Писатель Франц Сивко встретился с библиотекарями Миорщины
gazeta 3-05-2021, 13:21 1 653 Грамадства / Літаратурная старонка
Пра настаўніцкае мінулае і пісьменніцкае цяперашняе, пра родныя павяцкія мясціны і талстоўскую Ясную Паляну расказваў бібліятэкарам Міёршчыны наш зямляк, пісьменнік з Віцебска Франц СІЎКО. Сустрэча атрымалася змястоўнай, у некаторых момантах філасофскай, часам настальгічнай.
Кнігі Франца Сіўко даступныя чытачам Міёршчыны. За гэта пісьменнік удзячны бібліятэкарам. Асабліва цікавяцца яго творамі ў Павяцці, дзе многія ведаюць аўтара асабіста.
Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Вята, дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў Міжрэччы. Пра сваю малую радзіму расказвае з цеплынёй. Прыгадаў, як вудзілі рыбу на вадаспадзе, як вечаровымі прыцемкамі з берага Дзвіны з захапленнем назіралі за аўтобусамі, што ішлі па дарозе на супрацьлеглым баку. Святло фар здавалася дзятве чароўнымі агеньчыкамі.
Родныя мясціны знайшлі адлюстраванне ў творчасці. Да прыкладу, сядзібны дом у Міжрэччы, дзе жыла сям’я, стаў правобразам пакою ў прыпавесці «Удог», а рабінка на разбуранай сядзібе – правобразам дрэва ў гэтым жа творы.
– Незвычайнага хараства мясціны, – гаворыць Франц Іванавіч пра родныя ваколіцы. – З вёскай звязана шмат шчаслівых момантаў.
Пісьменніцкія набыткі Франца Сіўко складаюць 12 кніг. Першая – «З чым прыйдзеш…» – выйшла ў 1991 годзе. З навінак кніга аповесцяў «Раз – шкілет, і два – шкілет», выдадзеная ў 2019-м.
– У творчасці заўсёды шукаеш канфлікт. Паміж людзьмі, паміж рэчаіснасцю і асобным чалавекам, – заўважае пісьменнік. – Мне падабаюцца пазітыўныя людзі, сам я з пазітыўным поглядам на жыццё. Аднак у маіх творах гэта не супадае.
Розныя маральныя, этычныя, сацыяльныя аспекты нашага жыцця закранае Франц Сіўко ў аповесцях і апавяданнях. На прыкладах сваіх герояў паказвае, як знайсці ў сабе духоўную моц і захаваць у душы дабрыню пасля суровых іспытаў лёсу, як не паддацца не знешнюю прывабнасць чалавека і засцерагчы сябе ад чужой хітрасці і злосці, як заставацца людзьмі ў нечалавечых умовах. Напрыклад, у творы «Цымант» аўтар піша пра лёс сваякоў забойцы, пра той цяжар, які ім давялося несці ў сваіх душах.
Свой расповяд Франц Сіўко суправаджаў фотапрэзентацыямі. На здымках – землякі, роднае Міжрэчча, калегі і сябры, а яшчэ мястэчка Ясная Паляна, дзе жыў і працаваў Леў Талстой. Яго жыццяпісам захапіўся віцебскі пісьменнік. Чытаў дзённікі творцы, яго жонкі Сафіі Андрэеўны, іх дзяцей. Прывёў асобныя факты сямейнай гісторыі Талстых, разважаючы пра суадносіны шчасця, вядомасці і знешняга дабрабыту.
У аўдыторыі ўзнікалі пытанні да выступоўцы. Адно з іх наконт беларускай мовы, на якой піша свае творы. Са слоў пісьменніка, калісьці ён роднай мовай не карыстаўся. Выкладаў у школах рускую мову і літаратуру. Для творчасці абраў беларускую.
– Чалавек не павінен спяваць з чужога голасу і з чужой мовы, – упэўнены Франц Сіўко.
На развітанне прасіў бібліятэкараў надаваць больш увагі творам беларускіх аўтараў. Падарыў у фонд раённай бібліятэкі некалькі сваіх кніг.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота аўтара.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.