Авторизация
 

Акушэрка радзільнага аддзялення Міёрскай ЦРБ Людміла БАДУН: "Натхняе крык малога"

 Акушэрка радзільнага аддзялення Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Людміла БАДУН прывыкла да жаночых капрызаў у любым іх выглядзе. На пацыентак не крыўдзіцца, умее іх разумець і знаходзіць агульную мову. Сваю справу, якой занята 25 гадоў, любіць і ні на што не прамяняе.

 

– Колькі дзетак сустрэлі ў гэтым свеце за час работы? Напэўна, насельніцтва горада, – заўважаю акушэрцы.
– Верагодней, вялікай вёскі, – усміхаецца яна.

 

Прыклад у прафесіі – вясковы фельчар

Быць медыкам Людміла Бадун марыла з дзяцінства. Кожны раз, калі ў школу прыходзіла фельчар Антаніна Арсеньеўна, глядзела на яе з захапленнем і павагай. Лічыла, што ўсе медыкі павінны быць такімі, як цёця Тоня. Пасля школы з роднай вёскі Зорка Шаркаўшчынскага раёна скіравалася ў Полацк паступаць у медвучылішча. Калі на трэцім курсе трэба было выбіраць паміж спецыялізацыямі фельчара або акушэркі, спынілася на другім варыянце. Па размеркаванні ў 1996 годзе прыехала ў Міёрскі раён. Крыху больш за месяц папрацавала ў Даўгінаўскай амбулаторыі медсястрой, затым стала акушэркай у радзільным аддзяленні раённай бальніцы.

 

З вопытам расце адказнасць

Акушэрка – той чалавек, у чые рукі адразу трапляе нованароджаны. Людміла Вікенцьеўна памятае першыя роды, якія прымала ў якасці маладога спецыяліста. На свет з’явілася дзяўчынка Сняжана. Праз 20 гадоў зноў сустрэлася з ёй у радзільнай зале.

 
– Каго нарадзіла Сняжана, не прыгадаю. З часам так склалася, што працэс родаў запамінаю да дробязей, а вось хлопчык ці дзяўчынка нарадзіліся, магу і не ўспомніць, – гаворыць яна. – Чым больш працую, тым больш адчуваю адказнасць за сваіх падапечных. Цяжарныя жанчыны маюць патрэбу не толькі ў пэўных працэдурах, але і ў маральнай падтрымцы. Першых родаў баяцца, бо не ведаюць, што гэта, наступных – таму што ведаюць.

 
Адказнасць, сабранасць, стрэсаўстойлівасць і пазітыўны настрой называе Людміла Бадун важнымі якасцямі ў сваёй прафесіі. Для цяжарных жанчын яна павінна быць увасабленнем упэўненасці і спакою.

 

Калі навука не спатрэбілася

Аднойчы акушэрка забылася ўсе веды і навыкі сваёй справы. Здарылася гэта, калі нараджала дачушку. Анастасіі ўжо 19 гадоў, сёлета заканчвае Наваполацкі музычны каледж. Пасля рабочай змены, калі яна прайшла спакойна, Людміла з лёгкасцю пераключаецца на хатнія справы. Разам з мужам Уладзімірам даглядаюць дом, падворак, агарод. У вольны час любіць вязаць абноўкі для дачкі. Стараецца часцей бываць дома ў Зорцы і дапамагаць з клопатамі маці.

 

Натхняе крык малога

Па словах Людмілы Бадун, самае радаснае і прыемнае ў прафесіі акушэркі – пачуць крык нованароджанага.
– Кожны раз у такія моманты зведваю асаблівыя пачуцці, якія складана апісаць словамі. Натхненне з’яўляецца, – гаворыць яна.
Пасля таго, як немаўлятка з’явілася на свет, абавязкі акушэркі не заканчваюцца. Вучыць матуль карміць маленькіх, за сабой даглядаць.
Даўно прывыкла Людміла Вікенцьеўна да таго, што ў цяжарных жанчын пастаянна змяняецца настрой, што яны могуць пакрыўдзіцца з-за любой дробязі. Ставіцца да гэтага з разуменнем. Разам з тым заўважае, што цяжарнасць павінна быць запланаванай, усвядомленай і прыносіць радасць будучай маці. Тады яна і працякае лягчэй, і роды праходзяць без ускладненняў.

 
Сваё прафесійнае свята Людміла Бадун не адзначае. Павіншуе на словах калег і прымаецца за знаёмыя клопаты пра будучых матуль. Гаворыць, што сапраўднае свята для яе, калі прыняла роды і ўзяла ў рукі дзіця.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта