В Дисне появился мурал, посвященный художнику Язепу Дроздовичу

 У Дзісне па ініцыятыве грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» на сцяне двухпавярховага будынка па вуліцы Юбілейнай з’явіўся мурал, прысвечаны Язэпу Драздовічу. З партрэтам легендарнага беларускага жывапісца – выява яго графічнай працы «Засценак Пунькі» (1922 г.).

 

Засценак Пунькі, што на Глыбоччыне, вядомы як дом Язэпа Драздовіча, дзе ён нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года. Над ціхімі дахамі вясковых будынкаў – сіняя-сіняя ноч. Верхняя частка кампазіцыі сімвалічна адлюстроўвае «нябесныя бегі» – адзін з сюжэтаў драздовіцкага космасу.

 
Аўтар манументальна-дэкаратыўнага роспісу – малады беларускі мастак Яўген Сасюра, работы якога ў стылі рэалізму і мадэрнізму ўпрыгожваюць фасады будынкаў у 20-ці гарадах нашай рэспублікі, сярод якіх Мінск, Магілёў, Гродна, Пінск, Гомель.

 
З’яўленне кампазіцыі, прысвечанай Язэпу Драздовічу, менавіта ў Дзісне невыпадковае. З нашым горадам знакамітага мастака звязвае некалькі выразных штрыхоў біяграфіі: у 1906 годзе васямнаццацігадовым юнаком ён заканчвае тут школу (не гімназію); у сталым узросце падарожнічае па гарадах і вёсках нашага краю, пакідаючы нам у спадчыну цыкл графічных работ пад агульнай назвай «Дзісеншчына».
І сёння мы абавязаны знакамітаму земляку тым, што маем магчымасць убачыць родныя краявіды ў абліччы мінулага, супаставіць іх з цяперашнім часам. Творчы подзвіг жывапісца – антыпод сучаснаму прагматызму жыцця, прыклад самаадданай любові да Радзімы.
«Задыхаўся і слеп, бо тварыў апантана. Я – Драздовіч Язэп, што маё захавана?», – так пісаў, прымерваючы да сябе посах мастака-падарожніка глыбоцкі паэт А. Жыгуноў.

 
А захавана намі мастацкая спадчына глыбокага, удумлівага, чулага, заклапочанага лёсам радзімы чалавека. Захавана адчуванне еднасці з ёй, непарыўнай сувязі з яе мінулым, гордасці за яе творцаў. Легендарнага мастака, славутага нашага земляка Язэпа Драздовіча ўшаноўваюць у Мінску, Заслаўі, Германавічах. Цяпер – і ў Дзісне.

 

Ала МАЙСЯЁНАК.

Фота прадаставіла Ала Майсяёнак.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.