Авторизация
 

Да дня друку ветэраны газеты расказалі, чым запомнілася работа ў рэдакцыі

 Напярэдадні юбілею раённай газеты нашы ветэраны расказалі, як раслі прафесійна, з якімі цяжкасцямі сутыкаліся, чым запомнілася работа ў рэдакцыі.

 

Раман ЛАГУН, вадзіцель:
– Мая рэдакцыйная гісторыя пачалася ў 1965-ым. Калі была свая друкарня, штотыдзень ездзіў у Віцебск за газетнай паперай. Вымаў з УАЗа заднія сядзенні і ставіў туды рулоны. Выбіраліся з калегамі ў розныя куточкі раёна. Галоўным маім абавязкам было своечасова даставіць карэспандэнтаў на месца сустрэчы. Пры мне ў рэдакцыі змянілася некалькі машын – УАЗаў, рамантаваць іх даводзілася самому. А вось калі ў 2010-м купілі «Саманд», праблем з ім не ўзнікала – толькі запраўляй. Канечне, не ўсюды ўжо маглі праехаць, буксавалі на полі, але заўсёды паспявалі. У новай сферы паспрабаваў сябе, калі прайшоў курсы электрыка: адказваў за электраабсталяванне. Жонка Зоя працавала лінатыпісткай, таму давялося асвоіць і гэтую машыну, каб наладжваць. А потым дайшла чарга да камп’ютараў. Цяпер працаваць нашмат складаней, таму жадаю калектыву аптымізму і натхнення.

 

Антаніна НЯПОМНЯШЧАЯ, галоўны бухгалтар:
– Рада, што найлепшыя гады жыцця працавала менавіта ў рэдакцыі. Уладкавалася ў 1991-м, тады яшчэ была свая друкарня. Вялікі, але вельмі дружны калектыў, які заўсёды падставіць плячо, вясёлы і лёгкі на пад’ём. Пашанцавала, што кіраўніком быў Леанід Матэленак. Гэта самы лепшы начальнік, з кім давялося працаваць. З ім лёгка вырашаліся вытворчыя і бытавыя пытанні. Праз год я стала галоўным бухгалтарам. Былі свае цяжкасці ў тым, што ўсе дакументы рабілі ўручную. У электронным выглядзе журналы і формы з’явіліся пасля 2010-га. І хоць аб’ём справаздач рос, станавілася лягчэй і затрачвалася менш часу. Цяпер штат рэдакцыі скараціўся, а выгляд і напаўненне выдання пастаянна паляпшаюцца. Напярэдадні юбілею жадаю ветэранам моцнага здароўя, а моладзі – дабрабыту і каб газета квітнела!
 
Эма ГРАКОВІЧ, старшы аператар электроннага набору і вёрсткі:
– Да 1998 года, калі прыйшла ў рэдакцыю, атрымала загартоўку ў фінансавым аддзеле райвыканкама і раённым камітэце КПБ. Дысцыпліна была жалезная. Тут іншая – творчая і натхнёная – атмасфера. Цяжка было пераключыцца з рускай мовы на беларускую. Аднойчы давялося набіраць тэкст некралога на нашага калегу, фотакарэспандэнта Пятра Баброўскага. Здаецца, ледзь не ў кожным слове зрабіла памылку. Думала, рэдактар – Леанід Матэленак – скажа, што я ім не падыходжу. Выправіў усе недахопы і ні слова не сказаў. А я хутка прызвычаілася да беларускіх тэкстаў. Працаваць было лёгка і камфортна. І цяпер з многімі трымаю сувязь. Нашу газету чытаю ад коркі да коркі, прыемна, што яна стала больш сучаснай і маладзёжнай. Калектыву жадаю ўсяго самага лепшага!

 

Зоя ЛАГУН, старшы аператар электроннага набору і вёрсткі:
– Я ўлілася ў калектыў у 1965 годзе. Узялі ў памочніцы наборшчыцы ручнога набору, пасля асвоіла лінатыпы. У 1977-м атрымала прафесійнае захворванне, таму часова давялося развітацца з рэдакцыяй. Але ўсё ж вярнулася сюды. З супрацоўнікамі былі не проста калегамі – сябрамі. Талакой удзельнічалі ў суботніках, ездзілі дапамагаць у падшэфны калгас: падымалі лён, убіралі буракі. І заўсёды з жартамі, песнямі. Раслі прафесійна: я стала карэктарам, пасля асвоіла камп’ютар і вярстала газету. Прыемна, што маёй вучаніцай была цяперашні рэдактар Наталія Станкевіч. Дзякуй супрацоўнікам рэдакцыі за цудоўную цікавую газету. Творчых вам перамог! Ветэранам – быць аптымістамі і не хварэць.

 

Ірына РЫНКЕВІЧ, прыбіральшчыца:
– Я ў рэдакцыі працавала з 1975 года. Запомнілася добразычлівая атмасфера і цёплыя адносіны ў калектыве. Мы часта ладзілі так званыя стыкоўкі – пасядзелкі за дамашняй выпечкай і чаем. Увогуле, дружна і весела працавалі. Усё сваё жыццё пражыла ў Міёрах, а чатыры гады таму пасля хваробы дзеці забралі нас з мужам да сябе ў Гродна. Прыгожы горад, камфортныя ўмовы пражывання, атулены ўвагай і клопатам, але такое адчуванне, што мяне адарвалі ад зямлі. У Міёрах усё было такое роднае, а тут не магу прывыкнуць. Часам тэлефаную былым калегам і ветэранам, і сённяшняму пакаленню жадаю толькі дабра і выдатнага самаадчування. Будзьце шчаслівыя!

 

Эвеліна БАГДАНОВІЧ, карэспандэнт:
– Прыйшла ў рэдакцыю ў 1985 годзе: былы рэдактар Аляксей Кавалевіч быў ініцыятарам майго працаўладкавання, ацаніўшы артыкулы і апавяданні, якія дасылала ў газету. Пасля шумнай вялікай школы было нязвыкла знаходзіцца ў маленькім калектыве. Пісала матэрыялы і радавалася: «Няма, напэўна, на свеце больш цікавай прафесіі, чым журналіст». Праз некаторы час давялося ўзяць на сябе абавязкі адказнага сакратара. Крыўдна, што тады я рэгістравала ўсе аб’явы, імі спісала тры класныя журналы, запаўняючы кожны радок, а на журналісцкую работу заставалася мала часу, пісала ўрыўкамі паміж іншых спраў. Таму здзівілася, калі заняла першае месца ў абласным конкурсе па асвятленні прававой тэматыкі. Мне хацелася пісаць, таму пайшла з пасады адказнага сакратара, каб сустракацца з людзьмі, асвятляць іх лёсы. Вельмі падабаецца цяперашні калектыў рэдакцыі. Дзякуй за жывыя, каларытныя і вострыя артыкулы. Іх чытаю ў інтэрнэце. Нават крыху зайздрошчу вам. Вы шчаслівыя, што трапілі сюды. Разумею, што сёння я адразу выбрала б журналісцкую дзейнасць. Жадаю ветэранам здароўя, каб быў жыццёвы запал і аптымізм, моладзі – творчых поспехаў, далей удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. З юбілеем!

 

Эліза БЛАЖЭВІЧ, карэспандэнт:

– Усё маё сямейнае і працоўнае жыццё прайшло навідавоку ў маіх калег. Уладкавалася ў рэдакцыю маладзенькай дзяўчынай, тут мяне выдалі замуж, спрыялі кар’ернаму росту, віншавалі з нараджэннем чацвярых дзяцей, праводзілі на пенсію. Удзячна, што працавала побач з прафесіяналамі сваёй справы і мела магчымасць вучыцца ў іх.

 
Стала карэспандэнтам без журналісцкага вопыту. Так, у школе добра пісала сачыненні, але ж ці дастаткова гэтага для ўдалага дэбюту?! На руках быў дыплом сельскагаспадарчага інстытута, прыйшліся дарэчы веды па агранаміі і заатэхніі. У старэйшых класах прайшла курсы падрыхтоўкі па ваджэнні трактара. Гэта спатрэбілася, калі стала загадчыкам сельгасаддзела.

 
Пачынала з падрыхтоўкі інфармацый, пасля асвойвала замалёўкі і нарысы. Аднак аказалася, што пісаць школьнае сачыненне і газетны артыкул – не адно і тое ж. Крыху крыўдзіла, што рэдактар Леанід Матэленак пакідаў толькі трэцюю частку напісанага мной тэксту, бязлітасна выкрэсліваючы ўсе мае лірычныя адступленні. Цяпер разумею, што гэта было толькі на карысць. Навучыў аналізаваць становішча ў сельскай гаспадарцы на аснове адных зводак. Дзякуй яму вялікі за цярпенне і настойлівасць.

 
Сваім настаўнікам у прафесіі лічу і Генрыха Недзведзя – тагачаснага загадчыка сельгасаддзела. Разам з ім ездзілі ў камандзіроўкі, ён вучыў знаходзіць тэмы і герояў для публікацый, падыход да кожнага чалавека, каб той раскрыўся і расказаў, што не бачна з першага погляду.
Душой нашага вясёлага калектыву прыгадваю літсупрацоўніка Анатоля Смыка. Ён мог пісаць на любую тэму. Да таго ж кожная рэдакцыйная і асабістая падзея ў яго вылівалася ў вершы. Хутка пісаў матэрыялы, якія лёгка чыталіся, намеснік рэдактара Аляксей Кавалевіч. Адказны сакратар Адам Бабскі аб’ядноўваў вакол сябе ўвесь калектыў. Чалавек нялёгкага лёсу, але запомніўся вясёлым і ўсмешлівым. Адказнасцю, стараннем і цярплівасцю вылучаліся наша машыністка Нэля Леўчанка, лінатыпісты. Сапраўдным майстрам быў вадзіцель Раман Лагун.

 
Прыемна, што газета заўсёды ідзе ў нагу з часам. І я таксама калісьці першай з жанчын-калег асвоіла фотаапарат, а пасля і праграму па апрацоўцы здымкаў. Новыя тэхналогіі паўсюль, і вы знаёміце з імі людзей. З задавальненнем чытаю артыкулы маладых калег, радуюся іх прафесійным поспехам. Жадаю ўсім згуртаванасці і цярплівасці на дабрабыт нашай роднай газеты!

Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта