Врач-реаниматолог Макар АЖЕЛЬ из Миорской ЦРБ: «Во время работы осознал важность сна»
gazeta 3-05-2021, 11:58 2 133 Грамадства / Здароўе
Урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Макар АЖЭЛЬ самай вялікай каштоўнасцю лічыць здароўе і перакананы, што здаровы лад жыцця – не мода, а неабходнасць. «Буду здаровым я, значыць, змагу быць карысным для іншых, – заўважае доктар. – І так павінен думаць кожны чалавек».
Добры старт, каштоўны вопыт
Трэці год Макар Ажэль заняты ў аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі Міёрскай ЦРБ. Тэрмін размеркавання скончыўся. Анестэзіёлаг-рэаніматолаг разам з яшчэ двума маладымі калегамі засталіся працаваць далей.
– Прадоўжылі кантракты на тры гады. Што будзе пасля, не загадваю. Сваё першае месца працы лічу добрым прафесійным стартам і каштоўным вопытам. Даводзіцца мець справу з рознымі пацыентамі, гэта абумоўлівае шырокі спектр ведаў і навыкаў. Пастаянна чытаем медыцынскую літаратуру, вучымся граматна і эфектыўна дзейнічаць у складаных сітуацыях, – расказвае доктар. – Да нас трапляюць хворыя ў цяжкім стане, часам у коме. Сярод іх пацярпелыя ў ДТЗ і на пажарах, з вострым інфарктам міякарда ці інсультам. Паступаюць людзі, якія злоўжывалі алкаголем, а пасля яго адмены зведалі псіхатычныя расстройствы: трызненне, галюцынацыі.
Задача медыкаў – стабілізаваць стан пацыента, спыніць уплыў фактараў, што пагражаюць яго жыццю. Хворыя ўвесь час пад назіраннем.
Некалькі секунд шока
Работа ў аддзяленні рэанімацыі першапачаткова ў планы Макара не ўваходзіла. Вызначыўшыся ў 9-м класе з будучай прафесіяй, пасля школы ён паступіў на факультэт педыятрыі Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта. На шостым курсе праходзіў субардынатуру па дзіцячай анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Падчас папярэдняга размеркавання прапанавалі пасаду анестэзіёлага-рэаніматолага ў Віцебскім абласным раддоме. Аднак канчатковае рашэнне камісіі – Міёрская ЦРБ, дзе мелі патрэбу ва ўрачах анестэзіёлагах-рэаніматолагах.
– Пасля некалькіх секунд шока ўспрыняў гэта нармальна, – прыгадвае субяседнік. – У Міёрах толькі ўвялі ў эксплуатацыю новую бальніцу. Сучаснае абсталяванне, камфортныя ўмовы працы. Да таго ж гэта мой родны горад.
Без мітусні і трывожнасці
Па словах маладога ўрача, на першым часе нязвыкла было прымаць самастойныя рашэнні падчас начных ці дзяжурстваў у выхадныя, калі побач не аказвалася старэйшых калег. Шукаў падказкі ў медыцынскай літаратуры, якая заўсёды пад рукой. Разам з багажом тэорыі і практыкі расла ўпэўненасць у сабе.
– Цяпер смела ідзём кансультаваць і лячыць, – гаворыць ён. – Верым у свае веды і навыкі, у прэпараты, якія прызначаем, у сваіх медработнікаў. Ад загадчыка Георгія Раманенкі навучыліся спакою і разважлівасці. У рэанімацыі не месца трывожнасці і мітусні. Важна захоўваць баланс паміж халоднасцю розуму і цеплынёй душы. Інакш хутка надыдзе эмацыянальнае выгаранне, што не на карысць ні ўрачу, ні пацыентам.
Настрой у хворых, што трапілі ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі, мала калі бывае пазітыўным. Іх адольваюць трывогі і дэпрэсіўныя думкі. Таму ў рабоце ўрачоў важны псіхалагічны складнік. Ад настрою пацыента нярэдка залежыць эфектыўнасць лячэння.
– На жаль, выратаваць удаецца не кожнага. Бывае, родныя пацыента просяць штосьці зрабіць і не разумеюць, што не ўсё залежыць ад урачоў, – расказвае Макар. – Сітуацыі, калі хворы адыходзіць, змрочныя, але я навучыўся ўспрымаць гэта спакойна. Змены працягласцю ў суткі праходзяць па-рознаму. Бываюць ціхія: без паступленняў і з пацыентамі са станоўчай дынамікай. Здараецца, у аддзяленні некалькі цяжкіх хворых і ў гэты час прывозяць новых.
Рэжым вольнага дня
У любой сферы дзейнасці эфектыўная праца ў многім залежыць ад добрага адпачынку. Абавязковае правіла для Макара Ажэля – якасны сон у прыватнасці і рэжым дня ў цэлым.
– За час работы ўсвядоміў важнасць сну і пачаў яго цаніць. Нават калі пасля начнога дзяжурства адчуваю прыліў бадзёрасці, усё роўна трэба паспаць, інакш збіваецца рэжым дня, наладзіць які не так проста, – заўважае доктар. – Вольны час прысвячаю захапленням. Займаюся спортам. Дома ёсць гіры, гантэлі, штанга. Дарэчы, можна патрэніравацца і на працы: у кабінеце ЛФК маюцца турнікі і брусы. Люблю музыку, навучыўся граць на бас-гітары. Чытаю мастацкую літаратуру, у ліку любімых аўтараў Франц Кафка, Жан Поль Сартар, Альбер Камю. Падабаюцца кнігі, якія прымушаюць задумвацца і дапамагаюць знаходзіць адказы на пытанні.
Міярчане ведаюць Макара Ажэля не толькі як уважлівага і дасведчанага ўрача. Гарманічна глядзіцца ён на сцэне раённага Дома культуры як вядучы і выканаўца. Артыстычныя таленты маладога чалавека заўважыла рэжысёр Вольга Борская, прапанавала паўдзельнічаць у святочным канцэрце. Спроба аказалася ўдалай.
– Для мяне гэта цікавы вопыт. Падабаецца дзяліцца сваімі эмоцыямі з гледачамі, – гаворыць Макар. – Кожны раз адчуваю хваляванне. Гэта асаблівыя перажыванні.На сцэне можна даць волю пачуццям, а на рабочым месцы ў прыярытэце спакой і разважлівасць.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.