В Новом Погосте состоялось открытие обновленной братской могилы
gazeta 17-05-2021, 09:58 1 196 Грамадства / Беларусь памятае
У Новым Пагосце напярэдадні Дня Перамогі адбылося адкрыццё абноўленай брацкай магілы. Урачысты мітынг прайшоў з удзелам адміністрацыі раёна, мясцовых жыхароў, моладзі.
Няма ў Беларусі такога куточка, дзе б ні пакінула свой след вайна. Як расказала жыхарка Новага Пагоста і краязнаўца Леаніда Закрэўская, 11 мясцовых сяльчан загінулі, змагаючыся з ворагам, пяць дзяцей былі вывезены ў Германію. Вёска і яе ваколіцы знаходзіліся пад акупацыяй з 30 чэрвеня 1941-га да 2 ліпеня 1944 года.
Падчас вызвалення гэтай мясцовасці вялікія страты панесла 166-я стралковая дывізія, у склад якой уваходзілі жыхары Сібіры, Казахстана і Сярэдняй Азіі. Загінулі сяльчане з суседніх вёсак. Рускіх салдат і мясцовых жыхароў пасля баёў пахавалі ў Новым Пагосце на месцы ўніяцкай царквы, паставілі тут драўляны абеліск. Летам 1951-га ў брацкай магіле перазахавалі астанкі яшчэ 34 воінаў. Цяпер гэтая магіла, дзе знайшлі вечны спачын 65 вядомых і 20 невядомых воінаў, – галоўны ў месцейку сімвал памяці пра вайну.
Са святам Перамогі павіншаваў сяльчан старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў. Падкрэсліў, што свабода і незалежнасць дасталіся дарагой цаной і наш святы абавязак – расказваць пра гэта наступным пакаленням. Школьнікам наказваў, ідучы міма брацкай магілы, спыніцца і памаўчаць пра тых, хто падарыў нам мір.
– Сыходзяць відавочцы і героі тых падзей, але ёсць тое, што непадуладна часу. Гэта наша памяць. Памяць як удзячнасць за свабоду, якую для нас заваявалі ў далёкім 1945-м годзе. Наша зямля шануе памяць, – звярталася да сваіх аднавяскоўцаў старшыня Новапагосцкага сельвыканкама Раіса Гернат. Падзякавала кіраўніцтву раёна, камунальнай службе, ААТ «Любінова», Міёрскаму ПМС, вучням Новапагосцкай школы, чыімі стараннямі брацкая магіла набыла новы выгляд.
Асвяціў помнік Вялікай Айчыннай вайны мясцовы святар Уладзімір Страха. Памяць загінулых ушанавалі хвілінай маўчання. Да брацкай магілы ўсклалі кветкі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.