Авторизация
 

Даярка Алена САВЕЛЬЕВА - ў ліку найлепшых аператараў машыннага даення СУП «Цітова»

 Даярка Алена САВЕЛЬЕВА ад малочнатаварнай фермы «Цвеціна» жыве за тры кіламетры. Тройчы на дзень пераадольвае гэтую адлегласць на веласіпедзе, толькі зімой у галалёд перасаджваецца на транспарт, што выдзяляе мясцовая гаспадарка. Цяжкасці яе не палохаюць: некалькі разоў мяняла месца жыхарства і сферу дзейнасці.

 

Алена Рамуальдаўна ў ліку найлепшых аператараў машыннага даення СУП «Цітова». Леташні надой ад кожнай каровы ў яе групе склаў 7 980 кілаграмаў. Падчас размовы з жанчынай па тэлефоне склалася ўражанне, што за яе плячыма салідны стаж у жывёлагадоўлі. У асабістай размове высвятляецца: аператарам машыннага даення працуе толькі тры гады.

 

– Я вельмі люблю жывёлу, і яна адказвае тым жа. На ўласным падворку трымаю свіней, цяля, курэй, яшчэ нядаўна разводзіла і трусоў, – пералічвае хатнюю гаспадарку Алена Савельева. – Пасля дойкі хочацца адпачыць і расслабіцца, а мае гадаванцы не даюць засумаваць. Калі завіхаюся ля дома, побач заўсёды сабака і кот Фелікс.

 
У юнацтве Алену не вабіла сельская гаспадарка. У Пашуціне, куды планавала пайсці вучыцца, можна было атрымаць толькі дзве прафесіі – агародніка ці электраманцёра сельскай электрыфікацыі сувязі. Ураджэнцы вёскі Зябкі Глыбоцкага раёна хацелася рамантыкі: падабаліся хлопцы ў ваеннай форме, і працаваць думала ў мужчынскім калектыве. Таму выбрала другі варыянт. Але трапіць у ваенную часць не давялося – размеркавання не было.

 
Выйшла замуж і пераехала ў Ветрына. На мясцовую фабрыку патрабаваліся швеі, і Алена Рамуальдаўна пачала асвойваць новыя абавязкі. Ужо мела невялікі вопыт – шыла рэчы для сваіх родных. Міёрская гісторыя Алены Савельевай бярэ адлік з 1988 года, калі яе пераводам накіравалі ў «Віцябчанку». Падрастала маленькая дачушка, а ездзіць з Цвеціна ў Дзісну на веласіпедзе было далекавата.
– Зразумела, што горад – не для мяне. А ў вёсцы ціха і спакойна, – прыводзіць довад субяседніца. – Цяпер сын і дачка жывуць у Полацку, прыязджаюць не так часта, як хацелася б. Іх горад вабіць.

 
 Пасля другога дэкрэтнага водпуску вырашыла зноў змяніць сферу дзейнасці. Спачатку даглядала свіней на комплексе. З прафесіяй асемянатара знаёмілася ў суседнім раёне – у гаспадарцы «Маяк Браслаўскі». Калі свінакомплекс зачынілі, улакавалася даяркай.
Вось ужо тры гады Алена Рамуальдаўна занята на малочнатаварнай ферме «Цвеціна». Рабочы дзень пачынаецца а палове пятай. Раздаць муку, вымыць бачкі, падаіць кароў, закаркаваць малочныя каналы – абавязкі з дня ў дзень не змяняюцца, а праца прыносіць задавальненне.

 
– Асаблівых сакрэтаў па доглядзе за жывёлай не маю. Я пакуль вучуся ў больш вопытных калег. Са сваімі гадаванцамі размаўляю, лашчу іх і супакойваю, калі баяцца. Усім патрэбны дабрыня і ласка. На полі даіць лягчэй, больш рухаешся, а ў даільнай зале пачынаюць балець рукі, бо даводзіцца ўвесь час падымаць іх – каровы стаяць высока. Гэта як канвеер,– расказвае субяседніца. – Дзякуй калегам за мудрыя падказкі, узаемавыручку і цярплівасць. А кіраўніцтву гаспадаркі – за падтрымку ва ўсіх вытворчых і жыццёвых пытаннях, за тое, што заўсёды ідуць насустрач. Менавіта дзякуючы Марыі Сцяпанавай, Францу Вершалоўскаму я калісьці паспрабавала сябе ў розных прафесіях у сельскай гаспадарцы. Быў перыяд, калі адначасова працавала аператарам, асемянатарам і селекцыянерам на свінакомплексе. Але цяжару не адчуваеш, калі работа ў радасць. 

 

Алена ВАРОНІНА

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта