Авторизация
 

Раённай газеце "Міёрскія навіны" – 80!

 Газеце – 80. За гэты час убачылі свет 9 588 яе нумароў. Розныя па аб’ёме, афармленні, змесце. Але такія чаканыя ў дамах нашых падпісчыкаў. Раёнку любяць і хваляць, на яе спадзяюцца і разлічваюць. Да яе ставяцца, як да старога знаёмага, якому можна выказаць усё, і ён не затоіць крыўду. Артыкулы выразаюць і захоўваюць, каб засталася памяць дзецям і ўнукам, паказаць блізкім ці сябрам, якія жывуць далёка адсюль. Такая вялікая ўзаемная любоў у чытача з газетай.

 

У розныя часы свой радок у гісторыю нашага выдання ўпісалі адданыя сваёй справе людзі. Працягвае слаўныя традыцыі папярэднікаў сучасны калектыў рэдакцыі, які імкнецца, каб газета заставалася эрудзіраваным суразмоўцам, мудрым дарадцам, шчырым сябрам. Прафесія журналіста дыктуе асаблівы рытм жыцця, прымушае падпарадкоўвацца запытам часу, ісці ў нагу разам з падзеямі, а іншы раз і апярэджваць іх. Працуем, як у той песні: «Жывы ты, ці памёр, матэрыял здай у нумар». Аператыўнасці і дысцыпліны патрабуе і жорсткі графік друкарні.

 
Кампетэнтнасць, прафесіяналізм творчых работнікаў растуць. Паглыбляецца змест публікацый, пашыраецца іх разнастайнасць, укараняюцца новыя рубрыкі, развіваюцца аўтарскія праекты. Аднак поспех газеты залежыць не толькі ад якасці матэрыялаў. Чым старэй наша раёнка, тым маладзей павінна яна выглядаць. Афармленню газетных палос і дызайну – асаблівая ўвага. На працягу ўсяго перыяду існавання газеты з 12 старонак яна вырасла да 20. Іх разнастайваюць сюжэтныя фотаілюстрацыі майстра-прафесіянала. Асаблівы каларыт надае каляровы друк, на які некалькі гадоў таму перайшла газета. Усё гэта дзеля нашых падпісчыкаў, цяпер іх каля 4 тысяч. Спадзяёмся, запатрабаванасць газеты будзе расці і сярод прадстаўнікоў новага пакалення.

 
У віртуальнай прасторы раённымі навінамі цікавяцца больш. Сайт «Міёрскія навіны» карыстаецца папулярнасцю ў сучаснікаў. На яго платформу заходзяць не толькі жыхары Беларусі, Расіі, але і ЗША, Латвіі, Украіны, Польшчы, Германіі і іншых краін свету. Далятае і туды наша слова, што не можа не радаваць.

 
З падзякай узгадваем творчых работнікаў, якія стаялі ля вытокаў «Міёрскіх навін», укладвалі душу і сэрца ў яе развіццё і станаўленне, працавалі самааддана, не лічыліся з асабістым часам, падтрымлівалі адно аднаго ў любой сітуацыі. За 18 гадоў, якія звязваюць з рэдакцыяй аўтара гэтых радкоў, з цеплынёй прыгадваюцца ўсе, у каго пашчасціла вучыцца, з кім давялося працаваць над стварэннем газеты. У тым, што ў аператара электроннага набору і вёрсткі атрымалася адолець тут усе прыступкі росту ў журналістыцы, вялікая заслуга галоўнага рэдактара раённай газеты Леаніда Матэленка. Яго падтрымка спрыяла развіццю, надавала ўпэўненасці ў сабе. Поплеч працягваем найлепшыя традыцыі рэдакцыі, каб развівалася газета далей.

 
Нізкі паклон былым паліграфістам, хто ў няпростых умовах шчыраваў над выпускам газеты. Дзякуй за работу і разуменне цяперашнім партнёрам – наваполацкім друкарам, а таксама віцебскім, якія выпускаюць каляровыя календары «Міёрскіх навін». Даражым трывалай дружбай з работнікамі паштовай сувязі, што арганізуюць падпіску на раённае выданне і своечасова дастаўляюць газету па адрасах. Важная падтрымка заснавальніка ўстановы рэдакцыі – Міёрскага райвыканкама.

 
Ветэранаў, друкароў, былых супрацоўнікоў раённай газеты, якія ў розныя часы клапаціліся пра яе выпуск і забяспечвалі камфортныя ўмовы працы, няштатных карэспандэнтаў, сяброў газеты, пастаянных падпісчыкаў і чытачоў – з юбілеем любімай раёнкі! Усім моцнага здароўя, дабрабыту, добрага настрою і даўгалецця. Калегам – кожны дзень рабіць сваю справу, як упершыню: з вялікай адказнасцю, інтарэсам, энтузіязмам. А творчы курс газеты захаваецца нязменным: будзем адлюстроўваць сучасныя падзеі і даўно мінулых гадоў, дзяліцца навінамі і новымі фактамі, расказваць пра дасягненні, святочныя даты, пра людзей, якія праслаўляюць працай Міёршчыну, задавольваць іх патрэбы і адказваць на запыты. Газета пакрочыць далей, са сваімі надзённымі клопатамі і праблемамі, і што б ні было, застанецца на плаву. Няхай ва ўсіх усё атрымліваецца!

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта