Авторизация
 

Газета «Міёрскія навіны» - з зараджэння да нашых дзён

 Са сцвярджэннем, што газета жыве ўсяго адзін дзень, можна пагадзіцца, калі мець на ўвазе толькі навіны, якія яна прыносіць. Асобныя нумары, сабраныя ў падшыўку, – ужо дакумент, адлюстраванне часу, летапіс пэўнай мясцовасці і яе людзей. Усё гэта можна сказать і пра раённую газету «Міёрскія навіны», якой спаўняецца 80. Над яе выпускам працавалі пакаленні журналістаў і паліграфістаў, на старонках выдання адлюстраваны лёс пакаленняў жыхароў роднага краю.

 

Першыя радкі ў гісторыю нашай раёнкі ўпісаны вясной 1941 года, неўзабаве пасля ўтварэння Міёрскага раёна. Назва газеты адпавядала павевам часу: «Бальшавіцкая трыбуна». Захаваўся толькі адзін яе экземпляр – № 3 за 29 мая. З яго вядома пра фармат – адзін друкаваны аркуш, што адпавядае чатыром сучасным старонкам, тыраж – тысяча экземпляраў. Рэдактар Міхаіл Раманавіч Шляхценка, які раней працаваў загадчыкам парткабінета райкама партыі. Вось тады быў вызначаны магістральны напрамак дзейнасці рэдакцыйнага калектыву – адлюстраванне мясцовага жыцця. Па ім ён ідзе і сёння.

 
Жыццёвасць такой лініі пацвердзілі складаныя ўмовы ваеннага часу. На базе партызанскай брыгады імя Калініна, дзе была паходная друкарня, з сакавіка 1943 года па май 1944-га невялікім фарматам, нават лістоўкай, і не надта перыядычна накладам да тысячы экземпляраў выходзіла падпольная газета «Кліч партызана». Яе выпускам займаліся намеснік камандзіра брыгады па разведцы Пётр Клінаў і начальнік штаба атрада № 1 Мікалай Гайдар.

 
Толькі дзевяць месяцаў у нашых мясцінах дзейнічала 4-я Беларуская партызанская брыгада, аднак са студзеня па май 1944-га яе друкарня выпусціла дзясяткі нумароў падпольных газет «Кліч партызана», «Народный мститель», «За Родину». Хаця гісторыя гэтага злучэння дзякуючы Аляксею Батанаву і Барысу Макавейчуку распрацавана даволі грунтоўна (у 2010 годзе яна надрукавана асобнай кнігай), хто ў ёй займаўся выдавецкай дзейнасцю, застаецца невядомым. Між тым яна стала пачаткам Дзісненскай раённай газеты «Новае жыццё», якая потым выходзіла да 1959 года. Гэта тэма для дадатковага даследавання.

 
У пасляваенны час аднаўленнем выпуску нашай раёнкі пачаў займацца былы начальнік штаба атрада № 3 брыгады імя Калініна Мікалай Качан. Давёў справу да лагічнага канца Пётр Клінаў. За яго подпісам 5 снежня 1944 года – да Дня савецкай Канстытуцыі – выйшаў першы нумар «Бальшавіцкай трыбуны», пакуль больш падобны на лістоўку, але ўжо накладам у тысячу экземпляраў і двойчы на тыдні. Над ім таксама працавалі наборшчык і друкар М. І. Гайдар, рахункавод Н. Л. Карцяновіч, кур’ер-прыбіральшчыца У. П. Удра. Фарміраванне калектыву рэдакцыі пачалося з загаду № 1 ад 25 лістапада 1944 года.

 
Пасляваенная раёнка апавядала пра першыя крокі мірнай стваральнай працы, аднаўленне гаспадаркі, дзейнасць савецкіх і партыйных органаў, падтрымку фронту. У наступным адказнымі сакратарамі працавалі Н. І. Лясовіч, Т. Н. Лаўранцова, І. І. Кобыш, Б. Л. Чэрніна, І. Ф. Лакотка, О. Я. Чобат, Т. С. Ерафеева. У розны час рэдактарамі былі А. У. Гапееў, М. І. Латышаў, А. У. Агурцоў, А. В. Карэнька.

 
Праз дзесяць гадоў – з 25 снежня 1952 года да 25 красавіка 1962-га – раённая газета мяняе назву на «Зару камунізму». Дарэчы, у 50-х яна паспяхова вытрымлівала канкурэнцыю друкаваных выданняў палітаддзелаў МТС. 27 мая 1950 года пачалі друкаваць фарматам у палавіну раёнкі шматтыражкі «Па Ленінскаму шляху» Дзісненскай МТС у Язне, «Сцяг Леніна» 1-й Міёрскай МТС у Ідолта і «За камунізм» 2-й Міёрскай МТС у Клётавым Двары. Усе яны праіснавалі роўна чатыры гады.

 
Пачатак 60-х прынёс раёнцы новыя пераўтварэнні. 1 мая 1962 года яна атрымала новую назву – «Сцяг працы», якую і цяпер прыгадваюць некаторыя чытачы-ветэраны. Ранейшы падзагаловак «Орган Міёрскага РК КПБ і раённага Савета дэпутатаў» заменены на «Газета Віцебскага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў», а затым і на «Орган парткама Міёрскага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і райсавета». Больш таго, да 26 лютага 1963 года раёнка выдаецца ў Шаркаўшчыне.

 
Але ўсё калісь вяртаецца на «кругі свая». Нумар 24 у лютым 1963 года друкуецца ўжо ў Міёрах у тым будынку, які рэдакцыя займае і цяпер. Хаця змены адбываліся. На пэўны час раённая друкарня была падпарадкавана Наваполацкай узбуйненай друкарні, а потым вярнулася назад. У ёй працавалі наборшчыкі Ядвіга Ляўчонак, Лілія Жарнасек, Рамуальда Драздовіч, Яўгенія Вайсковіч, лінатыпісты Ала Піваваронак, Марыя Лясовіч, Ірына Іванова, Зоя Лагун, друкары Вікенцій Пазняк, Пётр Кукуць, Генадзь Цішаловіч і многія іншыя.
Загадам № 267 ад 7 верасня 1987 года Дзяржкамітэт па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю паставіў задачу па арганізацыі цэнтралізаванага друкавання мясцовых газет з выкарыстаннем электрасувязі, фотанабору і афсетнага друку. Наступным крокам стала камп’ютарызацыя і новая назва з 1 студзеня 2002 года – «Міёрскія навіны».

 
Нягледзячы на ўсе павевы часу, раённая газета заўсёды заставалася мясцовым выданнем, арыентаваным на інтарэсы насельніцтва Міёршчыны, адлюстраванне жыцця тутэйшых працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. У ёй кожны можа выказаць свае думкі і меркаванні. Яна – пра родны край і яго жыхароў, нашы з вамі дасягненні і недаробкі. Праводзіла масавыя кампаніі, арганізоўвала спаборніцтвы і конкурсы, агітавала, натхняла. Яе стваралі таленавітыя журналісты. У вялікую літаратуру выйшлі былыя супрацоўнікі Герман Кірылаў і Пятро Сушко, у апараце Савета Міністраў працавала Яўгенія Бондар, энцыклапедычным выдавецтве – Зінаіда Дзямешка. Партыйнымі работнікамі абласнога ўзроўню сталі Ігар Сухамера, Генадзь Кухарэнка і Іван Тышко.

 
Усё жыццё аддалі рэдакцыі намеснікі рэдактара Аляксей Кавалевіч і Людвіг Касаты, адказны сакратар Адам Бабскі, фотакарэспандэнт Пётр Баброўскі, вадзіцель Раман Лагун. І не толькі яны. У спісе ветэранаў Эвеліна Багдановіч, Эліза Блажэвіч, Антаніна Няпомняшчая, Зоя Лагун, Галіна Радзішэвіч, Эма Граковіч… Не спяшаецца на заслужаны адпачынак Казімір Блажэвіч.

 
Цяперашніх маладых работнікаў не называю, чытачы раёнкі іх ведаюць па публікацыях. З удзячнасцю прыгадваю многіх няштатных аўтараў. Сярод «старой гвардыі» гэта найперш Аляксандр Капітанаў, Браніслаў Мароз, Віталь Высоцкі, Генадзь Дзямешка, якіх ужо няма з намі. Дзесяцігоддзямі супрацоўнічаюць з газетай Фадзей Шымуковіч, Вітольд Ермалёнак, Ала Майсяёнак, Пётр Баговіч, Славамір, Мар’ян і Мікалай Даргелі. Першая публікацыя ў раённай газеце стала пачаткам шляху ў творчасць для Сяргея Панізьніка, Алены Масла, Наталлі Бучынскай, Ірыны Радзіхоўскай. З публікацый вершаў у «Ручайку» да выдання кніг паэзіі і прозы прайшлі шлях Леакадзія Булаўская, Ірына Ліпніцкая, Мікалай Багданаў. Тут пуцёўку ў журналістыку атрымалі Юнія Красько, Тамара Яцкевіч, Уладзімір Пучынскі, Жанна Катлярова, Алена Басікірская.

 
Прабачце за не названыя прозвішчы. Іх можна працягваць бясконца. Гады ідуць, а дзецішча гэтых людзей – газета – развіваецца і набывае новыя тэмы, фарбы і афармленне. Вельмі разлічваю, што кожны чытач знойдзе ў ёй нешта цікавае для сябе – сёння, заўтра, заўсёды.

 
Леанід МАТЭЛЕНАК

Фота з архіваў рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта