заводзе ў Міёрах.

 
Як расказаў загадчык вытворчасці, прадукцыю для завадской сталовай у асноўным пастаўляюць прадпрыемствы Віцебскай вобласці. Сярод іх міёрскія мясакамбінат і ўчастак хлебазавода, Верхнядзвінскі масласырзавод. Вывучаецца пытанне па супрацоўніцтве з мясцовымі сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі, у якіх завод зацікаўлены закупляць садавіну і гародніну.

 
Імкнуцца арганізаваць харчаванне для работнікаў начных змен. Закуплены апарат самаабслугоўвання, дзе можа будзе выбраць гатовую страву. Застанецца толькі разагрэць у мікрахвалёўцы. Намераны развіваць рознічны гандаль. Для гэтага трэба вывучыць спажывецкі попыт. Да прыкладу, марожанае, якое нядаўна з’явілася ў буфеце, разыходзіцца хутка. Задумак яшчэ шмат, а галоўная мэта – задаволіць сваіх кліентаў.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта