Пандэмія падзяліла свет, межы многіх краін аказаліся зачыненымі для турыстаў. Сёння застаецца толькі ўзгадваць пра мінулыя падарожжы, марыць і чакаць, калі сітуацыя з вірусам улагодзіцца.
У Ізраіль я трапіў некалькі гадоў таму. Адбылося гэта выпадкова. На адпачынку ў Егіпце звярнуў увагу на прапанову паўдзельнічаць у экскурсіі ў Іерусалім. Кошты вельмі прываблівалі: у пяць – шэсць разоў ніжэй, чым пры заказе тура з Мінска. Дзіўнага тут нічога няма, бо блізкасць межаў і аднадзённасць паездкі дазвалялі значна сэканоміць.
У прызначаны час мы з жонкай апынуліся ў складзе групы турыстаў. Аўтобус рушыў з Шарм-эль-Шэйха ў бок ізраільскай мяжы. Дарога да прыгранічнага горада Таба заняла ля трох гадзін. Мяжу давялося пераходзіць пешшу, бо Ізраіль у мэтах бяспекі не дазваляе заезд транспарта з боку Егіпта. Уражанне ад праходжання пагранічнага і мытнага кантролю асаблівае: жывая чарга ў 200 чалавек і ўзброеныя вайскоўцы з аўчаркамі. Неўзабаве мы апынуліся ў камфартабельным аўтобусе ўжо з таго боку, з ізраільскім вадзіцелем, які нядрэнна размаўляў па-руску. Едзем яшчэ тры – чатыры гадзіны і ўжо ў Іерусаліме, дзе нас сустракае мясцовы гід.
Іерусалім умоўна падзелены на Заходні і Усходні. Ва Усходняй частцы пражывае арабскае насельніцтва, якое абазначае сябе Палесцінскай аўтаноміяй. Ізраіль, у сваю чаргу, лічыць сябе паўнавартасным гаспадаром горада, але ўсе ж рэальна не ў стане кантраляваць арабскія кварталы. Віфліем, першая святыня горада, знаходзілася ў Палесціне, таму зноў давялося прайсціся, каб не стаяць на залішнім кантролі, хаця мяжы ў звыклым разуменні там няма.
Храм і месца, дзе згодна Бібліі нарадзіўся Хрыстос, пакінулі незвычайныя ўражанні: усё дыхала сівой даўніной, гісторыяй. Акрамя іканастаса, амвона і іншых традыцыйных для царквы рэчаў, справа аддзелены спуск у падземнае сутарэнне. Менавіта там яслі, побач – шматлікія выявы Божай маці Марыі з немаўляці на руках. Арыгінальнае асвятленне ад прыцемненых электрасвечак і зіхаценных блікаў ад залатога аздаблення пакоя выклікала захапленне.
Самае знакавае месца, якое аб’ядноўвае ўсе тры рэлігіі: хрысціянскую, іўдзейскую і арабскую, – Храмавая гара. Тут некалькі культавых пабудоў і знакамітая Сцяна плачу. Па легендзе, трэба напісаць запіску з самым запаветным жаданнем, праціснуць яе ў шчыліну між бетоннымі шурпатымі блокамі, пастаяць і памаліцца, прыклаўшы руку. Кажуць, што жаданне абавязкова збудзецца. Але, гле-дзячы на сатлелыя камячкі паперы ў сцяне, засумняваўся ў гэтым, ды і гід параіў лепш заказаць упамінанне пра памерлых у адным з іерусалімскіх храмаў. Я так і зрабіў, бо якраз надыходзіла гадавіна з дня смерці майго бацькі.
Запомнілася таксама, як па галоўнай плошчы Храмавай гары маршыравалі ізраільскія дзяўчаты з аўтаматамі. Яны ахоўваюць святыню. Дружалюбны яўрэй сфатаграфаваў нас з жонкай на плошчы, і мы паехалі далей. Наступным прыпынкам стала самая знакамітая святыня горада – Храм Труны Гасподняй. Менавіта тут была вядомая Галгофа і месца, дзе ляжаў Ісус пасля смерці. Кожны год у Вялікую суботу на Вялікдзень тут сыходзіць Жыватворны агонь. Усё гэта можна ўбачыць па тэлевізары, але наяве больш моцныя адчуванні. У Храме штодзень збіраюцца турысты з усяго свету. Пры азнаямленні з культурнымі каштоўнасцямі трэба было яшчэ не згубіць у натоўпе гіда і не адстаць ад групы, бо таксі да Егіпецкай граніцы каштавала каля 600 долараў.
Як і ў іншых храмах Іерусаліма, Труна Гасподня вызначалася яркасцю, адметнасцю. Шкада толькі, што гід даваў не так шмат інфармацыі, а лінгафоннага дадатку, які, да прыкладу, прапануюць у музеях Еўропы, там не было.
Апошнім штрыхом экскурсіі стала наведванне магазіна сувеніраў. Нам, як людзям, якія здейснілі паломніцтва па святых месцах, прапанавалі спецыяльныя сярэбраныя крыжыкі, аздобленыя кропелькамі з плашчаніцы Хрыста. Былі тут разнастайныя ланцужкі, бранзалеты, магніцікі з выявамі горада і іншае. Купіў і некалькі іерусалімскіх свечак. Яны не падобныя да звычайных.Трыццаць тры (па ліку гадоў Хрыстовых) танюсенькія свечачкі, злепленыя ў адзін пук. Гарыць, як невялічкі факел.
Затым нас павезлі ў кафэ, дзе ўжо чакаў багата накрыты стол, кошт абеду ўваходзіў у цану тура. Спыталі, хто з нас замаўляў яшчэ і аднадзённы тур у Іарданію. Іх чакалі ў гатэлі і назаўтра – новае падарожжа. Ну а мы рушылі ў зваротны шлях, падчас якога пакупаліся ў знакамітым Мёртвым моры. Лічыцца, што ўтапіцца ў ім немагчыма, бо высокая канцэнтрацыя солі выштурхвае цела на паверхню. На практыцы аказалася, што плаваць тут складана, бо цела ківаецца ў вадзе з боку на бок, як надзіманае. Мясцовыя гіды парэкамендавалі пэўныя практыкаванні і абавязковы душ пасля купання.
Так скончылася наша падарожжа ў адзін з самых старажытных, багатых гісторыяй, гарадоў-легенд.
Міхась РОЛІК, жыхар райцэнтра.
Фотаматэрыял з асабістага архіва Міхася РОЛІКА