Авторизация
 

Людвіг КАСАТЫ - ветэран раённай газеты. Інтэрв'ю да 80-годдзя "Міёрскіх навін"

 Інтэлігентны, разважлівы, спагадлівы, прыемны ў зносінах. Такім ведаюць журналіста Людвіга КАСАТАГА калегі і чытачы. Глыбіню сваіх думак ён умела перадаваў даступнымі словамі. Лёгкія для ўспрымання публікацыі, у цэнтры якіх, як правіла, быў чалавек, знаходзілі водгук аўдыторыі. У рэдакцыі раённай газеты Людвіг Канстанцінавіч адпрацаваў 30 гадоў.

 

Зносіны з людзьмі – каштоўны скарб

– У раёне не засталося ніводнай вёсачкі, дзе б я не быў, – гаворыць Людвіг Касаты.
Герояў сваіх публікацый журналіст знаходзіў у розных куточках Міёршчыны. На палетках і фермах, у школах і бібліятэках, на прадпрыемствах і ў медустановах. Асвятляць тую ці іншую тэму імкнуўся праз асобу чалавека.

 
– Сустрэчы з людзьмі і зносіны з імі – гэта каштоўны вопыт, які даражэй за ўсялякія скарбы, – заўважае Людвіг Канстанцінавіч. – Кожны субяседнік расказваў штосьці цікавае са свайго жыцця, дзяліўся слушнымі парадамі.

 
Найбольш цікавіла журналіста тэма Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў яго бацька. Шмат расказвала пра жыццё ў акупацыі маці. Ваеннае мінулае таксама раскрываў праз чалавека. Гутарыў з франтавікамі, партызанамі. Сустрэчы адлюстроўваліся радкамі на паперы, заставаліся ў памяці.

 
– Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Маісеевіч Слюсар, што калісьці ўзначальваў ветэранскую пярвічку мясакамбіната, запомніўся сваёй цікавай біяграфіяй. Родам ён з Украіны, служыў у кавалерыі на Львоўшчыне. Трапіў з раненнем у шпіталь, дзе пазнаёміўся з беларусам. Той столькі расказаў пра нашу краіну, што Мікалай Маісеевіч вельмі захацеў сюды прыехаць, – прыгадвае журналіст герояў сваіх публікацый. – У франтавіка Генадзя Рыгоравіча Вышынскага з Дзісны дома ў чырвоным куце стаяла грамата патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Пімена, атрыманая за патрыятычнае служэнне Радзіме і царкве. Такой узнагароды я больш ні ў каго не бачыў.

 
Расповяды пра многіх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўвайшлі ў кнігу нарысаў «На хвалях часу», якую Людвіг Касаты выдаў у 1998 годзе. Сустракаўся журналіст раёнкі з людзьмі, якія арганізоўвалі на Міёршчыне пасляваенныя дзіцячыя дамы. Такія ўстановы былі ў тым ліку ў Грыгаравічах, Павянужцы, Гаранях, Дзедзіне. Пісаў пра ахвяр рэпрэсій пачатку 50-х гадоў.

 
Адным з першых пачаў асвятляць тэму рэлігіі, якая да перыяду перабудовы была для СМІ пад забаронай. Ды і пасля пэўны час да публікацый рэлігійнага зместу ставіліся з насцярогай. Расказвае, што інтэрв’ю з ксяндзом Уладасам Пятрайцісам 1986-га года, якое паслаў у газету «Звязда», апублікавалі толькі праз год.

 

Цукеркі за першы ганарар

Быць журналістам Людвіг Касаты не марыў, але, як заўважае, імкненне пісаць праяўлялася ў яго з дзяцінства. Яшчэ вучнем пачатковых класаў адправіў нататку пра лес у сталічную радыёпраграму. Яе агучылі ў эфіры.

 
– Сам не чуў. Суседка слухала радыё і пасля мне расказала, – успамінае Людвіг Канстанцінавіч. – Любіў пісаць сачыненні. Вучыўся я ў Лужкоўскай сярэдняй школе, куды ад роднай вёсачкі Новае Сяло, што на Язненшчыне, 12 кіламетраў. Дасылаў нататкі на тэму школьнага жыцця ў шаркаўшчынскую раённую газету. Першы ганарар – 80 капеек – мне ўручылі прама на ўроку. Прыемна было. Па дарозе дадому купіў на гэты грошы цукерак-ледзяшоў.

 
Пасля школы сельскі хлопец падаўся на філфак БДУ, але не дабраў аднаго бала. Год загадваў сельскім клубам у вёсцы Гатаўшчына на Глыбоччыне. Затым паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута і ўладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Паташнянскую васьмігодку, дзе адпрацаваў год. Пасля выкладаў у Бялянах, Цвеціне. За настаўніцкімі клопатамі знаходзіў час рыхтаваць публікацыі ў раённую газету «Сцяг працы».

 
– Аднойчы мне патэлефанаваў галоўны рэдактар Артур Вітольдавіч Карэнька і запрасіў на работу. Дамовіліся сустрэцца ў Цвеціне, дзе мелася адбыцца мерапрыемства, – распавядае субяседнік. – Я прыйшоў у клуб і ўбачыў у фае чалавека, абвешанага фотаапаратамі. Гэта быў фотакарэспандэнт Пётр Аляксандравіч Баброўскі. Затым падышоў рэдактар. Пазнаёміліся, пагутарылі. Пачатак навучальнага года ў 1975-м для Людвіга Касатага стаў новай старонкай у жыцці. 1 верасня ён сустрэў карэспандэнтам раённай газеты.

 

Рытм напружаны, а справа цікавая

– Цяжкасці, вядома, былі, – гаворыць Людвіг Канстанцінавіч. – Новая сфера дзейнасці патрабавала спецыяльных ведаў і навыкаў. Знаёміўся з жанрамі перыядычнага друку, асаблівасцямі журналісцкіх тэкстаў. Здаралася, падчас апрацоўкі матэрыялаў з афіцыйных пасяджэнняў мой стыль падачы публікацыі не супадаў з пунктам погляду выступоўцаў. Часам думаў вярнуцца ў школу.

 
Настаўнікамі ў журналісцкай справе сталі старэйшыя калегі – намеснік галоўнага рэдактара Аляксей Пятровіч Кавалевіч і адказны сакратар Адам Феліксавіч Бабскі. Надоўга запомніўся семінар для маладых журналістаў у 1979 годзе ў Мінску, дзе выкладчыкі факультэта журналістыкі БДУ рабілі дэталёвы аналіз публікацый. Іх слушныя заўвагі і парады спатрэбіліся на практыцы.

 
Журналіст-навічок набіваў руку, і разам з вопытам раслі прыступкі службовай лесвіцы. Карэспандэнт, старшы карэспандэнт, загадчык аддзела пісьмаў, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара. Апошнюю пасаду Людвіг Касаты займаў больш за дваццаць гадоў.

 
– Кожны перыяд па-свойму цікавы. Пісалі шмат, стараліся закранаць розныя тэмы, – гаворыць ён. – Раней газета выходзіла тры разы на тыдзень тыражом больш за восем тысяч экземпляраў. Выдавалі яе ў сваёй друкарні, затым у Наваполацку. Рытм работы напружаны. Як правіла, два разы на тыдзень мы выязджалі ў раён. Матэрыялы рыхтавалі, што называецца, «з колаў». Пакуль едзеш, накідваеш тэкст у думках, у рэдакцыі пераносіш на паперу, пасля здаеш машыністцы ў набор, затым вычытваеш і толькі тады кладзеш на стол рэдактару.

 

Прыгадвае час, калі пры Язненскім сельскім і Дзісненскім гарадскім выканкамах працавалі грамадскія прыёмныя рэдакцыі. Разам са старшынямі карэспандэнты вялі прыём грамадзян, асвятлялі на старонках газеты пытанні, з якімі звярталіся мясцовыя жыхары. Супрацоўнікі рэдакцыі трымалі пастаянную сувязь з пазаштатнымі аўтарамі. У іх ліку Фадзей Шымуковіч, Уладзімір Ляўковіч. Добрымі памочнікамі былі настаўнікі і работнікі культуры. Дапамагала з інфармацыяй эканаміст калгаса «Ленінскі шлях» Марыя Сцяпанава, якая пасля ўзначаліла гаспадарку ў Цвеціне.

 
Нярэдка журналісту даводзілася затрымлівацца на працы, каб тэрмінова падрыхтаваць тэкст, штосьці пісаў дома. Калі на рабочым стале з’явіўся камп’ютар, Людвіг Канстанцінавіч практычна ім не карыстаўся. Застаўся верны свайму стылю пісаць спачатку ў думках, а затым на паперы.

 

З землякамі на сувязі

– Дзе цяпер Людвіг Касаты? Як у яго справы? – часта пытаюцца чытачы ў карэспандэнтаў «Міёрскіх навін».
Пасля выхаду на пенсію наш калега пераехаў У Рэчыцу. Жыве там з сям’ёй. Улетку бавіць час на дачы і катаецца на веласіпедзе. Асалода восені – ціхае паляванне. Халоднай парой больш часу на чытанне. Дома на паліцах кнігі рознага зместу: мастацкая, дакументальная, літаратура пра здаровы лад жыцця. Журналісцкай дзейнасцю не займаецца, але як нераўнадушны чалавек з актыўнай пазіцыяй шмат разважае над праблемамі сучаснага грамадства. Хвалюе здароўе моладзі; брыдкаслоўе, што стала натуральнай з’явай нават для падлеткаў; меркантыльнасць, якую ўсё часцей назірае ў людзей; наша мінулае, якое імкнуцца падаць у іншым святле.

 
На Міёршчыну Людвіг Канстанцінавіч прыязджае нячаста, але на сувязі з землякамі пастаянна. Таму ў курсе падзей, якія тут адбываюцца. Памятае пра чарговы юбілей «Міёрскіх навін»:
– Віншую раённую газету з блізкім 80-годдзем! Жадаю рэдакцыі росквіту і дабра, калектыву – згуртаванасці і аптымізму, журналістам – цікавых творчых пошукаў і ўдзячных чытачоў!

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта