Авторизация
 

Былая супрацоўніца Галіна РАДЗІШЭВІЧ расказала, якой была рэдакцыя ў 80-х

 Напярэдадні 80-годдзя раённай газеты былая супрацоўніца Галіна Аляксандраўна РАДЗІШЭВІЧ расказала, якой памятае рэдакцыю і калектыў.

 

– Я прыйшла ў рэдакцыю па накіраванні ў 1974 годзе пасля заканчэння Мінскага вучылішча паліграфістаў. Родам з Шаркаўшчынскага раёна, таму мясцовасць добра знаёмая. Да таго ж бацькі прасілі, каб была бліжэй да іх.

 
Тыпаграфія месцілася пад адным дахам з рэдакцыяй раённай газеты «Сцяг працы». Пад кіраўніцтвам Артура Вітольдавіча Карэнькі шчыравалі літаратурныя супрацоўнікі, наборам загадвала брыгадзір Ядвіга Вікенцьеўна Ляўчонак. Мяне ўзялі на работу па спецыяльнасці – лінатыпісткай. Разам з калегамі па літарцы набіралі тэкст у газету. Кожны радок чыталі і толькі пасля адлівалі. Канешне, здараліся памылкі: то літару прапусціш, а то і дзве праскочыць. Пасля вычытвання паласы выпраўлялі недахопы. Радок з памылкай даводзілася набіраць наноў. Працавалі старанна і ўважліва.

 
Мяне цёпла і прыязна прынялі ў калектыве. Вучылі, як працаваць, падказвалі, калі нешта рабіла не так. І ўсё па-добраму, па-бацькоўску. Рэдактар адразу знайшоў мне здымнае жыллё. Ён вельмі клапаціўся пра сваіх работнікаў. Аднак нядоўга давялося папрацаваць у тыпаграфіі. У 1975-м выйшла замуж, а ў наступным годзе ўжо даглядала сына Юру. Ён часта хварэў, таму давялося звольніцца і сядзець з ім дома.

 
У 1979-м выйшла на працу, але ўжо карэктарам. Рэдактарам быў Леанід Матэленак. З новымі абавязкамі спраўляцца было цяжка, аднак калектыў падтрымліваў. Мы былі дружнымі, выручалі адзін аднаго. З Леанідам Аляксандравічам лёгка працавалася: быў строгі да сябе і іншых, але справядлівы. Не заўсёды паспявалі надрукаваць газету ў рабочы час. То святло адключаць, то машына выйдзе са строю. Тады працавалі да позняга. У такія дні праяўлялі асаблівую згуртаванасць і добрасумленнасць. Выручалі адно аднаго: мяне ў карэктарскай справе маглі падмяніць літаратурныя работнікі Анатоль Смык, Людвіг Касаты, Эліза Блажэвіч. Мы былі калегамі і сябрамі, разам адзначалі святы, ладзілі пасядзелкі.

 
Праз адзінаццаць гадоў у сувязі з прафесійнай неабходнасцю давялося зноў працаваць па прафесіі, наша тыпаграфія ўжо стала ўчасткам Наваполацкай узбуйненай. Тады толькі пачыналі пераходзіць з лінатыпічнага набору на камп’ютарны. У 2001-м тыпаграфію ліквідавалі, мяне перавялі на пасаду бухгалтара-касіра. Падтрымлівала і дапамагала галоўны бухгалтар Антаніна Няпомняшчая. Да 2009-га я працавала з рэкламадаўцамі, а потым пайшла на заслужаны адпачынак. Цяпер даглядаю кветкі, саджу агарод, разам з мужам Віктарам чакаем у госці дзяцей і ўнукаў.

 
Аналізуючы свае 34 працоўныя гады, раблю вынік: у другім калектыве сябе нават не ўяўляла. Інтэлігентныя і прыемныя людзі, мы нават зрадніліся. Мне падабалася атмасфера творчасці, якая панавала ў рэдакцыі. І сёння з задавальненнем чытаю нашу раёнку.
Напярэдадні 80-годдзя газеты жадаю ўсім ветэранам здароўя, дабрабыту, каб заўсёды купаліся ва ўвазе дзяцей і ўнукаў. Цяперашнім супрацоўнікам – даўгалецця, творчага натхнення, міру ў калектыве і ва ўсім свеце.

 

Алена ВАРОНІНА.

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Именины 5 мая 2021
Виталий, Всеволод, Гавриил, Дмитрий, Климент, Платон, Федор

Госці краін

free counters
Партнеры сайта